На нарадзе зь сілавікамі 20 жніўня Аляксандар Лукашэнка разьнёс працу праваахоўных органаў. Сярод іншага яго абурыла «палачная сыстэма». У праекце «Крызіс у міліцыі», які выйшаў у чэрвені, міліцыянты падрабязна распавялі Свабодзе, як дзеля «палак» і статыстыкі іх прымушаюць фальсыфікаваць справы.
Што сказаў Лукашэнка
«Яны па-ранейшаму будуць ставіць «палачкі-галачкі» і хваліцца, якія яны вялікія, колькі расьсьледавалі крымінальных спраў», – сказаў учора Аляксандар Лукашэнка.
«Тэндэнцыя працы праваахоўных органаў на статыстыку спрыяе канцэнтрацыі супрацоўнікаў не на забесьпячэньні законнасьці, абароне правоў і інтарэсаў грамадзян, рэагаваньні на парушэньне законаў, а на штучнай дэманстрацыі сваёй працы шляхам дасягненьня плянавых паказчыкаў і статыстыкі, – сказаў Лукашэнка. – Трэба разьбірацца, што ляжыць у аснове [статыстыкі] – штучныя паказчыкі ці гэта сапраўды паказчыкі рэальнай працы ў праваахоўнай сыстэме».
Як гэта выглядае ў працы міліцыянта. Справы фальсыфікуюць па загадзе начальніка РАУС
Да 2016 года Аляксандар служыў у міліцыі ў Магілёве. Ён распавёў Свабодзе, як супрацоўнікаў прымушалі фальсыфікаваць справы дзеля статыстыкі.
- Табе загадваюць фальсыфікаваць адміністрацыйныя справы. «Палачная сыстэма» – вялікая загана сыстэмы МУС. Вось узяць краіны Эўропы. Калі ў раёне няма здарэньняў, то брава паліцыі, яна добра выконвае сваю працу. Калі ў нас на ўчастку няма выяўленых злачынстваў па паказьніках, гэта значыць, што міліцыя дрэнна працуе. Цябе пазбавяць прэміі, вынесуць вымову.
Калі за мяжой няма здарэньняў, паліцыі дзячаць за добрую працу. Калі ў Беларусі няма выяўленых злачынстваў, гэта значыць, што міліцыя дрэнна працуе
Напрыклад, плян па пешаходах бяз флікераў. Усе сілы кідаюць, каб выканаць паказьнік. Складаюць рапарты, старэйшыя іх сыстэматызуюць і дакладаюць у Менск.
Вядома, нельга наўпрост казаць, што міліцыя прадукуе правапарушэньні. Бо злачынствы ёсьць заўжды. Яны здараюцца кожную сэкунду. Але бываюць такія моманты, калі ва ўчастковага добрая абстаноўка на раёне. Ён з усімі падтрымлівае добрыя стасункі, у яго чыста. Людзі яго паважаюць. А яму кажуць – з твайго ўчастку няма паказьнікаў самагону. А калі іх рэальна няма, адкуль іх узяць? Зразумела, недзе ў прыватным сэктары гэта можа быць. Але мы ў горадзе. Тут адны шматпавярховікі. Адкуль тут самагоншчыкі? Але ёсьць загад ад начальніка, і супрацоўнікі фальсыфікуюць справы, каб не пазбавіцца прэміі.
Яны знаходзяць чалавека, які мае судзімасьць. Яму няма чаго губляць. Былыя зэкі ці амаральныя тыпы. Міліцыянт яму кажа: «Я цябе ня буду прэсаваць, але давай прыму цябе з самагонам і складу пратакол». Афармляецца такая ліпа, і статыстыка выконваецца. І большасьць гарадзкіх самагоншчыкаў – гэта фікцыя.
Усе ў міліцыі зацікаўленыя, каб правапарушэньняў было больш. Бо пляны
33-гадовы Міхаіл таксама служыў на розных пасадах у праваахоўных органах у Магілёве.
- Магілёў славіцца фальсыфікацыяй матэрыялаў. Кіраўніцтва цябе змушае рабіць фальсыфікацыю, а потым гэта становіцца падставай для крымінальнай справы на цябе.
Фальсыфікуюць справы часта. Калі тэрмін выходзіць, калі плян ня можаш выканаць. Ты або фальсыфікуеш, або цябе пазбаўляюць прэміі. Усё гэта праз нашую «палачную сыстэму». Усё завязана на «палках» – пратаколах.
Патрульным за зьмену трэба знайсьці 2–3 п’яных. Аднаго мала, тады прэміі ня будзе
Каб атрымаць прэмію, даішнікам трэба зарабіць за зьмену пяць пратаколаў – пяць палак. Патрульным за зьмену трэба знайсьці 2–3 п’яных. Аднаго мала, тады прэміі ня будзе. Калі за зьмену не зрабіў «палкі», то цябе прымушаюць пісаць рапарт, чым ты займаўся цэлы дзень.
Ва ўчастковых цяпер новая сыстэма аплаты. За квартал ім трэба выканаць розныя паказчыкі: прэвэнтыўныя затрыманьні, ЛТП. Калі не выконваеш, у цябе падае працэнт па прэміях. І атрымліваецца, што ўсе зацікаўленыя ў правапарушэньнях. Ня ў тым, каб іх было меней, а каб было болей. Бо пляны.
Існуюць негалосныя пляны на колькасьць пратаколаў
Дзьмітры 17 год адслужыў у міліцыі. Ён прыгадвае, што раней добрыя кіраўнікі не зьвярталі ўвагі на «палачную» сыстэму. Але цяпер яна стала асновай працы ў міліцыі.
- Вялікая загана – гэта «палачная» сыстэма, якая засталася з савецкіх часоў. «Палка» – гэта складзены пратакол за правапарушэньне. Існуюць негалосныя пляны на колькасьць пратаколаў. Але раней найбольш адэкватныя начальнікі не надавалі ім такога значэньня, бо колькасьць пратаколаў ні пра што ня сьведчыць. Гэта як праца сыстэмнага адміністратара. Добры сысадмін – гэта хто ні халеры ня робіць на працоўным месцы. Гэтак жа добры ўчастковы – у яго на ўчастку цішыня, і ён таксама сядзіць і ні халеры ня робіць. Бо ён добра выконвае сваю працу. Ён папярэдзіў, спрафіляктаваў. Народ ведае пра гэта. Ну, гэта ідэал, вядома.
Раней найбольш адэкватныя начальнікі не надавалі «палкам» такога значэньня, бо колькасьць пратаколаў ні пра што ня сьведчыць
Але палачная сыстэма стварае сытуацыю, калі на ўчастку ўвесь час п’яных затрымліваюць, і сьмецьце валяецца, і сабакі гадзяць. Што ты за ўчастковы, калі ў цябе такі бардак? Фактычна такімі пратаколамі ты расьпісваесься ў сваёй некампэтэнтнасьці.
Гэтыя пратаколы патрэбныя толькі дзеля статыстыкі і каб кіраўніцтва магло адрапартаваць, што эфэктыўна працуе. Насамрэч так толькі ствараецца бачнасьць працы. Участковаму яна дорага каштуе. На кожны выклік ён абавязаны напісаць падрабязны рапарт. Раней як? Тэлефануюць, што малалеткі сабраліся каля пад’езду і кураць. Ну, пайшоў ты, пагаварыў зь імі, папярэдзіў. Напісаў у журнале, што правёў прафіляктычную гутарку. Усе разышліся, усім добра.
Цяпер на такі выклік ты пішаш рапарт. Хто, калі і куды прыйшоў, з кім праведзена гутарка, поўныя імёны. Замест таго каб хутка і якасна разабрацца, каб людзі зразумелі, што міліцыя ёсьць, ён піша вялікі рапарт. А потым сам па гэтым рапарце ён праводзіць праверку, выносіць адмову ва ўзбуджэньні адміністрацыйнай справы. Шмат часу, шмат сьпісанай паперы. І ўсё гэта не патрэбна нікому.