Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за фальсыфікацыю наркатычных спраў


Аляксандар Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі праваахоўных органаў 20 жніўня
Аляксандар Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі праваахоўных органаў 20 жніўня

На нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў 20 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра злоўжываньні апэратыўнікаў, сьледчых і прадстаўнікоў Дзяржкамітэта судовых экспэртыз пры расьсьледаваньні спраў па наркатычных артыкулах, паведамляе ягоная прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, у 2018-2019 гадах выяўлены злоўжываньні па лініі барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў.

«Колькасны аспэкт замест сыстэмнай барацьбы з наркагандлем, устанаўленьня каналаў паставак і распаўсюду ў краіне буйных партый наркотыкаў. Вядома, прасьцей за ўсё злавіць нейкага бамжа з наркотыкамі, а то яшчэ і падкінуць гэтыя наркотыкі непажаданым і адзначыць гэтую барацьбу. Каму гэта трэба?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у якасьці парушэньняў фіксавалася давядзеньне плянавых заданьняў па раскрыцьці злачынстваў, што прыводзіла да масавых затрыманьняў спажыўцоў наркотыкаў і кур’ераў.

«Назапашваньне эпізодаў, доўгае назіраньне, фіксацыя фактаў, затрыманьне спажыўцоў па адным пры выхадзе з месцаў сумеснага спажываньня і іншае. А таксама правакацыі, у тым ліку з удзелам сваіх крыніц, па схіленьні грамадзян да набыцьця і ўжываньня наркотыкаў. Асабісты ўдзел у незаконным абароце», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што гэтыя недахопы былі раней выкрытыя ў выніку комплекснай праверкі, аднак і ў 2019 годзе аналягічныя парушэньні зафіксаваныя, у тым ліку ў Аршанскім раённым упраўленьні ўнутраных спраў.

Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва тэрытарыяльных падразьдзяленьняў Сьледчага камітэта ў навязваньні мінімальных нормаў па колькасьці расьсьледаваных крымінальных спраў і сьледчых дзеяньняў. Гэта «спрыяла зьніжэньню якасьці расьсьледаваньня» і «змушала сьледчых ухіляцца ад складаных і шматэпізодных спраў».

Па зьвестках КДБ, факты грубых парушэньняў адзначаюцца ня толькі ў працы апэратыўных і сьледчых падразьдзяленьняў. Так супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз падчас выезду на месца здарэньняў «фактычна фальсыфікуюць сьляды зьдзяйсьненьня злачынстваў».

«У затрыманых асоб адбіраюць узоры, у тым ліку пакінутыя імі ўжо пры правядзеньні працэсуальных дзеяньняў, а затым яны наносяцца на канфіскаваныя прадметы і рэчы, што ў далейшым пры экспэртным дасьледаваньні такіх абʼектаў даказвае зьдзяйсьненьне злачынства загадзя вядомай асобай. Прамая падмена і фальсыфікацыя!» — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такія выпадкі выяўлены ў працы Цэнтральнага, Фрунзенскага, Маскоўскага райаддзелаў горада Мінска, а таксама Магілёўскага і Гомельскага міжрайаддзелаў.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG