Ці давядзецца перакладваць асфальт на менскіх вуліцах пасьля параду 3 ліпеня? Што робіцца, каб не пашкодзіць пакрыцьцё дарог? Свабода спытала ў Міністэрстве абароны.
У Міністэрстве абароны лічаць, што, «як правіла, вялікай шкоды дарогам не наносіцца». Там спасылаюцца на меркаваньні інжынэраў-дарожнікаў. Паводле іх, у танкаў (у тым ліку мадэрнізаваных Т-72Б3, якія маюць шырэйшую паверхню гусеніцы) і ў любой гусенічнай тэхнікі ўдзельная вага на грунт значна ніжэйшая, чым у цяжкай колавай тэхнікі.
«Калі недзе і парушана пакрыцьцё, то гаворка ідзе пра парушэньне тэхналёгій вытворчасьці асфальту і самога пакрыцьця. Таму гэта своеасаблівы тэст на якасьць. Дарэчы, калі летась ва Ўруччы паклалі новую дарогу, адбылося тэставаньне з дапамогай калёны, ніводнай нават палоскі не было. За выключэньнем менавіта стыкоўкі са старой дарогай, недзе каля мэтра, што паказала, што парушана тэхналёгія», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў.
Летась на праспэкце Незалежнасьці ў Менску празь некалькі хвілін пасьля вяртаньня вайсковай тэхнікі з параду дарожныя службы пачалі рамантаваць асфальт.
Пераносіць парады за межы Менску ня сталі
У 2017 годзе дэпутатка Ганна Канапацкая накіроўвала запыт адносна таго, каб вынесьці вайсковыя парады за межы Менску.
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў адказаў, што перанос вайсковага параду за межы Менску прывядзе да росту выдаткаў на яго падрыхтоўку.
Тады ж пэтыцыі грамадзянаў наконт правядзеньня ў цэнтры Менску вайсковых парадаў і перанясеньня іх за межы сталіцы былі накіраваныя ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і ў Міністэрства абароны.
Раней кіроўцы скардзіліся, што пасьля парадаў адчувальна псуецца пакрыцьцё дарог.
Паводле Макарава, сёлета колькасьць гусенічнай тэхнікі зьменшана ўдвая. Калі раней у парадзе бралі ўдзел да 9 узораў гусенічнай тэхнікі, то цяпер толькі 4.
Вывучалася і пытаньне выкарыстаньня асфальтна-хадавых башмакоў на сучасных танках.
«Але яны не набываліся з той простай прычыны, што калі тэхніка сыходзіць зь месца правядзеньня параду і каб тэхніка ня стала, ёй трэба далей на пэўных участках разьвіць хуткасьць да 40 кілямэтраў у гадзіну. Але пры такой хуткасьці асфальтна-хадавыя башмакі проста зьлятаюць, іх выкарыстаньне небясьпечнае».
У Міністэрстве абароны супакойваюць, што шкоды асфальту ня будзе.
«Улічваючы, што ціск, які робяць на дарожнае пакрыцьцё гусенічныя машыны, значна меншы, чым той, які робяць колавыя вялікагрузы, можна быць абсалютна спакойнымі, што шкоды ня будзе», — сказаў Уладзімер Макараў.
Ці магчыма падвозіць гусенічную тэхніку да месца параду, каб скараціць яе шлях па асфальце? Паводле Макарава, на парадзе будзе дэманстравацца цягач вагой да 60 тон з устаноўленым на яго танкам Т-72.
«Дык вось удзельная вага гэтага цягача большая, чым самога танка. Тэарэтычна ўсю тэхніку можна паставіць на гэтыя цягачы, прывезьці, разгрузіць, пагрузіць, заняўшы прастору і павялічыўшы ў некалькі разоў час на разгортваньне. Але людзям гэта не спадабаецца, калі ў некалькі разоў павялічыцца час на высоўваньне калёны і ўсяго астатняга».