Грамадзкія актывісты мяркуюць, што гэта робіцца наўмысна, каб рашэньне прымалася пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Менскія гарадзкія ўлады яшчэ канчаткова не зацьвердзілі праект дэталёвага плянаваньня так званага «кварталу сямі паркінгаў» у межах вуліц Якуба Коласа — Калініна — Кузьмы Чорнага — Сурганава. Пра гэта былой дэпутатцы Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Вользе Абрамавай, старшыні руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу і грамадзкай актывістцы Тацяне Кнацько 4 ліпеня паведаміў старшыня гарвыканкаму Анатоль Сівак. Іхная размова цягнулася каля гадзіны.
Губарэвіч сказаў Свабодзе: старшыня гарвыканкаму распавёў, што цяпер вядзецца службовае расьсьледаваньне. Па яго выніках могуць быць прынятыя кадравыя рашэньні і зьмененыя падыходы да распрацоўкі як гэтага канкрэтнага праекту, так і падобных у іншых кварталах гораду. Пакуль Сівак толькі даў згоду ўлічыць у плянах на 2020 год прапановы па добраўпарадкаваньні кварталу, якія падрыхтуе ініцыятыўная група.
Раней здавалася, што пратэстоўцы дамагліся адмены ўшчыльненьня. Чыноўнікі зь Першамайскага райвыканкаму і камітэту архітэктуры сталічнага гарвыканкаму казалі пра скасаваньне будаваньня 5 з 7 паркінгаў, жылога дому і забаўляльнага цэнтру.
Але старшыня гарвыканкаму сказаў актывістам, што гэтае рашэньне пакуль не канчатковае.
Адмовай адказаў ён і на прапанову стварыць грамадзкую раду, якая б прадстаўляла інтарэсы жыхароў праблемных кварталаў. Сівак заявіў, што працуе зь людзьмі наўпрост, і, маўляў, няхай яны таксама прыходзяць на прыём.
Як удакладніў з гэтай нагоды Губарэвіч, каб «дайсьці» да кіраўніка сталіцы, актывістам спатрэбілася амаль тры месяцы.
Старшыня руху «За свабоду» сказаў Свабодзе:
«У мяне складаецца ўражаньне, што сталічныя ўлады хочуць зацягнуць час і вынесьці рашэньне ўжо пасьля таго, як адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Інакш кандыдат ад улады можа атрымаць тут шмат пратэставых галасоў».