Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіпр за калючым дротам. Як жыве краіна, у якой 45 гадоў таму адбыўся свой «Данбас»


Нікасія. За калючым дротам пачынаецца Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра
Нікасія. За калючым дротам пачынаецца Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра

Даўно хацеў трапіць на Паўночны Кіпр. Раней, у 90-я, легальна зрабіць гэта было амаль немагчыма, але цяпер многае зьмянілася. Калючы дрот паміж дзьвюма часткамі падзеленага ў 1974 годзе паміж грэкамі-кіпрыётамі і туркамі-кіпрыётамі вострава больш не зьяўляецца непераадольнай перашкодай.

Трапіць на поўнач з паўднёвай часткі досыць проста: дастаткова мець пашпарт з кіпрскай ці шэнгенскай візай. А вось калі вы наважыліся прыехаць у турэцкую частку Кіпра з тэрыторыі Турэччыны, у вачах кіпрскіх уладаў вы парушальнік закону. Праўда, тысячы турыстаў на гэта мала зважаюць... Тым больш што сам Паўночны Кіпр не патрабуе візаў ад ніводнай краіны сьвету, апроч Армэніі і Нігерыі.

«Сям’я ледзь пасьпела ўцячы на поўдзень»

Нікасія. За калючым дротам пачынаецца Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра
Нікасія. За калючым дротам пачынаецца Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра

Назву «Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра» вы наўрад ці знойдзеце на геаграфічных мапах: краіна не прызнаная ніводнай дзяржавай сьвету, апроч Турэччыны (ды яшчэ такой жа не прызнанай у сьвеце Абхазіі). Але ў рэальнасьці яна існуе — са сваімі сьцягам, гербам, сталіцай ды ўсімі іншымі атрыбутамі незалежнасьці. І нібыта ўмоўная «зялёная лінія», якая падзяляе дзьве часткі вострава — насамрэч паўнавартасная дзяржаўная мяжа. Ды яшчэ якая: нешта накшталт «жалезнай заслоны» пры СССР. На эўрапейскім кантынэнце такую цяпер ужо мала дзе ўбачыш: з калючым дротам, аўтаматчыкамі на вышках, шырокай нэўтральнай паласой з пастамі войскаў ААН...

Памежны пераход у Нікасіі. Чэргаў няма
Памежны пераход у Нікасіі. Чэргаў няма

Чэргаў на пунктах пропуску што ў Нікасіі (разьдзеленай надвое сталіцы падзеленага Кіпра), што ў Фамагусьце (некалі славутым міжземнаморскім курорце, які вядомы цяпер пераважна сваім горадам-прывідам) — ніякіх. Адна-дзьве машыны, рэдкі аўтобус... Прычым едуць пераважна не мясцовыя жыхары — замежныя турысты.

Разгаварыліся пра гэта з маёй кіпрскай знаёмай — Янай. Яна родам з Тбілісі, ужо больш за дваццаць год жыве на Кіпры. Выйшла тут замуж, даўно мае кіпрскі пашпарт. Ці была хоць раз на паўночнай частцы вострава?

Паліцэйскі надгляд на памежным пераходзе
Паліцэйскі надгляд на памежным пераходзе

— Не, ні разу. Ды ў нас тут неяк не прынята... І муж мой там ніколі ня быў, і ня хоча. Ягоны бацька быў родам адтуль. Загінуў у 1974-м, калі пачалася турэцкая акупацыя. Сям’я ледзь пасьпела ўцячы на поўдзень. Для ўсіх іх гэта надта балючая гісторыя.

Падзеі ліпеня 1974-га — драматычныя для лёсу кіпрыётаў. Грэкі называюць іх «акупацыяй і анэксіяй з боку Турэччыны», туркі — «апэрацыяй па падтрыманьні міру на Кіпры». Адбываліся яны на тле дзяржаўнага перавароту: у 1974-м пры падтрымцы грэцкай хунты «чорных палкоўнікаў» уладу на Кіпры захапілі радыкалы — прыхільнікі ідэі «энозісу» (далучэньня да Грэцыі). Напалоханая гэтым Турэччына накіравала на востраў сваю акупацыйную армію «дзеля навядзеньня канстытуцыйнага парадку». Турэцкая армія заняла 36 працэнтаў тэрыторыі вострава, правяла этнічныя чысткі ды так і засталася там, у выглядзе шматлікіх гарнізонаў, якія ўбачыш на кожным кроку.

Маленькая Турэччына

Першае ўражаньне ад Паўночнага Кіпра: гэта маленькая Турэччына. З абавязковым помнікам Атацюрку ў кожным гарадку і пасёлку, з турэцкімі вайскоўцамі на вуліцах, з турэцкай лірай у якасьці валюты... Цікавая дэталь: дзяржаўныя сьцягі Паўночнага Кіпра, якія ўбачыш тут на кожным кроку, у абавязковым парадку суседнічаюць са сьцягамі Турэччыны.

Сьцяг Паўночнага Кіпра — гэта нібы нэгатыўны адбітак турэцкага сьцяга: тыя ж паўмесяц і зорка, толькі — чырвоныя на белым тле. Убачыць гэты сьцяг можна яшчэ за шмат кілямэтраў да мяжы з грэцкага боку: нібы дражнячы суседзяў, туркі-кіпрыёты выклалі яго выяву белымі і чырвонымі валунамі на схіле гары побач зь Нікасіяй. Даўжыня сьцяга — 500 мэтраў, шырыня — 225.

Помнікі Атацюрку — у кожным пасёлку. Удалечыні, на схіле гары — гіганцкі сьцяг, выкладзены зь белых і чырвоных валуноў
Помнікі Атацюрку — у кожным пасёлку. Удалечыні, на схіле гары — гіганцкі сьцяг, выкладзены зь белых і чырвоных валуноў

Кажуць, што, падсьветлены ўначы, ён бачны нават з космасу. Побач з выявай сьцяга такі ж гіганцкі надпіс — выслоўе Атацюрка: «Шчасьлівы той, хто можа назваць сябе туркам».

Адметна, што яшчэ ў 90-я падобная завядзёнка — вывешваць побач два сьцягі — была і на поўдні: там, адпаведна, поруч з афіцыйным белым сьцягам Рэспублікі Кіпр амаль паўсюль быў бачны сьцяг Грэцыі. Але за мінулыя два дзесяцігодзьдзі на поўдні гэтая традыцыя спакваля зьнікае: часьцей побач з нацыянальным сьцягам лунае сіні сьцяг Эўразьвязу. І ў размовах зь мясцовымі грэкамі-кіпрыётамі адчуваецца, што тэма аб’яднаньня з гістарычнай радзімай, якая, уласна, і прывяла да канфлікту ў 1974 годзе, гучыць цяпер ня надта актуальна.

«Гэта папярэднія пакаленьні дужа хацелі аб’яднаньня. А мы ўжо прывыклі да ўласнай дзяржавы. Навошта нам зь некім аб’ядноўвацца?» — прыблізна такі адказ можна найчасьцей пачуць ад мясцовых жыхароў. І такую зьмену настрояў можна лёгка патлумачыць, калі ўлічыць той факт, што калі да 1974 году ВУП у краіне на душу насельніцтва быў амаль напалову меншы, чым у Грэцыі, дык цяпер наадварот: на траціну большы. Параўнаньне з Турэччынай яшчэ больш уражвае: Кіпр апярэджвае яе ў 2,2 раза.

Цэрквы са сьпілаванымі крыжамі

Вонкава Паўночны Кіпр ня надта адрозьніваецца ад паўднёвага, «эўразьвязаўскага». Так, крышку бядней. Так, крышку брудней. Цэны ў крамах і кавярнях заўважна ніжэйшыя. Тыя ж маляўнічыя пэйзажы, тыя ж дагледжаныя палі. Праўда, раз-пораз позірк спыняецца на паўразбураных сядзібах, зарослых хмызьняком: гэта дамы грэкаў-кіпрыётаў, пакінутыя 45 год таму. Амаль у кожным гарадку і пасёлку — звыклыя для Кіпра абрысы цэркваў у бізантыйскім стылі, з чырвонымі чарапічнымі дахамі. Без крыжоў, сярод дзікіх зарасьнікаў. Бачна, што прыхаджан-хрысьціян тут даўно няма.

Пры падзеле на поўначы вострава засталіся амаль усе найбольш значныя і цікавыя архітэктурныя помнікі сярэднявечча. Асабліва ўражвае сабор Сьвятога Мікалая ў Фамагусьце — храм XIV стагодзьдзя ў стылі позьняй готыкі, своеасаблівая паменшаная копія Рэймскага сабора. Пабудавалі яго кіпрскія каралі з дынастыі французскіх Люзіньянаў. Менавіта ў ім вянчаліся на ерусалімскі прастол. Цяпер у колішнім каталіцкім саборы — мячэт Лала Мустафа-пашы (у гонар военачальніка, які захапіў Фамагусту ў вэнэцыянцаў у 1571 годзе). Да гатычных вежаў прыбудаваны мінарэт, на фасадзе — сьцягі з паўмесяцам...

Гатычны сабор Сьвятога Мікалая ў Фамагусьце быў некалі каталіцкім саборам, цяпер тут мячэт Лала Мустафа-пашы
Гатычны сабор Сьвятога Мікалая ў Фамагусьце быў некалі каталіцкім саборам, цяпер тут мячэт Лала Мустафа-пашы

Падчас марскіх шпацыраў вакол вострава капітаны яхтаў любяць здалёк паказваць турыстам квартал Варош — які называюць горадам-прывідам.

Квартал Варош, набліжацца да яго забаронена
Квартал Варош, набліжацца да яго забаронена

Набліжацца да яго забаронена, ён заняты і ахоўваецца турэцкімі войскамі. Здалёк квартал нагадвае гэткі кіпрскі Мангэтан: дзясяткі высокіх сучасных будынкаў на беразе з шыкоўнымі белымі пляжамі — кажуць, найлепшымі на востраве.

Фамагуста. Зона адчужэньня на мяжы двух Кіпраў абнесеная калючым дротам. У гэтай краме, якая належала калісьці грэкам, наведнікаў не было з 1974 году
Фамагуста. Зона адчужэньня на мяжы двух Кіпраў абнесеная калючым дротам. У гэтай краме, якая належала калісьці грэкам, наведнікаў не было з 1974 году

У 1974 годзе ў Фамагусьце было 109 гатэляў на 11 тысяч месцаў. Частка іх дагэтуль юрыдычна застаюцца ўласнасьцю грамадзянаў дваццаці краін сьвету. Але пакарыстацца той уласнасьцю немагчыма.

Квартал бязьлюдны і даўно разрабаваны, абнесены калючым дротам.

Да вайны горад быў населены пераважна грэкамі. Пасьля акупацыі грэкам загадалі пакінуць Варошу на працягу сутак. Узяць з сабой дазвалялася толькі тое, што можна было вынесьці на сабе.

Пасьля 1974-га грэкаў у горадзе практычна не засталося.

Аскепкі разваленых імпэрый

Колішнія імпэрыі ўчэпіста трымаюць аскепкі сваёй былой велічы, мроі пра тую эпоху, калі яны былі магутнымі і неабдымнымі. Гісторыя сьведчыць, што канфлікты гэтыя могуць цягнуцца дзесяцігодзьдзямі безь вялікіх спадзеваў на тое, што вырашацца ў маштабах жыцьця сёньняшніх пакаленьняў. Для нас больш блізкія і вядомыя «постсавецкія» прыклады непрызнаных дзяржаў, што ўтварыліся на абломках СССР — Нагорны Карабах, Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, ДНР-ЛНР. Але ў сьвеце такіх непрызнаных ці напаўпрызнаных дзяржаў значна болей: Тайвань (абвясьціў незалежнасьць у 1949), Джаму і Кашмір (1947), Заходняя Сахара (1976), Косава (2008).

Калі цяпер я слухаю некаторых палітыкаў пра тое, як яны зьбіраюцца ў сьціслыя тэрміны вырашыць праблему Данбасу альбо Крыму — я згадваю пра лёс разьдзеленага ўжо 45 год Кіпра.

