Ратавальнікі ў ходзе пошукавай апэрацыі знайшлі целы дзьвюх з трох зьніклых турыстак зь Беларусі на гары Тэтнульды.
Трэцюю ўдалося выратаваць, яна моцна пацярпела, паведамляе ТАСС са спасылкай на Службу па ўпраўленьні надзвычайнымі сытуацыямі Грузіі.
«Дзьве грамадзянкі Беларусі мёртвыя, а адна з пашкоджаньнямі», — сказана ў паведамленьні.
У Службе надзвычайных сытуацый ацанілі стан пацярпелай грамадзянкі Беларусі як вельмі цяжкі, яе даставяць у шпіталь.
Паведамленьне пра зьнікненьне турыстак паступіла ўвечары 14 жніўня. Яны знаходзіліся ў складзе групы альпіністаў, якія пасьля падняцьця на вяршыню вярталася на базу. Жанчыны прапалі па дарозе да базы.
Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Беларусі ў Грузіі, паводле папярэдняй інфармацыі, турысткі сарваліся з гары.
Пошукавая апэрацыя доўжылася некалькі гадзін і была спыненая на ноч. У гэты час на месцы здарэньня заставаліся дзяжурыць ратавальнікі. Раніцай пошукі аднавіліся.