Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Веткаўскі раён абурыўся ўзроўнем сьмяротнасьці жывёлы ў гаспадарках, піша БелТА.
«Яшчэ раз паўтараю для ўраду і на будучыню: за падзёж жывёлы сядзеце ў турму, — прыгразіў Аляксандар Лукашэкна, адзначыўшы, што «яшчэ па-добраму» размаўляе. — 85 тысяч, па-мойму, за мінулы год. Вы ўяўляеце, колькі б гэта было мяса?»
Ён даручыў Генэральнай пракуратуры заняцца пытаньнем здыхаты жывёлы, а таксама загадаў прасачыць за якасьцю кармоў, бо «гэта недапушчальна: то корм кепскі, то тое, то гэта — бязладзьдзе».
Акрамя таго, Лукашэнка даручыў распрацаваць новую стратэгію разьвіцьця заводу «Гомсельмаш», бо той «заўсёды быў, ёсьць і будзе ў краіне». Ён дадаў, што спадзяецца пабачыць новы камбайн, «створаны за год ці два».
Такія словы ён сказаў 25 ліпеня на птушкафабрыцы «Беларусьнафты». Ці назіраецца высокая сьмяротнасьць птушак, невядома, але незадоўга да візыту Лукашэнкі на птушкафабрыку блогер Nexta публікаваў зьвесткі пра «канцлягер кароваў» у Жлобінскім раёне, дзе сьмерць дзясяткаў жывёлаў спрабавалі ўтойваць, але справай заняліся праваахоўнікі.
У сакавіку ж Лукашэнка ўчыніў разнос у кароўніку, пасьля якога шэраг чыноўнікаў страціў пасады (у тым ліку міністар сельскай гаспадаркі і віцэ-прэм’ер) і былі заведзеныя 15 крымінальных справаў. Пасьля ягонай заявы пра «абас…ных кароваў» Дзяржкантроль выявіў 1300 «забруджаных гноем» фэрмаў. Пазьней Лукашэнка тлумачыў, што справа была не ў чысьціні кароваў, а ў нізкіх надоях.