Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ, Савет бясьпекі ці Натальля Качанава? Хто расказаў Лукашэнку пра парушэньні ў праваахоўных органах


Каляж. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык, старэйшы сын Лукашэнкі Віктар і кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
Каляж. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык, старэйшы сын Лукашэнкі Віктар і кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.

Даклад, зь якім кіраўнік краіны выступіў 20 жніўня, стаў насамрэч гістарычным і можа каштаваць пасады кіраўнікам адразу некалькіх праваахоўных структур.

У аўторак 20 чэрвеня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выступіў з гучным дакладам пра дзейнасьць праваахоўных органаў Беларусі. Цытата пра «некаторых у пагонах, якія прыбурэлі і абарзелі настолькі, што не павінны іх насіць», — далёка ня самы яскравы момант зь ягонага выступу. Лукашэнка расказаў пра супрацьзаконныя мэтады вядзеньня сьледзтва, фальсыфікацыі доказаў віны, злоўжываньне ўладай, арышты невінаватых, падкідваньне наркотыкаў і іншыя злачынствы супрацоўнікаў міліцыі і Сьледчага камітэту. Пры гэтым абвінавачваньні былі агульныя, без канкрэтных прыкладаў. А большая частка нарады прайшла за зачыненымі дзьвярыма.

Пакуль кіраўніцтва МУС і СК ачуньвае, Свабода спрабуе разабрацца, хто мог расказаць кіраўніку краіны пра сытуацыю ўнутры праваахоўных органаў.

КДБ?

Валеры Вакульчык
Валеры Вакульчык

Нарада 20 жніўня працягвалася каля 3,5 гадзіны. Вядома, што адносна публічным (прысутнічалі толькі некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ) быў толькі яе пачатак, большая частка «разбору палётаў» праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Пра яе ўвечары 20 жніўня агенцтву БелТА крыху расказала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

Па яе словах, усе ўдзельнікі нарады атрымалі магчымасьць выказацца і данесьці сваю пазыцыю. Гэта зрабілі кіраўнік Адміністрацыі Натальля Качанава, сакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась, старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, кіраўнікі аблвыканкамаў.

На відэазапісах, апублікаваных агенцтвам БелТА і афіцыйным сайтам кіраўніка краіны, відаць, што ў нарадзе ўдзельнічалі каля 50 чалавек. У тым ліку старшыня ўраду Сяргей Румас, генэральны пракурор Аляксандар Канюк і старшыня КДБ Валер Вакульчык.

Невядома, ці выступалі яны з дакладамі. Аднак тэарэтычна падрыхтаваць для Лукашэнкі зьвесткі пра дапушчаныя праваахоўнікамі парушэньні маглі ў КДБ. Гэта адна з функцый Камітэту дзяржбясьпекі. Тая ж Генпракуратура, напрыклад, за месяц да нарады апратэставала апраўдальны прысуд па справе галоўнага інжынэра МЗКТ Андрэя Галавача. Адпаведна, Аляксандар Канюк наўрад ці мог паведаміць кіраўніку краіны пра парушэньні падчас сьледзтва па гэтай справе.

Натальля Качанава?

Натальля Качанава
Натальля Качанава

У тым, што свой уклад у аўторкавую нараду ўнесла старшыня Адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава, перакананая адна зь лідэрак руху «Маці 328» Ларыса Жыгар. У размове са Свабодай яна выказала меркаваньне, што менавіта Качанава магла перадаць Лукашэнку інфармацыю пра парушэньні, дапушчаныя падчас сьледзтва па наркатычным артыкуле Крымінальнага кодэксу.

«Я так лічу, што гэта не піяр-кампанія, — кажа Ларыса Жыгар. — Думаю, да кіраўніка краіны данесла ўсю сытуацыю Натальля Качанава. Мы былі ў яе 10 ліпеня. На сустрэчы мы расказалі ёй пра сытуацыю ў цэлым».

Па словах Ларысы Жыгар, удзельнікі галадоўкі перадалі Качанавай сьпіс канкрэтных фактаў парушэньняў, дапушчаных падчас сьледзтва па дзясятках спраў. Над гэтым працавалі людзі зь юрыдычнай адукацыяй.

«Тое, што кіраўнік краіны сабраў гэтую вялікую нараду і сказаў, што адсутнічае прэзумпцыя невінаватасьці, гэта ж праўда, — кажа Ларыса Жыгар. — Гэта практычна па ўсіх справах так. Мы пра гэта гаварылі ад самага пачатку, як толькі ўзьнік наш рух. Але чамусьці пра гэта ніхто ня чуў. Чамусьці трэба было зараз паўтарыць галадоўку, каб нас пачула нарэшце Натальля Качанава. Я спадзяюся, што ўсё гэта — не піяр-акцыя. Што гэта насамрэч талковыя развагі кіраўніка краіны».

Цяпер прадстаўніцы руху «Маці 328» чакаюць пачатку крымінальных спраў у дачыненьні да тых супрацоўнікаў СК, якія дапусьцілі парушэньне заканадаўства пры расьсьледаваньні антынаркатычных спраў.

Станіслаў Зась?

Станіслаў Зась
Станіслаў Зась

Фармальна Саветам бясьпекі РБ кіруе Аляксандар Лукашэнка. Фактычна функцыі старшыні гэтай уплывовай структуры выконвае дзяржаўны сакратар Станіслаў Зась. Ён прысутнічаў на нарадзе 20 жніўня і нават выступіў з дакладам, пра што нам расказала Натальля Эйсмант. Зьмест дакладу Зася ў СМІ ня трапіў.

Былы старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб лічыць, што Савет бясьпекі мог адыграць сваю ролю ў стварэньні дакладу, агучанага 20 жніўня. Тым больш што Аляксандар Лукашэнка мае там чалавека, якому пэўна можа давяраць.

«Ну, па-першае, Лукашэнка нічога новага для нас з вамі не расказаў, — кажа Мечыслаў Грыб. — Гэта ўсё было вядома, асьвятлялася ў СМІ, ніякай навіной усе гэтыя рэчы не зьяўляюцца. Па-другое, няма ніякай праблемы сабраць такія зьвесткі для кіраўніка краіны. Ёсьць Савет бясьпекі, ёсьць Апэратыўна-вышуковае ўпраўленьне. Дзяржаўны кантроль ёсьць. Урэшце, у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць дарадца па працы зь сілавымі структурамі ў асобе яго сына Віктара, які курыруе ўсе гэтыя службы».

Правядзеньне нарады з вострай крытыкай дзеяньняў шэрагу праваахоўных органаў Мечыслаў Грыб наўпрост зьвязвае з адносна хуткімі выбарамі. На яго думку, кіраўніцтва Беларусі ведае пра недавер насельніцтва краіны да міліцыі і сьледчых органаў. Таму вырашыла разыграць гэтую карту.

«Вы думаеце, Лукашэнка пра гэта нічога ня ведаў? — кажа Мечыслаў Грыб. — Хутка выбары, нараканьняў на праваахоўныя органы шмат, шмат заяў. Надышоў час, калі трэба вызначыць канкрэтных вінаватых. Альбо на сябе прымаць адказнасьць. На сябе не выпадае, таму будуць знойдзеныя вінаватыя».

Мечыслаў Грыб прагназуе, што неўзабаве можна чакаць перастановак у кіраўніцтве шэрагу праваахоўных органаў. Перадусім у Сьледчым камітэце і Генэральнай пракуратуры. Менавіта гэтыя структуры найбольш крытыкаваў Лукашэнка ў аўторак 20 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG