7 жніўня амбасада ЗША ў Менску, прадстаўніцтва ААН, а таксама МЗС Беларусі ўшануюць памяць амэрыканскай грамадзянкі Рут Уолер, якая дапамагала беларусам пасьля вайны і памерла ў Менску.
Амэрыканка Рут Ўолер, якая працавала ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, памерла ў Менску 4 жніўня 1946 году. Яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ў Лошыцы, а сама захварэла на мэнінгіт і праз тыдзень памерла. Пахавалі яе на Вайсковых могілках у Менску.
Лекар Казімір Яцына пачаў даглядаць магілу Рут Ўолер яшчэ ў 1975-м, калі паступіў у Менскі мэдінстытут.
Выратавала беларускіх дзяцей, а сама загінула
У мэдінстытуце студэнтам чыталі лекцыю пра мэнінгіт. І выкладчык, прафэсар Ісаак Маісеевіч Нісенбаум — распавёў кранальную гісторыю пра 25-гадовую амэрыканку, якая працавала ў Менску ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных нацый.
Рут Ўолер выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ля рэзыдэнцыі UNRRА ў Лошыцы. А сама захварэла на постгрыпозны мэнінгіт. Яе лячылі найлепшыя мэдыкі Беларусі, але выратаваць дзяўчыну не ўдалося, і праз тыдзень яна памерла.
Студэнта мэдінстытуту Казіміра Яцыну гэтая гісторыя вельмі ўразіла. Летам ён паехаў у будаўнічы атрад, зарабіў грошай. І калі вярнуўся ў Менск у канцы жніўня, адразу ж пайшоў на Вайсковыя могілкі.
«На вуліцы Казлова была гаспадарчая крама, я купіў бляшанку зялёнай і бляшанку жоўтай фарбы. Хацеў набыць залатой, каб напісаць літары, але яе не было тады ў продажы. А „серабранкай“ у вёсцы печкі і шчыткі фарбавалі. Таму давялося купіць жоўтую. Купіў пэндзаль — ніякіх распушчальнікаў, шчотак тады не было, каб саскрэбці старую фарбу. Я рукамі выдраў кустоўе, выламаў гальлё, пафарбаваў агароджу ў зялёны колер, а жоўтай фарбай напісаў літары на абэліску. І потым я рэгулярна прыходзіў на гэтую магілу Рут, прыбіраў яе», — кажа спадар Яцына.
Ён і дагэтуль, жывучы ўжо ў Глыбокім, калі бывае ў Менску, спачатку ідзе на Вайсковыя могілкі да Рут Ўолер, а потым на магілы славутых беларусаў.
Рут Ўолер дапамагла выратавацца тысячам беларусаў
Сьмерць Рут Ўолер мела важны палітычны сэнс — яна адыграла ключавую ролю ў зьняцьці «пэніцылінавага эмбарга» з СССР. У пасьляваенным Менску першая лінія для вытворчасьці пэніцыліну была пабудаваная праз год пасьля сьмерці Рут, у 1947 годзе, пры падтрымцы UNRRА. У першыя пасьляваенныя гады па лініі ААН Беларусі было выдзелена гуманітарнай дапамогі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.
Камуністычныя ўлады БССР імкнуліся ня згадваць пра амэрыканскі ўнёсак у аднаўленьне разбуранай вайной Беларусі. Толькі ў 2016 годзе адной зь менскіх школ надалі імя Рут Уолер.