Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць ІІ Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які восеньню адбудзецца ў Жытоміры.
Пра гэта БелТА паведаміў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
«Падрыхтоўка ідзе плянава. Ва ўсякім выпадку, нашы лідэры пра гэта ведаюць, яны ў курсе справы. Былі зроблены адпаведныя крокі па фармалізацыі, — сказаў Ігар Кізім і ўдакладніў, што Зяленскі накіраваў Лукашэнку афіцыйнае запрашэньне прыняць удзел у Форуме. — Я думаю, што запрашэньне будзе прынятае. З самага пачатку была ідэя, што гэта павінна праходзіць пад патранатам кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў», — сказаў амбасадар.
Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны прайшоў 25-26 кастрычніка 2018 году ў Гомлі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Калі Лукашэнка прыме запрашэньне, гэта будзе ягоная першая сустрэча з новым прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.