Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая беларуская дыпляматычная місія. Як ішлі перамовы пра разьмежаваньне БНР і УНР


Свабода публікуе рукапісны экзэмпляр папярэдняй дамовы між Беларускай ды Ўкраінскай Народнымі Рэспублікамі пра дзяржаўную мяжу.

Адпаведныя перамовы праводзіліся ў красавіку 1918 года, але беспасьпяхова. Цяпер дакумэнт захоўваецца ў Дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны. Ягоны аўтар, магчыма, — Аляксандар Цьвікевіч, які тады ўзначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах у Кіеве.

100 год украінскай і беларускай дыпляматыі адзначаюць па-рознаму

Ва Ўкраіне пачатак гісторыі нацыянальнае дыпляматыі вядуць ад лістапада 1917 году, калі была абвешчаная Ўкраінская Народная Рэспубліка. На дзяржаўным узроўні сёлета тут адзначаюць стагодзьдзе і заканадаўчай, і выканаўчай галін улады. Падмуркам такога стаўленьня да гісторыі стала перадача ў жніўні 1992 году апошнім прэзыдэнтам Украінскай Народнай Рэспублікі на выгнаньні Міколам Плаўюком сваіх паўнамоцтваў прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку.

Улады Беларусі аналягічныя падзеі на беларускай тэрыторыі пакідаюць дасьледчыкам ды гісторыкам, хоць і пачынаюць «угледжваць» у тых часах першыя спробы самавызначэньня беларусаў. Але пераемнасьці не прадбачыцца — Рада БНР дагэтуль дзейнічае на выгнаньні.

Першыя перамовы паміж БНР і УНР — пра межы

Гістарычнае суседзтва Беларусі і Ўкраіны абумовіла неабходнасьць цесных сувязяў. Пасьля абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 года незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі трэба было найперш вызначыць дзяржаўныя межы. І менавіта з ініцыятывы тагачаснага кіраўніцтва БНР адбыліся першыя перамовы ў Кіеве.

Ліст Язэпа Варонкі да Рады народных міністраў УНР
Ліст Язэпа Варонкі да Рады народных міністраў УНР

Перамовы фармалізаваліся на ўзроўні дэлегацый толькі ў красавіку, хоць за тры дні да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка, тагачасны народны сакратар міжнародных спраў БНР, заявіў калегам з УНР, што «тэрыторыя Рэспублікі займае ўсе абшары расьсяленьня беларускага народу, там, дзе ён мае абсалютную большасьць».

Што праўда, урад УНР прыняў гэтае паведамленьне да ведама толькі празь месяц — 25 красавіка 1918 году, як вынікае з рэгістрацыйных дадзеных дакумэнту.

Дыскусіі наконт прыналежнасьці палескага рэгіёну

На пачатку красавіка 1918 году УНР ды БНР ствараюць Камісію па вызначэньні мяжы. Беларускі бок у ёй упаўнаважаныя прадстаўляць Аляксандар Цьвікевіч (старшыня), Мітрафан Доўнар-Запольскі і Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Першы раўнд перамоваў доўжыўся чатыры дні — з 19 да 22 красавіка, зацягваючыся часам да сярэдзіны ночы.

Нягледзячы на тое, што сустрэча пачалася з узаемнага выказваньня «братэрскіх пачуцьцяў» (калі меркаваць па стэнаграмах, якія складаліся ўкраінскім бокам), кожны дзень перамоваў завяршаўся невырашальнымі дыскусіямі наконт прыналежнасьці палескага рэгіёну — басэйна ракі Прыпяці, Гомельшчыны з Рэчыцай і Мазыршчыны.

Беларусі бок прапаноўваў «абмяняць» гэтыя тэрыторыі на паўночна-ўсходнія раёны Чарнігаўшчыны і захаваць за ўкраінскім бокам кантроль над чыгункай «Брэст — Бранск» і ў Гомлі на часовых умовах. Украінская дэлегацыя настойвала на тым, што гэтыя землі, па-першае, населеныя людзьмі зь мяшанай гаворкай, а па-другое, у перамовах пра мяжу з БНР яны мусяць абапірацца на вынікі Берасьцейскай мірнай дамовы.

Першая старонка пратаколу перамоваў ад 19 красавіка 1918 году
Першая старонка пратаколу перамоваў ад 19 красавіка 1918 году

Пры гэтым беларуская дэлегацыя заставалася ў гэтыя дні ў ізаляцыі — на ўсе просьбы наладзіць дротавую сувязь наўпрост зь Менскам, каб інфармаваць пра ход перамоваў, атрымлівалі дыпляматычны адказ: «Няма тэхнічнай магчымасьці».

Пратакол перамоваў ад 21 красавіка 1918 году
Пратакол перамоваў ад 21 красавіка 1918 году

Прыкладна такім жа чынам украінская дэлегацыя адказвала і на просьбы паскорыць абвяшчэньне па радыё інфармацыі аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі: маўляў, радыё зараз перадаецца Міністэрству пошты і тэлеграфу, то невядома, ці ёсьць магчымасьць перадаць па радыё гэтае паведамленьне. «Дакладны адказ у гэтай справе будзе дадзены заўтра», — цытуецца ў стэнаграме абяцаньне кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі на перамовах Анастаса Ліхнякевіча, сябра Цэнтральнай рады і Ўсеўкраінскай вайсковай рады.

Пратакол перамоваў ад 20 красавіка 1918 году
Пратакол перамоваў ад 20 красавіка 1918 году

Патрэбнае паразуменьне з трэцімі дзяржавамі

На наступны дзень Анастас Ліхнякевіч заявіў, што ўрад УНР прынцыпова прызнае незалежнасьць БНР, але ня можа так хутка ўхваліць афіцыйнае рашэньне:

«Павінна быць паразуменьне зь іншымі дзяржавамі, і найперш з нашымі цяперашнімі хаўрусьнікамі. Беларуская дэлегацыя можа быць упэўненая, што Ўкраіна жадае дабра Беларусі і хацела б бачыць свайго суседа як наймацнейшым і як найхутчэй зусім незалежным».

Другая старонка пратаколу перамоваў ад 21 красавіка 1918 году
Другая старонка пратаколу перамоваў ад 21 красавіка 1918 году

22 красавіка беларуская дэлегацыя заявіла, што ня можа працаваць у няпоўным складзе — на перамовах адсутнічаў яе кіраўнік Аляксандар Цьвікевіч.

«У перамовах пра мяжу для Беларусі, гэтаксама як і для Ўкраіны, прынцыповае значэньне мае ўсталяваньне нармальных этнаграфічных межаў Беларусі на ўсходзе і поўначы, і таму важна і неабходна, каб Украіна ўсімі сродкамі дапамагла са свайго боку актыўнаму ўдзелу нашай дэлегацыі ў Курску. Мы ж са свайго боку пастараемся ўсімі сродкамі прысьпешыць завяршэньне перамоваў наконт сваёй мяжы з Украінай», — заявіў прадстаўнік беларускай дэлегацыі Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Стэнаграма апошняга дня перамоваў — 22 красавіка 1918 году
Стэнаграма апошняга дня перамоваў — 22 красавіка 1918 году

Адначасова ўрад БНР распачаў дыпляматычныя кантакты зь Нямеччынай, а праз пэўны час беларуская дэлегацыя падрыхтавала і перадала ўкраінскаму боку папярэднюю дамову ў пытаньні аб дзяржаўных межах. Яна была напісаная ад рукі — верагодна, кіраўніком дэлегацыі Аляксандрам Цьвікевічам.

Прэлімінарны дагавор паміж УНР і БНР у пытаньні аб дзяржаўных межах
Прэлімінарны дагавор паміж УНР і БНР у пытаньні аб дзяржаўных межах

У дакумэнце прапаноўвалася ўсталёўваць межы паводле ўзаемнай двухбаковай згоды без удзелу трэцяга боку, а ратыфікацыя павінна была адбыцца на працягу месяца пасьля заканчэньня адпаведных перамоваў з Расеяй. Прадстаўнікі беларускага ўраду абавязваліся знайсьці шляхі задавальненьня патрэб Украіны ў справе вызначэньня яе межаў, а ўзамен за гэта ўрад Украіны абавязваўся паспрыяць у перамовах з Расеяй аб прызнаньні незалежнасьці БНР і вызначэньні расейска-беларускай мяжы.

Але далейшыя перамовы ўжо ня мелі сэнсу, бо ў гэты момант Цэнтральная Рада ва Ўкраіне была адхіленая ад улады. Замест УНР была абвешчаная Ўкраінская Дзяржава на чале з гетманам Паўлом Скарападзкім. І ўладам БНР давялося, па сутнасьці, пачынаць кантакты наноў.

Афіцыйнае ліставаньне — на беларускай мове

У архіве Міністэрства замежных спраў Украіны захоўваецца шэраг дакумэнтаў БНР. Усе яны складаліся на беларускай мове, а ў Кіеве звычайна перакладаліся на ўкраінскую. Зьнешнепалітычнае ведамства набірала перакладчыкаў праз аб’явы ў газэтах. Перад залічэньнем на працу ў МЗС веды замежных моў патэнцыйных кандыдатаў ацэньвала адмысловая камісія. Свае кандыдатуры прапаноўвалі і беларусы.

У прыватнасьці, з адпаведнай заявай зьвярнулася і настаўніца францускай мовы Алена Скрыпка — яна нарадзілася ў Віцебскай губэрні, а выкладала ў гімназіі ў Белай Царкве, што пад Кіевам.​

Заява беларускі Алены Скрыпкі аб прыняцьці на працу ў МЗС Украінскай Дзяржавы
Заява беларускі Алены Скрыпкі аб прыняцьці на працу ў МЗС Украінскай Дзяржавы

Але пацьвярджэньня, што яе прынялі на працу перакладчыцай, няма. Вядома толькі, што ейныя дакумэнты былі накіраваныя на разгляд камісіі па ацэнцы ведаў.

Межы нявызначаныя, але дапаможам

Тым часам адсутнасьць дакладных межаў паміж БНР ды УНР часам прыводзіла да бязладнасьці ў такіх справах, як забесьпячэньне прадуктамі харчаваньня ці двухбаковы гандаль. На месцах людзі і чыноўнікі не разумелі, у якой краіне яны жывуць, і зьвярталіся да афіцыйных органаў улады з просьбамі патлумачыць прыналежнасьць таго ці іншага раёну.

Мазырскі павет быў прадметам дыскусіі ў вызначэньні межаў паміж БНР ды УНР
Мазырскі павет быў прадметам дыскусіі ў вызначэньні межаў паміж БНР ды УНР

Паралельна ў Кіеў са спрэчных тэрыторый прыяжджалі «хадакі» з просьбамі далучыць іхныя паветы да УНР. У адным са сваіх лістоў Міністэрства замежных спраў просіць усе вайсковыя ды цывільныя ўлады Ўкраінскай Народнай Рэспублікі дапамагаць «дэлегацыі Мазыра і ягонага павету, складзенай з ганаровых міравых судзьдзяў: Антона Кяневіча, Івана Ансельма, Аляксандра Ліякумовіча ды сябра Мазырскай павятовай земскай управы Антона Лук’яновіча з просьбай аб далучэньні г. Мазыра і ягонага павету да Ўкраінскай Народнай Рэспублікі».

Дакумэнт МЗС УНР пра спрыяньне дэлегацыі з Мазыра, сакавік 1918 году
Дакумэнт МЗС УНР пра спрыяньне дэлегацыі з Мазыра, сакавік 1918 году

Як і Мазырскі, Пінскі павет, таксама спрэчны ў беларуска-ўкраінскіх памежных перамовах, фармальна лічыўся тэрыторыяй УНР, але ў шэрагу афіцыйных дакумэнтаў ён ня быў названы як украінскі населены пункт.

Дакумэнт Міністэрства ўнутраных спраў УНР пра статус Пінскага павету ад 12 красавіка 1918 году
Дакумэнт Міністэрства ўнутраных спраў УНР пра статус Пінскага павету ад 12 красавіка 1918 году

Тым часам Міністэрства замежных спраў УНР раіла ўсім органам улады максымальна дапамагаць патэнцыйна ўкраінскім землям, якія ў той час цярпелі ад голаду і дэфіцыту збожжа.

Дакумэнт МЗС УНР, красавік 1918 году
Дакумэнт МЗС УНР, красавік 1918 году

«Пакуль што пытаньне пра канчатковае далучэньне Мазырскага павету будзе разьвязанае на міравой канвэнцыі, якая мае адбыцца неўзабаве, бо ў Мазырскім павеце насельніцтва ў большасьці ўкраінскае, таму ў справе далучэньня ўрад зацікаўлены і зробіць усялякую дапамогу насельніцтву па яго жаданьні. Урад ня мае ў гэтым дачыненьні ніякіх прычын, якія б перашкаджалі пастаўцы збожжа ды ўсталяваньню законнага парадку», — гаворыцца ў дакумэнце МЗС УНР.

Канчаткова ж спрэчкі пра беларуска-ўкраінскую мяжу завяршыліся з усталяваньнем савецкай улады на тэрыторыі БНР ды УНР. Палесьсе, а пазьней і Гомельская вобласьць увайшлі у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG