Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога асабістага». Як атрымалася, што буйная беларуская кампанія пагражае нацыянальнай бясьпецы Літвы?


«Белтрубаправодбуд» падчас будаўніцтва
«Белтрубаправодбуд» падчас будаўніцтва

Найбуйнейшае прадпрыемства паліўна-энэргетычнага комплексу Беларусі ААТ «Белтрубаправодбуд» апынулася ў цэнтры скандалу, зьвязанага з тэндэрам на будаўніцтва 165-кілямэтровага газаправоду паміж Літвой і Польшчай.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (VSD) не дапусьціў «Белтрубаправодбуд» да будаўніцтва, бо гэта не адпавядала б інтарэсам нацыянальнай бясьпекі.

Што за тэндэр і якія былі шанцы?

Тэндэр на будаўніцтва газаправоду па літоўскай тэрыторыі праводзіла кампанія AB Amber Grid. «Белтрубаправодбуд» разам з ковенскім партнэрам — кампаніяй KRS мелі найлепшыя шанцы на перамогу, бо прапанавалі самы выгадны варыянт. Аднак нечакана ўрад Літвы пастанавіў прызнаць угоду, якую плянавалася заключыць зь пераможцам, не адпаведнай інтарэсам нацыянальнай бясьпекі.

Паводле літоўскіх СМІ, дырэктар KRS Дарыюс Вілімас паведаміў, што гэтае рашэньне прынята на падставе заключэньня, якое накіраваў арганізатарам тэндэру Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (VSD).​

Якую пагрозу Літве нясе «Белтрубаправодбуд»?

На чым грунтавалася рашэньне літоўскіх спэцслужбаў, пакуль не паведамляецца. «Белтрубаправодбуд» за гады свайго існаваньня з 1965 году пабудаваў шэраг газаправодаў і іншых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, Расеі, Украіны, а таксама Літвы, Латвіі і Эстоніі. Раней пытаньне пра пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі не паўставала.

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс сказаў Свабодзе, што беларускі бок можа абскардзіць рашэньне Літвы.

Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс

«Але ў нас ёсьць унутранае правіла наконт інвэстыцый, асабліва ў стратэгічныя аб’екты. А сэктар энэргетыкі якраз найбольш адчувальны, і зноў жа тут давер да беларускага боку не асабліва ёсьць. Вы можаце сказаць: „Ой, зноў Астравец (будаўніцтва БелАЭС, супраць якога выступае Літва. — РС)“. А ці трэба нагадваць „Дружбу“ і гісторыі містычных аварый (прыпыненьне паставак па „Дружбе“ з прычыны бруднай расейскай нафты. — РС)? Ці трэба абмяркоўваць поўную залежнасьць у гэтым пляне ад Масквы? Ці ёсьць там празрыстасьць ва ўсіх угодах? Як Вільні ведаць, што яна ня стане разьменнай картай ва ўнутраных перамовах?»

Паводле Віціса Юрконіса, гэты выпадак зь «Белтрубаправодбудам» не ўнікальны.

«Былі перакрытыя інвэстыцыі ў Вlockсhain Center у Клайпедзе. Былі абмежаваньні адносна інвэстыцый у аэрапорт і іншыя аб’екты. То бок нічога асабістага, толькі нацыянальная бясьпека».

Віціс Юрконіс кажа, што асноўнае ў добрых сяброўскіх стасунках — «пытаньне даверу».

«Гандаль, інвэстыцыі, транзыт, турызм і іншыя паказчыкі ў прынцыпе паказваюць на даволі ўстойлівыя і добрыя стасункі. Але, канечне, патэнцыял ня вычарпаны. На жаль, нягледзячы на спробы літоўскага боку ў 2009–2010 гадах быць флягманам прасоўваньня збліжэньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, адказам на гэта былі масавыя рэпрэсіі ў сьнежні 2010 году. Плюс уся гісторыя з Астраўцом.

Сытуацыя з дамовай аб малым памежным руху ляжыць на беларускім баку (беларускі бок замарозіў дамову аб малым памежным руху зь Літвой. — РС). Ня кажучы пра прынцыпова важныя пытаньні, як „справа 13 студзеня“ (Беларусь ня выдала на патрабаваньне Літвы былога намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзіміра Ўсхопчыка, якога ў Вільні прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году. Яго, як і шэраг іншых савецкіх службовых асобаў, суд прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці за ўдзел у савецкай агрэсіі ў Вільні 13 студзеня, калі ля тэлевізійнай вежы загінулі 13 грамадзян. — РС).

Дзе тут добрасуседзкія адносіны? Адкуль зьявіцца даверу, калі падыход да Літвы часьцей у выглядзе шантажу?» — сказаў Віціс Юрконіс.

Рэакцыя беларускага МЗС і адказ Літвы

Рашэньне літоўскага боку адносна «Белтрубаправодбуду» мела балючую рэакцыю зь беларускага боку.

Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы ў Менску і заявіла пратэст. Урад Літвы быў абвінавачаны ва ўмяшаньні ў камэрцыйную ўгоду з удзелам беларускага суб’екта гаспадараньня «з надуманых падставаў».

У выніку беларуская кампанія, якая цалкам адпавядае ўсім патрабаваньням і прапаноўвала найбольш выгадныя ўмовы, была фактычна выключаная з праекту, лічаць у беларускім МЗС.

Аргумэнты літоўскага боку беларускі МЗС назваў «адкрыта несяброўскімі, такімі, якія ствараюць небясьпечны прэцэдэнт палітызацыі двухбаковага ўзаемадзеяньня ў эканамічнай сфэры».

Маўляў, такія дзеяньні літоўскага боку грунтуюцца «на памылковым меркаваньні і наносяць відавочную шкоду гандлёва-эканамічным адносінам дзьвюх краін».

У амбасадзе Літвы ў Менску ад камэнтароў устрымаліся.

Літоўскі дыплямат сказаў карэспандэнту Свабоды, што афіцыйнага адказу з МЗС Літвы на гэтыя заявы беларускага боку пакуль няма.

«Я ўпэўнены, што спэцслужбы, як вы іх называеце, зрабілі сваю справу і ў іх ёсьць нейкія аргумэнты, калі такое рашэньне было прынятае. Я нават не сумняваюся».

У «Белтрубаправодбудзе» і літоўскай KRS карэспандэнту Свабоды сытуацыю не пракамэнтавалі.

Раней сябра рады дырэктараў «Белтрубаправодбуда» Аляксандар Пугачоў сказаў у інтэрвію Tut.by, што «гэта прыкрае непаразуменьне». Маўляў, удзел «Белтрубаправодбуда» ў гэтым праекце стаў бы «доказам прымірэньня і працягу канструктыўнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы».

Хто выйграў тэндэр?

Перамогу ў тэндэры здабыла літоўская кампанія, якая займала другое месца пасьля «Белтрубаправодбуда» і KRS.

165-кілямэтровы газаправод у Польшчу на тэрыторыі Літвы пракладзе літоўская Alvora разам з Šiaulių dujotiekio statyba.

Дамову зь імі павінны падпісаць да восені гэтага году, а працы па пракладцы газаправоду плянуюцца ўжо на пачатку кастрычніка.

Alvora UAB і яе даччыная кампанія Alvora-Bel працуюць і ў Беларусі, яны бралі ўдзел у будаўніцтве нафтапрадуктаправоду Наваполацак — Фаніпаль.

Што вядома пра «Белтрубаправодбуд»?

Адзін з праектаў «Белтрубаправодбуда»
Адзін з праектаў «Белтрубаправодбуда»

Прадпрыемства «Белтрубаправодбуд» створана ў 1965 годзе для выкананьня работ па будаўніцтве нафтаправоду «Дружба» на напрамках Унеча — Полацак — Вэнтсьпілс і Унеча — Гомель — Гданьск і асваеньня беларускіх нафтавых радовішчаў.

«Белтрубаправодбуд» быў генпадрадчыкам на будаўніцтве магістральнага газаправоду «Ямал — Эўропа». Кампанія ўваходзіць у Расейскі саюз нафтагазабудаўнікоў. Яна акрэдытаваная ў такіх кампаніях, як «Газпром», АК «Транснефть», НК «Роснефть», «ЕЭС России» і выканала для іх шэраг праектаў.

«Белтрубаправодбуд» праводзіў рэканструкцыю газаправоду «Івацэвічы — Вільня». Ня выключана, што прадпрыемства задзейнічана на будоўлі БелАЭС.

Прадпрыемства згадвалі ў СМІ ў жніўні мінулага году, калі з прычыны несанкцыянаваных работ ААТ «Белтрубаправодбуда» безь сьвятла засталіся 40 населеных пунктаў Берасьцейшчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG