Позна ўвечары 3 ліпеня на ўзьбярэжжы Сьвіслачы ў Менску адбылася трагедыя. Падчас запуску сьвяточнага салюту ў парку Перамогі каля стэлы «Менск — горад-герой», дзе напярэдадні прайшоў парад да афіцыйнага Дня Незалежнасьці, чатыры снарады разарваліся, былі разбураныя салютныя ўстаноўкі, а аскепкі паляцелі ў бок людзей.
У выніку здарэньня 10 чалавек былі параненыя, адна жанчына загінула на месцы, нягледзячы на спробы мэдыкаў дапамагчы ёй. Акрамя гэтага, павыбівала шыбы ў будынках у розных частках гораду.
На месцы падзей усё яшчэ працуюць сьледчыя, салютныя устаноўкі пакуль не прыбралі.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 463 КК («Парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі павышанай небясьпекі»).
Мінабароны паведаміла, што выбухі адбыліся ў трох з шасьці месцаў Менску, дзе праходзілі салюты. Устаноўлена, што падарваліся вырабы аднаго калібру. Паводле ведамства, прычынай выбухаў верагодна сталі няякасныя зарады.
Вядома, што зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Іх пастаўляе кампанія «Пиро-Росс». Паводле прадстаўніка кампаніі, яны паставілі ў Менск зарады з партыі 2017 году. Прадстаўнікі кампаніі ўжо знаходзяцца ў Менску.
Прэсавы сакратар Мінабароны Беларусі Ўладзімер Макараў сказаў Свабодзе, што вайскоўцы падчас выбухаў установак на салюце не пацярпелі.
Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.