Расейская фэдэральная служба выкананьня пакараньняў у дзень пратэстаў у Маскве 10 жніўня правядзе маштабны турнір па кіраваньню аўтазакамі — аўтамабілямі для перавозкі затрыманых і падазраваных, паведамляе агенцтва ТАСС.
«Удзельнікі прадэманструюць навыкі манэўраваньня зь перашкодамі ва ўмовах гораду, веданьне правілаў дарожнага руху і навыкі стральбы», — паведамляе агенцтва.
Турнір заплянаваны ў аддаленым раёне Масквы, удакладняе Настоящее время. Ён праводзіцца ўжо трэці год запар, паведамляе ТАСС. Ён прымеркаваны да Дня транспартнай службы крымінальна-выканаўчай сыстэмы, заснаваны ў 2017 годзе.
На праспэкце Сахарава ў цэнтры Масквы 10 жніўня пройдзе дазволены мітынг у падтрымку палітыкаў, якіх Маскоўскі выбаркам не дапусьціў да выбараў. Гэта першы масавы мітынг за апошнія некалькі тыдняў, які ўлады Масквы дазволілі правесьці.
Нягледзячы на тое, што мэрыя Масквы дазволіла мерапрыемства, яна забараніла выступаць на ім рэпэру Face, а таксама гуртам «Кровосток» і IC3PEAK, папярэдзіўшы, што калі на мітынгу будзе музыка, то дазвол на акцыю будзе адменены. Аднак арганізатары акцыі заявілі, што ня будуць адмяняць выступ музыкаў.
Папярэднія акцыі 27 ліпеня і 3 жніўня не былі ўзгодненымі. Паліцыя і Расгвардыя іх жорстка разагналі, затрымаўшы больш за дзьве тысячы чалавек, арыштаваўшы і аштрафаваўшы некалькі сотняў. Таксама расейскі Сьледчы камітэт завёў пасьля гэтых акцый «справу аб масавых беспарадках». Па ёй ужо затрыманыя 12 чалавек.