Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урады ўсходнеэўрапейскіх краінаў у выгнаньні — куды яны падзеліся?


Ева, малюнак Юры Таўбкіна, 2019
Ева, малюнак Юры Таўбкіна, 2019

22 жніўня 1992 году прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, Мікола Плаўюк, склаў паўнамоцтвы, перадаўшы іх прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку. Гэта было часткаю збольшага сымбалічных працэсаў, што ў той час адбываліся ў некаторых краінах Усходняй Эўропы, якія толькі што аднавілі сваю незалежнасьць. Прапануем вам паглыбіцца ў гісторыю такой малавядомай палітычнай зьявы як урад у выгнаньні.

Што такое ўрад у выгнаньні

Урадам у выгнаньні звычайна называюць палітычную групу, якая прэтэндуе на кантроль над тэрыторыяй адпаведнай краіны, але з палітычных прычынаў вымушаная фізычна заставацца за межамі гэтай краіны — звычайна ў іншай краіне са згоды яе ўладаў. Дастаткова часта такія ўрады фармуюцца кіраўніцтвам, якое сапраўды нейкі час мела палітычны ўплыў і кантроль над тэрыторыяй, але ў выніку нейкіх палітычных падзей гэты кантроль страціла. Вядомыя прыклады з сусьветнай гісторыі — урад Чан Кайшы ў Тайвані альбо ўрады ў выгнаньні, створаныя канфэдэратамі пасьля таго, як тыя прайгралі ў Грамадзянскай вайне ў ЗША.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні

Рада БНР лічыцца найстарэйшым у сьвеце ўрадам у выгнаньні — яна старэйшая за ўрады незалежнага Тыбэту альбо дарэвалюцыйнага Ірану. У выгнаньні Рада БНР застаецца ад 1919 году, калі на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася бальшавіцкая ўлада.

Кіраўнічыя органы БНР у розныя гады мелі сядзібу ў Літве, Нямеччыне, Латвіі, Чэхіі. У тыя часы Рада БНР спрабавала данесьці да сьвету інфармацыю аб існаваньні беларускага народу, аб яго правах на сваю незалежную дзяржаву. Пасьля Другой сусьветнай вайны Рада аднавіла сваё існаваньне ў эміграцыі.

Сучасны мэдаль БНР
Сучасны мэдаль БНР

Намаганьнямі Рады БНР былі створаны культурныя цэнтры для беларусаў на замежжы (у Лёндане, Нью-Ёрку, у Нямеччыне), адстойваліся інтарэсы беларусаў у ЗША, была створана беларуская служба Радыё Свабода, у 80-я гады зьбіраліся грошы на дапамогу ахвярам выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе, выказваліся прапановы перадаць сымбалічныя паўнамоцтвы Рады БНР ураду незалежнай Беларусі. Аднак тады Рада БНР прыняла рашэньне пачакаць. Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м годзе Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР ад гэтай ідэі адмовілася і працягвае сваё існаваньне як урад у выгнаньні.

Урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў выгнаньні

Незалежная грузінская дзяржава была створана тады ж, калі і БНР, але пратрымалася некалькі даўжэй — да 1921 году, калі тэрыторыю краіны занялі бальшавіцкія войскі.

Усю сваю нядоўгую гісторыю дзяржава кантралявалася сацыял-дэмакратычнай партыяй Грузіі, ад чаго ў савецкай гістарыяграфіі часам сустракаўся тэрмін «меншавіцкая Грузія».

Пасяджэньне Ўстаноўчага сходу Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі. 12 сакавіка 1919 г.
Пасяджэньне Ўстаноўчага сходу Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі. 12 сакавіка 1919 г.

Адразу пасьля захопу краіны бальшавіцкім войскам, кіраўнікі незалежнай Грузіі арганізавалі ўрад у выгнаньні, які да 1954 гаду знаходзіўся ў Францыі і зваўся «Нацыянальным урадам Грузіі». Урад у выгнаньні, разам з камітэтам па аднаўленьні незалежнасьці Грузіі, які дзейнічаў у самой краіне, змог падняць паўстаньне ў жніўні 1924 году. Гэтае паўстаньне было апошняй спробай аказаць збройны супраціў савецкай уладзе да пачатку Другой сусьветнай вайны — у выніку яно было здушанае, а яго ўдзельнікі або забітыя, або арыштаваныя.

Пра спадчыну першай грузінскай рэспублікі ўзгадалі ўжо напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці Грузіі ў 1980-я гады. Дзень абвяшчэньня першай рэспублікі стаў дзяржаўным сьвятам, якое грузіны і сёньня сьвяткуюць. Тады ж было прынятае і рашэньне вярнуць старую дзяржаўную сымболіку — сьцяг і герб першай грузінскай рэспублікі выкарыстоўваліся да 2004 году, калі іх замянілі на сучасныя, натхнёныя сымбалямі сярэднявечнай Грузіі. У адрозьненьне ад Украіны, ніякай перадачы паўнамоцтваў не адбылося, бо на момант абвяшчэньня незалежнасьці Грузіі ад СССР урад у выгнаньні ўжо не існаваў.​

Дыпляматычныя місіі краінаў Балтыі

У адрозьненьне ад сваіх суседзяў, у Літвы, Латвіі і Эстоніі склалася крыху іншая сытуацыя — многія краіны сьвету (асабліва на Захадзе) не прызнавалі анэксіі гэтых краінаў СССР. Амбасады балтыйскіх краінаў працягвалі сваю працу ў ЗША да аднаўленьня іх незалежнасьці. ЗША на працягу ўсей акупацыі не прызнавалі савецкую ўладу ў краінах Балтыі, а ўсе фінансавыя актывы, якія належалі даваенным урадам гэтых краін, былі замарожаныя, каб пазьбегнуць перадачы іх СССР.

Дыпляматычныя пашпарты, выдадзеныя амбасадай незалежнай Літвы на Захадзе. Здымак Альгіса Вашкявічуса, «Draugas»
Дыпляматычныя пашпарты, выдадзеныя амбасадай незалежнай Літвы на Захадзе. Здымак Альгіса Вашкявічуса, «Draugas»

Такім чынам, Літва і Латвія ня мелі сваіх урадаў у выгнаньні — гэтую ролю выконвалі даваенныя дыпляматычныя місіі, якія моцна супрацоўнічалі з дыяспарай і падтрымлівалі ўцекачоў зь Літвы і Латвіі ў пасьляваенныя гады. Толькі Эстонія мела свой урад на выгнаньні, зь сядзібай у Осла. Ён выконваў пераважна сымбалічную функцыю, бо ўсе дыпляматычныя адносіны падтрымліваліся эстонскім кансулятам у Нью-Ёрку. Самі дыпляматычныя місіі Эстоніі не прызнавалі гэты ўрад — тым ня менш, калі Эстонія аднавіла сваю незалежнасьць, адбылася фармальная цырымонія перадачы паўнамоцтваў.

Урад Польшчы ў выгнаньні

Урад Польшчы ў выгнаньні быў створаны ў выніку акупацыі краіны нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам у 1939 годзе і праіснаваў за мяжой да 1990-га году, калі апошні прэзыдэнт лёнданскага ўраду Польшчы, Рышард Качароўскі, перадаў паўнамоцтвы Леху Валэнсу — першаму прэзыдэнту посткамуністычнай Польшчы. Урад пераяжджаў за ўвесь час свайго існаваньня ўсяго некалькі разоў — спачатку ў Парыж, потым у Анжэ, а з 1940 году дзейнічаў у Лёндане.

За 50 гадоў свайго існаваньня гэты ўрад ня толькі прадстаўляў інтарэсы польскага народу на Захадзе, але і паспрыяў заснаваньню польскіх вайсковых адзінак падчас Другой сусьветнай вайны. Напрыклад, Армія Андэрса, створаная на тэрыторыі СССР і ў шэрагах якой ваявалі і беларусы (у тым ліку і Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня Рады БНР у 1971-1982 гадах), была падпарадкаваная лёнданскаму ўраду Польшчы. Польская падпольная дзяржава, якая функцыянавала на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы, мела непасрэднае дачыненьне да ўраду ў выгнаньні, які ў сваю чаргу слаў у саму Польшчу сваіх дэлегатаў. Плянаваньне Варшаўскага паўстаньня 1944 году таксама было ініцыятывай ураду ў выгнаньні. Сёньня на месцы былой лёнданскай штаб-кватэры польскага ўраду ў выгнаньні вісіць памятная шыльда і працуе музэй.

Польскі ўрад у выгнаньні падчас Другой сусьветнай вайны — прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль і гэнэрал Ўладзіслаў Сікорскі ў Лёндане, 1940-08-07. Здымак з калекцыі Імпэрскага Вайсковага Музэю ў Лёндане.
Польскі ўрад у выгнаньні падчас Другой сусьветнай вайны — прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль і гэнэрал Ўладзіслаў Сікорскі ў Лёндане, 1940-08-07. Здымак з калекцыі Імпэрскага Вайсковага Музэю ў Лёндане.

Урад Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні

Пасьля таго як УНР канчаткова спыніла сваё існаваньне ў канцы 1920-га году, усе органы ўлады перабраліся спачатку ў Польшчу, а пасьля і ў Чэхаславаччыну (дзе падтрымліваліся адносіны з урадам БНР у выгнаньні), Нямеччыну, Францыю і, нарэшце, у ЗША, дзе гэты ўрад праіснаваў да абвяшчэньня незалежнасьці ўжо сучаснай Украінай.

У міжваенныя часы гэты ўрад падтрымліваў украінскія нацыянальныя арганізацыі ў Польшчы, Румыніі, Чэхаславаччыне. УНРаўцы рабілі спробы ўсталяваць сувязі зь Лігай Нацый і спрыялі ўзьняцьцю «украінскага пытаньня» у палітычным дыскурсе краінаў Захаду.

Прэзыдэнт УНР М. Плаўюк перадае паўнамоцтва прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку
Прэзыдэнт УНР М. Плаўюк перадае паўнамоцтва прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку

Пасьля Другой сусьветнай вайны ўрад УНР дзейнічаў як культурны цэнтар, які аб'ядноўваў украінскую дыяспару ў краінах Захаду і захоўваў пераемнасьць украінскай нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Эпоха УНР скончылася ў 1992-м годзе, калі прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі Мікола Плаўюк перадаў свае паўнамоцтвы прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку.

Ян Поклад

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG