Сваёй бабулі па кудзелі я ніколі ня бачыў. Яна раптоўна памерла, калі маме было ўсяго дванаццаць гадоў.
У дзеда Адама, вясковага сталяра і скрыпача, было пяцёра малых дзяцей.
Празь зіму, калі над паплавамі сталі званіць першыя жаўрукі, дзед прывёз фурманкай з Тухавіч, дзе рабіў сталярку мясцовым гаспадарам, невялічкага росту кабету, новую жонку.
— Ластаўка прыляцела! — адрэагавалі зьдзіўленыя малыя.
Ня толькі ў маёй маці, але і ў цётак засталіся скрушныя ўспаміны пра Ластаўку-мачаху. Але назва ўлюбёнай вясковай птушкі, з прылётам якой наступае сапраўднае веснавое цяпло, за мачахай замацавалася назаўсёды, хоць у бабулі-Ластаўкі было і сваё на дзіва прыгожае беларускае імя — Алеся.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org