Расейскі апазыцыйны лідэр, кіраўнік «Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксей Навальны, арыштаваны на 30 сутак у мінулую сераду, быў шпіталізаваны 28 ліпеня з дыягназам «вострая алергічная рэакцыя».
Пад лякарняй увечары 28 ліпеня паліцыянты жорстка затрымлівалі прыхільнікаў палітыка і журналістаў — схапілі сама меней 21 чалавека, піша Zona.Media. Затрыманы фатограф кажа, што яго зьбілі і зламалі камэру, хоць ён меў з сабой прэс-картку. Пад ноч затрыманых журналістаў вызвалілі, астатніх павезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў.
Дактары Анастасія Васільева і Яраслаў Ашыхмін — афтальмоляг і кардыёляг, якія даўно назіралі за здароўем палітыка, — прыходзілі агледзець яго, але іх выправадзілі. Васільева расказала са згоды Навальнага пра ягоныя сымптомы. Яна піша, што «каля палаты цэлы канвой», іх «літаральна адразу» выгналі з палаты «са словамі, што вы староньнія людзі, ён пад арыштам», хоць лекары мелі належныя дакумэнты.
Паводле Васільевай, яна заўважыла ў палітыка сымптомы, якія адпавядаюць «востраму таксычнаму кератыт-каньюктывіту і дэрматыту і агульнай інтаксыкацыі». Яна ўпэўнена сьцьвярджае, што гэта не алергія, якой у палітыка ніколі і не было, а атручэньне хімічнымі рэчывамі.
«Выразны ацёк і рэзкая гіпэрэмія верхніх і ніжніх павекаў і вакол вачэй, гнойныя выдзяленьні з правай каньюнктывальнай паражніны, сьверб. Множныя папулезныя высыпаньні на скуры шыі, сьпіны, грудзях, локцевых згібах рук», — апісвае яна сымптомы.
Лекарка дадае, што Навальнага шпіталізавалі ў лякарню, якой загадвае сябра партыі ўлады «Единая Россия», што «кантралюе кожны крок і лячэньне» хворага.
Але атручэньне гэта не адзіная вэрсія. Праваабаронца Аляксандар Падрабінек піша, што сымптомы нагадваюць рэакцыю на ўкусы пасьцельных клапоў. У зьняволеных у спэцпрыёмніках бывалі такія рэакцыі, а «клапы ў міліцэйскіх спэцпрыёмніках былі злоснымі, як міліцыянты, і велізарнымі калёніямі нападалі на арыштантаў нават удзень, хоць усе іх цывільныя браты робяць гэта звычайна ноччу».
- У сераду Аляксей Навальны быў прыгавораны Сіманаўскім судом Масквы да 30 сутак арышту паводле абвінавачваньня ў паўторным парушэньні правілаў арганізацыі публічнага мерапрыемства. Навальнаму паставілі ў віну заклік выйсьці 27 ліпеня да будынку мэрыі Масквы на несанкцыянаваную акцыю за допуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу.
- Саму акцыю, на якую, паводле розных ацэнках, выйшла ад трох з паловай да дзесяці тысяч чалавек, жорстка разагналі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Паводле дадзеных парталу «ОВД-Инфо», амаль паўтары тысячы чалавек былі затрыманыя, многія да гэтага часу знаходзяцца ў аддзелах паліцыі. Больш за 70 удзельнікаў пратэсту атрымалі траўмы.