Навумчык: У канцы тыдня ў Нью-Ёрку адбылася 29-я сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — якую часта называюць апошнім эўрапейскім «урадам у выгнаньні». Інфармацыя пра сэсію ізноў актывізавала дыскусію: што такое сёньняшняя Рада БНР — сымбаль ці дзейны палітычны інструмэнт? Альбо і адно, і другое разам?
Вось такі допіс карыстальніка фэйсбуку Віталя Станішэўскага зьявіўся нядаўна:
«Калі распачыналіся ініцыятывы з грамадзянствам БНР, калі Раду БНР і Сурвілу выводзілі ў публічную сфэру, то быў і скептыцызм. Якое, маўляў, дачыненне гэта мае да палітыкі? Які ў гэтым палітычны сэнс? Маўляў, эмігранты, нікім не выбраныя тут, без значнага уплыву. Такія думкі былі і ў мяне. Нават узнікла асацыяцыя са спадчыннасцю і манархізмам. Вось паўнамоцтвы ў Радзе перадаваліся з пакалення ў пакаленне, бадай, як нейкія князі і каралі. Але ж не князі і не каралі. Аднак... Што, уласна, дрэннага ў гэтай сімвалічнасці? Так, практычны эфект Рады БНР спрэчны у тым сэнсе, што гэта не той палітычны інструмент, не той палітычны рэсурс, задзейнічаўшы які можна дасягнуць значных вынікаў. Каштоўнасць Рады БНР менавіта ў яе сімвалічнасці. Ёсць рэальны інстытут, які вядзе сваю гісторыю ажно з 1918 г. Гэткія Захавальнікі каштоўнасцей. Камусьці можа быць забаўна, маўляў, вось ложа знайшлася. Але тым не менш, Рада звязвае цяперашні пункт часу з 1918 г., калі пачаўся значны этап. Як нейкі рыцарскі ордэн, які можа не моцна ўплываць на сітуацыю, але сваім існаваннем нагадваць пра даўнюю традыцыю і паказваць яе жывасць. І тым самым гэта нейтралізуе намаганні тых, хто легкадумна ці са злым намерам хоча абмежаваць напаўненне беларушчыны. Паказвае, што задума і пачын беларушчыны — нашмат большы. І, гледзячы відэазапісы з Івонкай Сурвілай, я бачу жывую сапраўдную беларуску з натуральнай мовай. І гэта дадатковы напамін, пра тое, што Беларусь стваралася такімі ж блізкімі, рэальнымі мясцовымі людзьмі, якія захацелі ўзяць лёс у свае рукі, тварыць сваё грамадства і сваю дзяржаву».
Наконт «спрэчнасьці практычнага эфэкту» Рады БНР можна якраз паспрачацца. Канечне, сёньня на двары не 1956 ці 1976 год, калі адзіныя, хто мог ў голас казаць пра права беларусаў на ўласную дзяржаву — гэта былі эмігранты, і менавіта Рада БНР каардынавала рэпрэзэнтацыю ідэі беларускай дзяржаўнасьці ў вольным сьвеце. Сёньня лідэры апазыцыі бесьперашкодна наведваюць і Брусэль, І Вашынгтон, іх прымаюць дэпутаты і міністры. Нарэшце, улічым і новыя інфармацыйныя тэхналёгіі — распаўсюджваць інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі можна зь Менску.
Звароты грамадзянаў ЗША — сябраў Рады БНР — да кангрэсмэнаў стымулявалі палітычныя рашэньні на высокім узроўні ў дапамогу беларускай дэмакратыі.
Але ведаеце, тут ёсьць істотная розьніца. Амэрыканскі кангрэсмэн сустрэнецца зь Лябедзькам, Статкевічам ці з Караткевіч, выслухае іх, паспачувае, а вось далей — далей ён зусім не абавязкова будзе дзейнічаць. Бо ён нічым не абавязаны беларускім дзеячам і ніяк ад іх не залежыць. А вось ад сваіх выбарцаў у штаце Нью-Джэрсі ці ў Агаё — ён залежыць цалкам. У ЗША існуе вельмі шчыльная сувязь паміж кангрэсмэнамі і іх выбарцамі. І я ведаю не адзін і ня два прыклады, калі звароты грамадзянаў ЗША — сябраў Рады БНР — да кангрэсмэнаў стымулявалі палітычныя рашэньні на высокім узроўні ў дапамогу беларускай дэмакратыі.
І яшчэ пра сымбаль. Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт, пра які не хацелася б думаць, ня тое што казаць. Але выключаць такую верагоднасьць, на жаль, нельга. У выпадку, калі адбылася б анэксія Беларусі — Рада БНР засталася б адзіным легітымным прадстаўніком беларускай дзяржаўнасьці.
Нарэшце, я прыгадваю прысьвечаны Радзе БНР артыкул ва ўплывовым брытанскім часопісе Economist, дзе казалася, што сама па сабе наяўнасьць «ураду ў выгнаньні» красамоўна сьведчыць усяму сьвету, што ў краіне ня ўсё ў парадку.
І пытаньне да Валянціна Жданко, які, як я ведаю, добра абазнаны ў гісторыі Польшчы — а што для гэтай краіны азначаў урад у выгнаньні?
Жданко: Ня толькі для Польшчы, але і для іншых краін нашай часткі Эўропы пасьля 1918-га году, калі паўсталі паўнацэнныя незалежныя дзяржавы альбо толькі спробы іх, гэта быў вельмі важны пэрыяд гісторыі. Беларусам тут меней пашанцавала, чым іншым. Мы не здабылі той незалежнасьці, якую мела Польшча ў міжваенны пэрыяд, і краіны Балтыі. Тым ня менш для Польшчы, калі яна часткова страціла незалежнасьць — у пэрыяд Польскай Народнай Рэспублікі ўсё ж краіна мела незалежнасьць фармальную, хоць і залежала ад Масквы. Але для іх урад у выгнаньні быў сымбалем. Натуральна, што яны ня мелі паўнамоцтваў улады. Але для мільёнаў і мільёнаў палякаў гэта быў вельмі важны інстытут, гэта быў ідэал Польшчы, узор іншай Польшчы — альтэрнатыва! Гэта быў сымбаль Польшчы, да якой яны імкнуліся — часткі заходняга цывілізаванага сьвету. І ўрэшце рэшт тая Польшча перамагла. І высілкі тых людзей, якія працавалі на Захадзе, у Лёндане найперш, былі высока ацэненыя, яны вярнуліся ў Польшчу і занялі высокія пасады. У гэтым сэньсе гэтыя намаганьні не прапалі марна. Для сёньняшняй Беларусі таксама вялікае значэньне мае Рада БНР, асабліва ў цяперашніх крызісных умовах. Сярод вельмі многіх маладых людзей ёсьць вялікае запатрабаваньне на ідэал іншай Беларусі, вольнай і незалежнай.
Навумчык: А вось ідэалы БНР што, на ваш погляд, азначаюць для сёньняшняга пакаленьня? Што для іх дзень 25-га сакавіка?
Грузьдзіловіч: Я прыйшоў у канцы 80-х гадоў да ідэалаў БНР. Дзякуючы таму, што існавалі людзі, хоць яны былі за акіянам, але яны былі рэальныя людзі, яны падтрымлівалі агонь той паходні, якая была запаленая ў 1918-м годзе. Гэта стала доказам таго, што гэтая ідэя ня проста нейкая мара, але рэальнасьць, якую можна дасягнуць. Мяркуючы па маіх дзецях, знаёмых, моладзі, якую я ведаю, сапраўды ёсьць гістарычны прыклад, які падтрымліваецца дагэтуль. Гэта ня сымбаль, гэта сапраўды рэальная праца. У дадзены палітычны момант так атрымалася, з-за таго напэўна, што партыя БНФ саступіла лідэрства ў змаганьні за Беларусь ці па іншых прычынах, але для шмат каго менавіта вобраз і палітычная постаць Івонкі Сурвілы і тых, хто змагаецца разам з ёй у Амэрыцы, Эўропе — гэта дадатковы стымул, грунт, які большы, чым ёсьць тут. Каб працягваць барацьбу, каб захоўваць вернасьць ідэалам, дамагацца самім палітычнага посьпеху на гэтай дарозе.