Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая распрацавала законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс», і Палата прадстаўнікоў зарэгістравала гэты дакумэнт для разгляду, расказвае Naviny.by.
Што прапануе Канапацкая
Шмат прапановаў і так не забаронена дзейным заканадаўствам, але, адзначае Naviny.by, выкананьне гэтых нормаў застаецца на сумленьні выканаўчай улады.
Прапановы такія:
- Дазволіць назіральнікам на выбарах азнаёміцца з выбарчымі сьпісамі, фіксаваць правядзеньне выбараў і падлік галасоў любымі спосабамі, у тым ліку праз фота, аўдыё- і відэазапіс.
- Дэманстраваць бюлетэні падчас падліку галасоў з такой адлегласьці, каб назіральнікі бачылі, дзе ў іх стаяць пазнакі.
- Датэрміновае галасаваньне абмежаваць адным участкам на выбарчую акругу, праводзіць яго з 12 да 20 гадзінаў безь перапынку, нявыкарыстаныя бюлетэні штодзень апячатваць па заканчэньні галасаваньня.
- Галасаваньне на даму праводзіць толькі пры ўмове, што выбарнік пазначыць прычыну немагчымасьці прагаласаваць на выбарчым участку.
Чаму гэта незвычайна для Беларусі
Такое адбываецца рэдка, каб Палата прадстаўнікоў узялася разглядаць законапраект свайго дэпутата, а не дакумэнт, распрацаваны ўрадам ці Аляксандрам Лукашэнкам.
За апошнюю сэсію палата прыняла 90 законапраектаў, і толькі два былі ініцыяваныя дэпутатамі. Але і тыя пасьля прыняцьця палатай ня сталі законамі — ад Лукашэнкі іх вярнулі зь пярэчаньнямі, і цяпер невядома, стануць дэпутаты перапрацоўваць дакумэнты ці прагаласуюць дзьвюма трацінамі галасоў, каб адхіліць пярэчаньні Лукашэнкі і прыняць закон у ранейшай рэдакцыі, або проста ня стануць рабіць нічога.
Законапраект Канапацкай прымуць?
Памочнік Канапацкай Дзяніс Ціханенка кажа, што законапраект ужо «рыхтуецца да прыняцьця ў першым чытаньні». З поўным тэкстам можна азанёміцца тут. Але дакумэнт яшчэ не падрыхтаваны да першага чытаньня профільнай камісіяй, і яго могуць не пасьпець падрыхтаваць да роспуску цяперашняга складу палаты і скліканьня новай. А калі і пасьпеюць, то ён наўрад ці паўплывае на парлямэнцкія выбары, якія чакаюцца восеньню — хіба на прэзыдэнцкія налета.
Быў і другі праект зьменаў у Выбарчы кодэкс, які распрацоўвалі ў міжведамаснай групе з Цэнтарвыбаркамам на чале, з улікам рэкамэндацыяў АБСЭ і беларускай апазыцыі. ЦВК накіроўваў праект Лукашэнку, але той ня даў адказу. У працы над тым праектам Канапацкая таксама брала ўдзел, але цяпер выставіла на разгляд уласную вэрсію прапановаў. Пачытаць яго любому ахвочаму пакуль нельга.
Крыніца Naviny.by у ЦВК кажа, што прапановы Канапацкай, якія «могуць быць прынятыя», ёсьць і ў праекце ЦВК.