19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) пад кіраўніцтвам тагачаснага віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева абвясьціў, што прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі паводле стану здароўя, і ўвёў у Маскву войскі.
У Менску кіраўніцтва ЦК Камуністычнай партыі Беларусі на чале зь першым сакратаром Анатолем Малафеевым падтрымала путчыстаў.
У сваю чаргу прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП, ягоныя прыхільнікі выйшлі на вуліцу бараніць дэмакратыю.
Тым часам частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР XII скліканьня запатрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. Таксама былі накіраваныя звароты да старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча, старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага і міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава з патрабаваньнем не выконваць распаражэньні ГКЧП.
Як згадвае тагачасны парлямэнтар Сяргей Навумчык, 19 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ сабраліся ў 363-м пакоі Дома ўраду і прынялі заяву, у якой ацанілі дзеяньні ГКЧП як антыканстытуцыйны пераварот.
Тым жа вечарам блізу двух сотняў чалавек людзей выйшлі на плошчу каля Дома ўраду ў Менску, каб выказаць пратэст супраць дзеяньняў путчыстаў. 20 жніўня заклік апазыцыйных дэпутатаў быў пачуты, і на вуліцу выйшлі тысячы абураных беларусаў. Падчас мітынгу было абвешчана пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, якое ўзначаліў падпалкоўнік савецкай арміі Мікола Статкевіч.
Пратэсты не спыняліся і ў наступны дзень. З імправізаванай трыбуны прамаўлялі Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, дэпутат-сьвятар Віктар Радамысьльскі ды многія іншыя.
А 21 жніўня з Масквы прыйшло паведамленьне, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.
«Гэта быў вельмі паказальны момант у разуменьні шляху нашага далейшага разьвіцьця — савецкая сыстэма сябе цалкам дыскрэдытавала і зжыла, — кажа аўтар відэа 28-гадовай даўнасьці зь менскай плошчы Леніна Сяргей Чырык. — І хоць напачатку герояў „супраціву“ было ня так шмат, як аказалася потым у размовах — нагода параўнаць сытуацыю зь ленінскім бервяном, якое, калі паслухаць, цягнулі на сваіх плячах ледзь ня тысячы, — аднак галоўнае, што беларусы тады вызначыліся са сваёй будучыняй».
Тыя падзеі ў Маскве прысьпешылі абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь: 25 жніўня Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце 1990 году статус канстытуцыйнага закону.