Грузінскі апазыцыйны тэлеканал Rustavi-2 адхіліў ад працы на два месяцы журналіста Георгія Габунія ў сувязі зь яго абразьлівым для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выступам на расейскай мове.
Раней 8 ліпеня тэлеканал Rustavi-2 спыніў вяшчаньне на шэсьць гадзін — у адказ на патрабаваньні сотняў пратэстоўцаў, якія асудзілі грубую нецэнзурную лексыку на адрас прэзыдэнта Расеі, што прагучала ў жывым эфіры. Акцыі ў Тбілісі працягваюцца, удзельнікі акцый патрабуюць адстаўкі Георгія Габунія і кіраўніка тэлеканала Rustavi-2.
Вядоўцам праграмы Postscript на канале вядоўцам праграмы Postscript Георгі Габунія падчас выступу сказаў, што хоча перадаць вялікае прывітаньне «нашаму вялікаму сябру Ўладзіміру Пуціну», некалькі раз мацюкнуўся ў адрас расейскага кіраўніка, затым заявіў, што «на нашай прыгожай зямлі няма месца» такім, як ён, і працягнуў абразьлівую тыраду, якую агучваў на расейскай мове зь ветлівай інтанацыяй.
Такія выказваньні асудзілі прэзыдэнтка Грузіі, прэм’ер-міністар, кіраўнік парлямэнту, мэр сталіцы ды іншыя афіцыйныя асобы краіны, былы прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі, а таксама дырэктар тэлеканалу, які прасіў прабачэньня за супрацоўніка. Міністэрства замежных справаў Грузіі назвала здарэньне «мэтанакіраванай правакацыяй».
Пратэстоўцы на стыхійным мітынгу патрабавалі, каб і журналіст, і генэральны дырэктар пакінулі канал, апошні ж прасіў паліцыю гарантаваць бясьпеку супрацоўнікаў. Мітынг завяршыўся на сьвітанку, але пратэстоўцы абяцалі вярнуцца, калі іхных патрабаваньняў ня выканаюць. На раніцу да патрабаваньняў дадаліся спыненьне вяшчаньня каналу і крымінальная справа за абразьлівыя выказваньні.
Што адбываецца ў Грузіі
- У Грузіі ад 20 чэрвеня трываюць антырасейскія акцыі пратэсту. Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманыя.
- Дэманстрацыі пачаліся пасьля таго, як дэпутат расейскай Думы камуніст Сяргей Гаўрылаў правёў пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, седзячы на месцы сьпікера парлямэнту Грузіі.
- Гаўрылаў пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй «незалежнымі дзяржавамі» сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
- Адно з асноўных патрабаваньняў пратэстоўцаў — адстаўка кіраўніка МУС Гіоргі Гахарыя.
- Рух самалётаў паміж Расеяй і Грузіяй быў спынены на загад Уладзіміра Пуціна, таксама Расея «выявіла пагаршэньне якасьці грузінскага віна».