Вакол участка каля мікрараёну «Маяк Менску», дзе высеклі частку сквэру пад гараж-стаянку, умацоўваюць агароджу, якая месцамі павалілася. На ёй вывесілі пашпарт аб’екта.
Раней мясцовыя жыхары выказвалі абурэньне тым, што падчас доўгіх травеньскіх сьвятаў сьпешна ўсталявалі агароджу і высеклі сквэр. Яшчэ 10 траўня пашпарту аб’екта там не было.
Як вынікае з пашпарту, тут зьявіцца шматузроўневая гараж-стаянка з убудаванымі гандлёвымі памяшканьнямі.
Паведамляецца, што забудоўшчык — кампанія «Зомэкс інвэстмэнт», праектная арганізацыя — «Дана Астра», а падрадчык — ТАА «ХеленаГрад».
Раней прадстаўнік «Зомэкс інвэстмэнт» патлумачыў, што «паступілі звароты грамадзян» і дзіцячы садок перанесьлі ўнутр жылой забудовы на месца плянаванага раней паркінгу «ў мэтах забесьпячэньня бясьпечнага праходу да дзіцячага садку ад жылых дамоў».
А паркінг перанесьлі за вуліцу Кірылы Тураўскага, на месца, дзе раней плянавалі будаваць дзіцячы садок. Будаўніцтва гаража-стаянкі вядзецца на камунальна-абслуговай тэрыторыі на скрыжаваньні вуліц Кірылы Тураўскага і Скарыны. Гэта будзе будынак на 620 месцаў і аўтастаянка на 80 машына-месцаў.
Кампанія, падкантрольная сэрбскім знаёмцам Лукашэнкі
Замежнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Зомэкс Інвэстмэнт» створана кампаніяй Dana Holdings, падкантрольнай сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч — дэпутат сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю.
Падчас парлямэнцкіх выбараў 2016 году ў Беларусі ён у якасьці назіральніка хваліў на дзяржаўных тэлеканалах высокую яўку. Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.
Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Аляксандрам Лукашэнкам.