Адзін з танкаў пасьля вайсковага параду на 3 ліпеня занесла на вуліцы ў цэнтры Менску. Кіроўцу ўдалося спыніцца на праезнай частцы, прадухіліўшы наезд на мінака на ходніку.
Пасьля параду 3 ліпеня, калі тэхніка вярталася на месца дысьлякацыі, на вуліцы Сурганава ў раёне Дому друку адзін з танкаў пайшоў у занос і ледзьве не ўляцеў у пешаходаў на ходніку.
Відэа, зьнятае відавочцам здарэньня, апублікаваў Tut.by.
Паводле відавочцаў, перад калёнай бранятэхнікі дзьве машыны палівалі асфальт вадой. Адзін з танкаў дрыфтануў на коўзкім асфальце і цудам спыніўся на праезнай частцы, ледзь не наехаўшы на чалавека, які здымаў усё на відэа, і застаўся стаяць.
Свабода спытала ў прэс-службе Міністэрства абароны пра прычыну здарэньня.
«Тэхнічныя спэцыялісты патлумачылі, што на вільготнай дарозе счапленьне з асфальтам ніжэйшае, таму танк крыху панесла. Але мэханіку-кіроўцу ўдалося прадухіліць занос і спыніцца, — сказаў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў. — Ніякіх ДТЗ не было і ніхто не пацярпеў».
Падобны інцыдэнт здарыўся ў 2017 годзе перад рэпэтыцыяй параду: на праспэкце Незалежнасьці, каля мэтро «Маскоўская», танк на высокай хуткасьці рэзка ўвайшоў у занос, зьляцеў з дарогі і зьбіў ліхтарны слуп. Тады таксама ніхто не пацярпеў.