Такіх аскепкаў колішніх вялікіх і ня вельмі вялікіх імпэрый, якія ўтварыліся на самых балючых нацыянальных разломах ды так і засталіся на доўгія дзесяцігодзьдзі няпэўнымі тэрыторыямі зь няпэўным лёсам, у сьвеце нямала, і лёс іх падобны. Адны змагаюцца за «рускі сьвет», другія — за «турэцкі», трэція — за «грэцкі», чацьвёртыя — за «сэрбскі». Сцэнары амаль ідэнтычныя.

Я ўспамінаю травень 1992-га ў прыднястроўскім горадзе Дубасары, адкуль уцякалі ад абстрэлаў сем’і малдаван, спадзеючыся да маразоў вярнуцца ў родныя сялібы. Дубасары так і засталіся ў складзе нікім не прызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. І гэтая няпэўнасьць цягнецца ўжо 28-ы год.

Мне прыгадваюцца маладыя грузінскія хлопцы, якія хаваліся ад абхаскіх апалчэнцаў у жніўні 1992-га на расейскім дэсантным караблі, які вывозіў нас з блякаванай Піцунды. Хлопцы вельмі спадзяваліся, што ўсё хутка скончыцца і яны вернуцца ў свае кватэры ў Сухумі... Не вярнуліся. Грузінаў няма ў Абхазіі ўжо 27 год. І ці вернецца яна калі ў склад грузінскай дзяржавы?

Згадка пра лёс Данбасу ўвесь час не давала спакою, пакуль я падарожнічаў па Паўночным Кіпры. Надта ж празрыстыя паралелі: і ўвод войскаў суседняй дзяржавы (спадкаемцы былой імпэрыі), напалоханай пэрспэктывай страты свайго ўплыву, і збройнае процістаяньне, і этнічнае разьмежаваньне, і аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці, не прызнанай нікім у сьвеце — усё гэта было на Кіпры за 40 год да падзеяў ва Ўкраіне.

Хочаце з высокай ступеньню верагоднасьці ведаць, што будзе далей з Данбасам? Прыгледзьцеся да найноўшай гісторыі Кіпра. Перамовы пра аб’яднаньне вострава, то заціхаючы, то ўзнаўляючыся, вядуцца ўжо 45 год — бяз бачных вынікаў. Праз трыццаць год пасьля вайны, у 2004-м, Кіпр прынялі ў Эўрапейскі Зьвяз. Фактычна гэта датычыць толькі грэцкай часткі вострава — другая так і засталася турэцкім васалам. У тым жа 2004-м пад эгідай ААН адбываецца рэфэрэндум аб аб’яднаньні Кіпра. Бальшыня туркаў-кіпрыётаў выказваюцца «за», 75 працэнтаў грэкаў-кіпрыётаў — супраць, бо лічаць, што плян прывядзе да прызнаньня вынікаў акупацыі і інтэрвэнцыі: паводле падлікаў уладаў Рэспублікі Кіпр, за 40 год колькасьць пераселеных на востраў з мацерыка туркаў утрая перавысіла колькасьць карэнных туркаў-кіпрыётаў. Перамовы — у тупіку, як і трыццаць, і сорак год таму.

У 2014-м, праз сорак год пасьля вайны, Эўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэньне аб спагнаньні з Турэччыны 90 мільёнаў эўра за парушэньне Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека на тэрыторыі Паўночнага Кіпра (у асноўным гаворка ішла пра кампэнсацыі сваякам зьніклых). Турэччына афіцыйна адмовіла, спаслаўшыся на тое, што не прызнае такой краіны — Рэспублікі Кіпр.

Але жыцьцё бярэ сваё. Пасьля ўступленьня Рэспублікі Кіпр у Эўразьвяз зафіксаваная масавая падача этнічнымі туркамі дакумэнтаў на афармленьне кіпрскіх пашпартоў.

У адной з кавярняў у Айя-Напе (гэта тэрыторыя Рэспублікі Кіпр), убачыўшы на бэджыку афіцыянта рэдкае цяпер у гэтай частцы вострава імя Мустафа, я, зьдзіўлены, спытаў: «Вы турак?»

— Я кіпрыёт, — не бяз гордасьці адказаў мне хлопец.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG