Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца прапанаваў уладам Берасьця паставіць скульптуру «Чалавек і бюракрат»


Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»
Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»

Раман Кісьляк прапануе зрабіць скульптуру чалавека з коркамі ў вушах і бяз твару. Гэта, на ягоны погляд, зробіць горад больш прывабным для турыстаў.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк накіраваў у Берасьцейскі гарвыканкам дакумэнт, у якім прапануе ўсталяваць у горадзе скульптурную кампазыцыю «Чалавек і бюракрат», паведамляе БелаПАН.

«Чыноўнік будзе бяз твару, каб выключыць выпадковае супадзеньне зь дзейнымі чыноўнікамі. Над гэтай скульптурай будзе ліхтар, аточаны надпісам «праблемы людзей». Гэта будзе падкрэсьліваць, што бюракратам праблемы людзей «да ліхтара». За плячыма бюракрата я прапаную ўсталяваць лаўку са скульптурай чалавека, які сядзіць на ёй, бо сутыкнуўся з бюракратызмам. На лаўку змогуць прысесьці жыхары і госьці нашага гораду», — напісаў Раман Кісьляк.

У сваім звароце ў гарвыканкам праваабаронца падкрэсьлівае, што на скульптуру ня трэба будзе траціць грошы з бюджэту, бо такую ідэю, на ягоную думку, фінансава падтрымаюць жыхары гораду.

Да таго ж, падобных скульптур няма ні ў Беларусі, ні ў сумежных краінах, таму гэта будзе прывабліваць турыстаў, упэўнены Раман Кісьляк.

Да таго ж такая кампазыцыя будзе вельмі актуальнай у сувязі з падзеямі вакол акумулятарнага заводу і пратэстамі супраць яго.

«За паўтара года грамадзкай кампаніі супраць гэтага завода актывісты пачулі ад чыноўнікаў і ўбачылі ў іх адказах столькі прыкладаў маніпуляваньня словамі, што здаецца, нас складана ўжо чымсьці зьдзівіць. Але не, ім удаецца нас зьдзіўляць літаральна кожны тыдзень», — дадаў праваабаронца.

Актывісты ў Берасьці пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу з лютага мінулага году, яны выходзяць на вулічныя акцыі кожныя выходныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG