Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня першая трагедыя на Дзень Рэспублікі. Як адбыўся выбух у 2008 годзе


Мэдыкі на месцы выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску
Мэдыкі на месцы выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску

Падчас салюту ў Менску на афіцыйны Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі) 3 ліпеня 2019 году адна жанчына загінула, мінімум дзесяць чалавек атрымалі раненьні.

За адзінаццаць гадоў да таго ў ноч на 4 ліпеня 2008 году на сьвяце ў цэнтры Менску ўзарвалася самаробная бомба, начыненая мэталічнымі прадметамі, у выніку чаго былі параненыя 54 чалавекі.

Да гэтага выбуху ў Беларусі ўжо былі наўмысныя падрывы бомбаў, самым рэзанансным стаў выбух у Віцебску самаробнага прыстасаваньня, калі атрымалі раны 40 чалавек.

Што было ў 2008 годзе, сьцісла

  • Каля 1.00 4 ліпеня недалёка ад стэлы «Менск — горад-герой», дзе праходзіў сьвяточны канцэрт, адбыўся выбух самаробнай прылады.
  • Раны атрымалі 54 чалавекі, загінулых не было.
  • За гадзіну да выбуху ля стэлы знайшлі яшчэ адну самаробную бомбу — паведамлялася, што ў кардоннай пакеце ад соку «Садочок» былі выбухоўка, гайкі і балты.
  • У гэтай справе затрымалі і дапыталі больш за дзясятак апазыцыйных актывістаў, у паловы дарослых мужчын Беларусі ўзялі адбіткі пальцаў; падазраваных было каля 120, але вінаватых тады не знайшлі.
  • Праз тры гады аднаго з падазраваных у тэракце 2011 году ў менскім мэтро, Дзьмітрыя Канавалава, назвалі выканаўцам і менскага выбуху 2008 году, і віцебскага 2005 году. Яго і саўдзельніка Ўладзіслава Кавалёва прызналі вінаватымі ў тэракце ў менскім мэтро і расстралялі ў сярэдзіне сакавіка 2012 году.
  • Лукашэнка назваў вінаватым у дапушчэньні тэракту 2008 году сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана. Шэймана звольнілі з пасады, у студзені 2009-га прызначылі памочнікам прэзыдэнта.

«Праявы хуліганскіх дзеяньняў»

Празь некалькі гадзінаў пасьля здарэньня паведамлялася пра два дзясяткі пацярпелых, затым пра чатыры дзясяткі. Мэдыкі правялі ў той жа дзень 26 апэрацыяў параненым. Людзі атрымалі траўмы пераважна ніжняй часткі цела — бомбу заклалі пад дрэва, якое часткова закрыла разьлёт мэталічных прадметаў, закладзеных у яе. У пацярпелых былі адкрытыя пераломы ног, пашкоджаньні ўнутраных органаў і скуры.

Шмат у каго з пацярпелых былі пашкоджаныя ногі і рукі
Шмат у каго з пацярпелых былі пашкоджаныя ногі і рукі

4 ліпеня была заведзеная крымінальная справа за «злоснае хуліганства», міліцыя казала пра выбух як «праявы хуліганскіх дзеяньняў». Апісаньне падазраваных не давалася. Былы старшыня Вярхоўнага Савету генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб у той дзень адзначаў, што па маштабах гэта «хутчэй нешта падобнае да тэракту».

Сьвята не спынілі, Лукашэнку не эвакавалі

Выбух быў ціхі, казалі відавочцы; большая частка гледачоў сьвяточнага канцэрту яго не пачула, і шоў працягвалася. Тэлетрансьляцыю канцэрту не спынялі, проста не паказвалі тую зону, дзе езьдзілі машыны хуткай дапамогі. Па дзяржаўнай тэлевізіі пра выбух паведамілі толькі ўдзень 4 ліпеня.

Аляксандар Лукашэнка быў на месцы выбуху празь некалькі хвілінаў, згадвалі відавочцы. Яго не эвакуавала служба бясьпекі. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч тады зьвяртаў увагу на тое, што гэта выглядала дзіўна: «У такой сытуацыі ахова, што б там ні рабіла гэтая „першая асоба», хапае яе і выцягвае з таго месца, дзе гэта адбылося».

Адно зь першых фота зь месца выбуху
Адно зь першых фота зь месца выбуху

Сам Лукашэнка адказаў на гэта: калі б ён «пакінуў месца здарэньня, то арганізатары гэтай гнюснай акцыі дасягнулі б сваёй мэты», бо «яны ж разьлічвалі менавіта на тое, каб пасеяць паніку». Праз тры гады, калі адбыўся выбух у менскім мэтро, Лукашэнка таксама хутка прыбыў на месца здарэньня і ўзяў з сабой​ 6-гадовага сына Мікалая.

3 ліпеня 2008 году яшчэ да выбуху была знойдзена адна самаробная бомба, але нейкіх захадаў у ачапленьні тэрыторыі або пошукаў іншых прыстасаваньняў відавочцы ня бачылі.

Апазыцыя падазравала, што абвінавацяць яе

За дзень да выбуху ў «Камсамольскай праўдзе» апублікавалі інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён казаў, што «Захаду надакучыла нашая апазыцыя», што заходнія спонсары кажуць беларускай апазыцыі: «Будуць справы — будуць грошы», а гэта значыць «найперш вулічныя выступы, дэманстрацыі, а калі яшчэ пагромы і выбухі…»

Днём пасьля выбуху Партыя БНФ выступіла з заявай, у якой рашуча асудзіла злачынства, якое, як пісалі, мог зрабіць толькі «бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечнасьці, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, любові да беларускага народу». Партыя таксама папярэджвала, што «з боку ўлады было б вялікай памылкай паспрабаваць скарыстаць гэтую вартую безумоўнага асуджэньня падзею ў мэтах далейшага абмежаваньня свабоды й дэмакратыі ды барацьбы з палітычнымі апанэнтамі».

Апазыцыя непакоілася нездарма.

120 падазраваных, 1 300 000 прайшлі праз дактыляскапію

За год пасьля выбуху на Дзень Рэспублікі ў Менску ў якасьці падазраваных у гэтай крымінальнай справе прайшлі 120 чалавек. Іх трымалі па 10 сутак у сьледчым ізалятары, але потым выявілася, што ніхто зь іх не датычны да арганізацыі выбуху. Затрымлівалі нават тых, хто быў у дзень выбуху за мяжой.

У ваенкаматах часам утвараліся чэргі з тых, хто ішоў здаваць адбіткі пальцаў
У ваенкаматах часам утвараліся чэргі з тых, хто ішоў здаваць адбіткі пальцаў

Участковыя міліцыянты таксама рабілі пакватэрныя абходы грамадзянаў і пыталі пра тое, дзе людзі былі падчас выбуху, а на допыты выклікалі ўсіх, хто меў хоць якое дачыненьне да выбуховых рэчываў. Адбіткі пальцаў пасьля выбуху былі ўзятыя ў 1,3 мільёна чалавек — практычна паловы дарослых мужчынаў краіны, а таксама некаторых дзяцей. 12 тысяч чалавек адмовіліся ад гэтай працэдуры, хоць яе часта называлі абавязковай.

Выканаўцам трох выбухаў розных гадоў назвалі аднаго чалавека

Тры гады пасьля выбуху нікога не абвінавачвалі афіцыйна, хоць прапаноўвалі ўзнагароды за фота і відэа здарэньня. Нават затрымлівалі супрацоўнікаў кампаніі, якая пастаўляла сок «Садочок» (тыя сьцьвярджалі, што бомбу заклалі ў пакет з-пад соку «Моя семья»), і прапаноўвалі ўзнагароду за пакеты соку пэўнай сэрыі.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе
Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе

Вінаватых знайшлі пасьля выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе. Выбух, у якім загінулі 15 чалавек і былі параненыя яшчэ чатыры сотні, адбыўся 11 красавіка, а ўжо 12-га былі затрыманыя Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў. Першы прызнаў віну і ў тэракце ў мэтро, і ў выбухах у Менску ў 2008 годзе, і ў Віцебску ў 2005-м, другога прызналі вінаватым толькі ў неданясеньні, але не саўдзеле.

Нягледзячы на шматлікія неадназначнасьці і несупадзеньні, выяўленыя ў час суду, Канавалаву і Кавалёву ў лістападзе 2011 году прысудзілі сьмяротнае пакараньне, і прысуд выканалі між 14 і 16 сакавіка 2012 году. Пра расьсьледаваньне і суд журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч напісаў кнігу «Хто ўзарваў Менскае мэтро?», якую можна бясплатна спампаваць у PDF.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG