Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застрэліў і падпаліў машыну». Суд адправіў на пажыцьцёвае забойцу бізнэсоўца зь Бярэзані


Аляксей Сінькевіч у судзе. 26 ліпеня 2019 году
Аляксей Сінькевіч у судзе. 26 ліпеня 2019 году

Менскі абласны суд асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне менчука Аляксея Сінькевіча. Суд прызнаў яго вінаватым у забойстве бізнэсоўца зь Бярэзані (Беразіно) Сяргея Мяцельскага, а таксама ў вымаганьні, незаконных дзеяньнях са зброяй і падпале аўтамабіля.

Маці бізнэсоўца Любові Мяцельскай адмовілі ў задавальненьні грашовага пазову аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 30 тысяч раблёў.

Маці і жонка бізнэсоўца Мяцельскага
Маці і жонка бізнэсоўца Мяцельскага

У той жа час суд пастанавіў спагнаць зь Сінькевіча 30 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды на карысьць жонкі бізнэсоўцы Вольгі Мяцельскай.

Другому падсуднаму ў справе, Расьціславу Сьветчыкаву, прысудзілі зьняволеньне на 6 гадоў за вымаганьне (агулам 24 гады).

Расьціслаў Сьветчыкаў падчас абвяшчэньня прысуду
Расьціслаў Сьветчыкаў падчас абвяшчэньня прысуду

Абодва ўжо адбываюць пакараньне за забойства менскага прадпрымальніка Андрэя Касяка, якое адбылося празь месяц у тым жа 2016 годзе. За тое злачынства Аляксей Сінькевіч быў асуджаны на 23 гады зьняволеньня, Расьціслаў Сьветчыкаў — на 24 гады.

Сінькевіч заявіў, што нязгодны з прысудам і будзе яго абскарджваць. На просьбу пракамэнтаваць прысуд Сінькевіч пракрычаў, што ня быў знаёмы зь Мяцельскім і што ёсьць запіс тэлефоннай размовы з Касяком, паводле якой ён не вінаваты.

Адвакатка Сінькевіча адмовілася камэнтаваць вырак: «Яшчэ ня бачыла прысуду».

Бацька Расьціслава Сьветчыкава сказаў, што таксама будзе абскарджваць прысуд.

«Ён зусім невінаваты. Яго падставіў Сінькевіч», — сказаў бацька Сьветчыкава.

Аляксей Сінькевіч
Аляксей Сінькевіч

Аляксей Сінькевіч сваю віну ў забойстве Сяргея Мяцельскага так і не прызнаў.

Расьціслаў Сьветчыкаў, наадварот, цалкам прызнаў віну ў вымаганьні грошай у Мяцельскага і ў апошнім слове папрасіў прабачэньня ў ягоных сваякоў. На працэсе Сьветчыкаў даваў паказаньні, паводле якіх ён дзейнічаў разам зь Сінькевічам на замову свайго працадаўцы Андрэя Касяка. Яны стараліся вярнуць ад Сяргея Мяцельскага пазыку памерам 440 тысяч даляраў на карысьць расейскай фірмы, зь якой Мяцельскі супрацоўнічаў, калі працаваў у фірме прадпрымальніцы зь Беларусі. Паводле Сьветчыкава, Сінькевіч выйшаў за межы пляну, замоўленага Касяком, і забіў Мяцельскага, а ягоны аўтамабіль падпаліў, каб замесьці сьляды.

Аляксей Сінькевіч і ў апошнім слове працягваў паўтараць, што не забіваў бізнэсоўца зь Бярэзані, ня ведаў яго і нават ніколі ня быў у гэтым горадзе. Падсудны заклікаў суд адправіць справу на новае расьсьледаваньне, каб знайсьці сапраўднага злачынцу. Паводле Аляксея Сінькевіча, яго трэба шукаць сярод тых, каго нябожчык добра ведаў і пусьціў да сябе ў аўтамабіль, дзе і застрэліў.

Суд у справе цягнуўся амаль месяц, у канцы працэсу пракурор Вадзім Кісель выставіў Сінькевічу новае абвінавачаньне, якое мала ў чым адрозьнівалася ад першапачатковага.

Забойства Сяргея Мяцельскага адбылося раніцай 26 верасьня 2016 году. Паводле Расьціслава Сьветчыкава, на аўтамабілі са зьмененымі нумарамі ён прывёз Сінькевіча ў Бярэзань і высадзіў непадалёк ад дома бізнэсоўца. Вось што Сьветчыкаў расказваў у судзе пра падзеі, якія адбыліся праз 40 хвілін.

«Падбег [Сінькевіч]. Куртка навыварат, на галаве шапка, кінуў яе ў торбу, у торбе быў нейкі прадмет. Сказаў мне ехаць, я здаў назад, думаў праехаць міма дома Мяцельскага, але Сінькевіч загадаў ехаць іншай дарогай. Калі мы выехалі за горад, я бачыў, што ўдалечыні гарыць аўтамабіль. Сінькевіч загадаў націснуць газ. Мы пранесьліся міма, з машыны яшчэ ішоў вялікі дым. Я зразумеў адразу, што гэта была «Аўдзі» Мяцельскага. Раней я яе бачыў, калі прыяжджалі да яго з Касяком. Спытаў у Сінькевіча, што адбылося, а той усьміхнуўся: «А як доўг выбіваецца? Сядзі і маўчы».

Але ці можна было давяраць паказаньням Расьціслава Сьветчыкава?

Паводле Аляксея Сінькевіча, міліцыянты прымушалі яго даць паказаньні на Сьветчыкава, пра якога меркавалі, што гэта ён забіў Мяцельскага. Сінькевіч сказаў суду, што спачатку адмаўляўся паклёпнічаць на знаёмага, а калі пагадзіўся, яму было заяўлена, што позна, бо ўжо Сьветчыкаў дае паказаньні на яго як на забойцу. Пры гэтым Сінькевіч думаў, што і Сьветчыкава прымусілі паклёпнічаць, каб хутчэй адрапартаваць, што «забойца Мяцельскага знойдзены». Паводле Аляксей Сінькевіча, міліцыянты сьпяшаліся, бо «справа была на асабістым кантролі ў кіраўніка дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG