Урад Украіны стварыў апэратыўны штаб для рэагаваньня на магчымыя праблемы з забесьпячэньнем нафтапрадуктаў пасьля ўвядзеньня расейскіх абмежаваньняў на пастаўкі аўтамабільнага паліва на тэрыторыю Ўкраіны.
«Пастаўкі дызэльнага паліва трубаправодным транспартам цалкам спыненыя, але мы бачым, што тыя, хто пастаўляў дызпаліва ва Ўкраіну, гатовыя гэта рабіць і далей. У ліпені паліва было назапашанае на нафтабазах», — заявіў 6 жніўня Андрэй Герус, дарадца прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях энэргетычнага сэктару.
Паводле яго, найперш арганізавана транспартаваньне дызэльнага паліва з Гомля, дзе яно пераладоўваецца з трубаправода ў цыстэрны. Андрэй Герус дадаў, што кампанія «Лукойл» не змагла атрымаць дазволу расейскага ўраду на пастаўку нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.
«Сёньня мы атрымалі інфармацыю аб тым, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод пераносіць свой рамонт з жніўня на кастрычнік і прыблізна на 25 % павялічвае пастаўкі дызэлю ўкраінскім пакупнікам у жніўні і верасьні да 250-260 тысяч тон у месяц, — сказаў Герус. — Ёсьць павелічэньне паставак зь Літвы, з Эўрапейскага Зьвязу, а таксама павялічылася вытворчасьць паліва на ўкраінскіх заводах. У жніўні мы бачым велізарны дадатковы рэсурс зь Беларусі, з Эўразьвязу і па моры, што з запасам кампэнсуе зьніжэньне паставак дызэлю з Расеі, якое мы чакаем у гэтым месяцы».
Дарадца Ўладзіміра Зяленскага таксама дадаў, што ў ліпені павялічылася аб’ёмы паставак нафтапрадуктаў па моры — на 10-20 тысяч тон да 60-90 тысяч тон на месяц.
У сваю чаргу міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзімір Амелян падкрэсьліў, што чыгунка і марскія парты забясьпечаныя дастатковай колькасьцю рухомага складу для перавозкі нафтапрадуктаў.
Расейская нафтавая блякада Ўкраіны
Расея з 1 чэрвеня спыніла пастаўку сырой нафты ва Ўкраіну і зьмяніла сыстэму экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Згодна з пастановай расейскага ўраду, для ажыцьцяўленьня паставак дызэльнага паліва і бэнзіну, якія найчасьцей пастаўляюцца ва Ўкраіну, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.
Па выніках 2018 году пастаўкі сьветлых нафтапрадуктаў, у тым ліку бэнзіну і дызэльнага паліва, звадкаванага газу і маторнага алею з Расеі складала 33%, зь Беларусі — 32%, зь Літвы — 7%, зь іншых крыніц — 11%, і яшчэ 17% выраблялася ва Ўкраіне.