Кітайскія памежнікі патаемна ўсталёўваюць на тэлефоны турыстаў прыкладаньні для сачэньня і згружаюць зь іх асабістую інфармацыю ў рамках кантролю над Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёнам.
Пра гэта паведамляе брытанская газэта The Guardian, спасылаючыся на супольнае дасьледаваньне з Süddeutsche Zeitung і The New York Times.
Урад Кітаю абмежаваў свабоды мясцовага мусульманскага насельніцтва ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне, усталяваў камэры распазнаваньня асобаў на вуліцах і ў мячэтах ды, як паведамляецца, прымушае жыхароў загружаць праграмнае забесьпячэньне, якое перашукоўвае іх тэлефоны.
Згаданае дасьледаваньне выявіла, што у турыстаў, якія наведваюць рэгіён з боку суседняга Кіргізстану, памежнікі бяруць тэлефоны і пераглядаюць інфармацыю на іх або таемна ўсталёўваюць прыкладаньне, якое дае доступ да электроннай пошты, тэкстаў і кантактаў карыстальнікаў.
Падчас аднаго з этапаў перасячэньня мяжы, як падае газэта, наведвальнікі павінны разблякаваць свае тэлефоны і перадаць іх памежнікам, якія выходзяць зь імі ў іншы пакой, дзе згружаюць зь іх інфармацыю. Айфоны падключаюць да чытніка, які іх скануе, а на тэлефонах Android усталёўваюць прыкладаньне для выкананьня такога самага заданьня.
Падобна на тое, дадае The Guardian, што ў большасьці выпадкаў прыкладаньне выдаляецца перад вяртаньнем тэлефона, але некаторыя турысты знайшлі яго на сваім тэлефоне і пасьля перасячэньня мяжы з Кітаем.
Кітайскія ўлады тлумачаць такія захады неабходнасьцю змагацца з ісламскім тэрарызмам і сэпаратызмам. Праваабаронцы кажуць, што з дапамогайтакіх захадаў адбываюцца масавыя неабгрунтаваныя рэпрэсіі супраць уйгураў — цюркамоўнай меншасьці ў Кітаі.