Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюшавы дэсант і аўтазакі ўвайшлі ў слоўнік беларускага слэнгу


Беларускі «Слоўнік прыкольнага слэнгу» налічвае больш за 1,5 тысячы адзінак. Яго аўтары, супрацоўнікі кампаніі «Праўны пераклад», зьбіралі словы і выразы ў інтэрнэце, апытвалі сяброў і нават размаўлялі з сваімі бабулямі. Выдаць слоўнік у электронным фармаце PDF стараліся адмыслова да пачатку вучэбна-працоўнага году. З дырэктарам кампаніі Аляксеем Нарэйкам пагутарыў карэспандэнт «Свабоды».

— Адкуль у кампаніі, якая займаецца перакладамі, паўстала ідэя слоўніка слэнгу?

— Мы ставім сабе за мэту стаць першакляснымі знаўцамі беларускай мовы, попыт на якую ўвесь час расьце. Мы ведаем, што моладзь даволі спрыяльна ставіцца да сваёй мовы і часам не хапае словаў, якія ў жыцьці рэальна патрэбны. Мы вырашылі падараваць слоўнік, які ў гэтым дапаможа. Спачатку мы думалі пра слоўнік гутарковай мовы, але потым вырашылі засяродзіцца на прыкольным слоўніку, бо інакш гэта былі б тысячы старонак. Мы хацелі, каб слоўнік прачыталі, словы ўвайшлі ва ўжытак, замяніўшы русізмы і англіцызмы, ды каб людзям стала цікавей і весялей.

— Над слоўнікамі працуюць цэлыя інстытуты. Хто зьбіраў словы для вашага слоўніка?

— Гэта не такі вялікі пляст мовы, каб садзіць за яго цэлы інстытут. Мы справіліся ўтраіх. Сабраць словы — было самым цяжкім. Як правіла, яны нідзе не зафіксаваны. Мы вывучылі ўсё, што знайшлі ў інтэрнэце, зьвярталіся да некаторых літаратурных твораў, праводзілі апытаньні сяброў і сяброў сяброў.

— Прызнайцеся, ці былі словы, якія складальнікі слоўніка проста прыдумалі?

— Канечне, не. Як гэта прыдумляць? Мы мусім адлюстраваць тое, што існуе рэальна. Усе словы сустракаюцца ва ўжытку. Што праўда, ёсьць рэчы, якія мала вядомы і распаўсюджаны, ёсьць рэгіяналізмы. Напрыклад, выраз «заробіла, як Хоўра на воўне» з Магілёўшчыны. Спадзяемся, што праз уваходжаньне ў слоўнік яны больш распаўсюдзяцца. У слоўнік увайшлі словы, якія кажуць нашыя бабулі, хоць цяжка сказаць, што гэта слэнг…

— І што ж вы запісалі ад нашых бабуль?
У нашых праклёнах больш гумару, чым зла

— Як бачыце, самы вялікі атрымаўся разьдзел лаянкі. Мы нават задумаліся: што гэта за слоўнік такі, які вучыць, як чалавека аблаяць? Але ў нашых праклёнах больш гумару, чым зла. Мая бабуля папаўняла гэты слоўнік. Чым менавіта, цытаваць ня буду: гэта суворыя рэчы (сьмяецца).

— Тры разьдзелы: «На ўсе выпадкі», «А каб цябе!» і «Мілошчы ды любошчы». Чаму менавіта так аб’ядналі лексыку?

— Калі словы былі сабраны, мы ўбачылі, што вымалёўваюцца такія разьдзелы. Унівэрсальныя словы на ўсе выпадкі, лаянкі і вылучылі любошчы ды мілошчы, таму што гэтыя словы займаюць значную частку размоваў ва ўсіх ўзростах.

— Разгледзім пару прыкладаў. Выраз «застаўся толькі дух ды пятух» тлумачыцца расейкім «остались рожки да ножки», «глядзіць як дохлая варона ў коме» — расейскае «уставился как баран на новые ворота». Якое паходжаньне гэтых выразаў? Гэта такі творчы пераклад расейскіх фразеалагізмаў?

— Ні ў якім разе! Мы проста пераклалі нашы выразы на рускую мову, падабраўшы эквівалент. Гэтыя выразы існуюць асобна адзін ад аднаго.

— Цікава тады, чаму рускія гавораць «рожки да ножки», а ў нас «дух ды пятух»? Чаму, калі нехта моцна здзіўляецца, рускія кажуць «баран» і «новые ворота», а ў нас «дохлая варона»?

— Розьніца ў мэнталітэтах ёсьць адзназначна. Беларусы больш добрыя і больш старанныя. Увогуле такія адрозненьні выходзяць з побыту (у рускіх песьнях — валасы шаўковыя, а ў беларускіх — ільняныя), зь светапогляду.

— У слоўніку ёсьць выразы, якія быццам просяцца ў адну тэматычную падгрупу. «Вусы паласкаць» у значэньні «абмяркоўваць дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», «лаяцца матам» — «маюцца на ўвазе антыдзяржаўныя лёзунгі і воклічы», «пацівэн» — «аўтазак», «ПВА» — «плюшава-ватная абарона». Вы маглі б пракамэнтаваць гэта?

— Ну, чым народ жыве, тое ён і палошча (сьмяецца). Гэта частка нашага жыцьця — яўна беларускі слэнг. Не ўкраінскі, не расейскі.

— Ці вы чакаеце рэцэнзій на слоўнік ад прафэсійных філёлягаў?

— Мы будзем толькі радыя водгукам. Я скажу так: ёсьць рэчы, прызначаныя адмыслоўцам, і ёсьць рэчы для ўсіх людзей. Гэта прадукт масавы, і ён мае адпаведны фармат. Калі б мы пайшлі па першым шляху, то пісалі б часціны мовы, граматычна-стылістычны прыкметы і гэтак далей. Мы зрабілі гэты слоўнік максымальна простым, каб ім маглі карыстацца нават дзеці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG