27 ліпеня на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасьці зь незалежнасьцю Беларусі, якую зладзілі беларускія і ўкраінскія актывісты.
Падчас акцыі ўдзельнікі раздавалі бел-чырвона-белыя стужачкі і разгарнулі 8-мэтровы нацыянальны сьцяг. Сёлета да акцыі далучыліся і беларускія турысты, якія прыйшлі на Майдан Незалежнасьці і пабачылі беларускую сымболіку.
Удзельнікі акцыі перакананыя, што дзень незалежнасьці Беларусі мае адзначацца менавіта 27 ліпеня, калі ў 1990 годзе была падпісаная Дэклярацыя аб незалежнасьці.
«Гэта важна ведаць і памятаць асабліва сёньня, калі незалежнасьць Беларусі апынулася пад пагрозай», — сказаў беларус Алег Аўчыньнікаў. Усім прысутным прапанавалі напісаць на сьцягу зычэньні беларусам. Украінцы цытавалі Тараса Шаўчэнку і заклікалі берагчы беларускую мову і размаўляць на ёй.
Сьцяг перададуць у Менск у жніўні і прэзэнтуюць на адной з акцый.