Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фан-зоне Эўрагульняў пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Актывістаў затрымалі і вывезьлі за горад


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Актывісты Народнай грамады Валянцін Троцкі, Сяргей Спарыш і Рыгор Пагарцаў выйшлі з плякатамі супраць прыезду Дзьмітрыя Мядзьведзева ў фан-зоне на праспэкце Пераможцаў. Іх жорстка затрымалі асобы ў цывільным.

На фоне інтэграцыйных перамоваў паміж Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Сяргеем Румасам актывісты Народнай грамады выйшлы з плякатамі да Палацу спорту, дзе цяпер знаходзіцца фан-зона Эўрагульняў. Пра гэта Свабодзе распавёў палітык Мікалай Статкевіч.

«Гэта рэакцыя на гандаль беларускай незалежнасьцю. Яны вырашылі правесьці акцыю, выйшлі да фан-зоны ля Палацу спорту, каб выказаць сваю пазыцыю. Яны былі жорстка затрыманыя са зьбіцьцём, але яны загадзя ведалі на што ішлі. Гэта пратэст супраць перамоў аб здачы незалежнасьці, якія адбываюцца проста цяпер», — сказаў Мікалай Статкевіч.

На плякатах актывістаў было напісана «Пуцін, мы не адзіны народ!», «Да пабачэньня, наш ласкавы Міша», «Адчапіцеся ад нас са сваёй інтэграцыяй».

Пасьля затрыманых актывістаў завезьлі за горад і выпусьцілі.

21 чэрвеня Менск наведаў Дзьмітры Мядзьведзеў, каб правесьці перамовы аб інтэграцыі Беларусі і Расеі з кіраўніком беларускага ўраду Сяргеем Румасам. Абодва чыноўнікі заявілі пра пасьпяховасьць інтэграцыйных працэсаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG