Беларусы гэтыя ягады любяць (хоць, бывала, іх з болем душэўным высыпáлі ля дарог у знак пратэсту). Маем для іх мінімум восем словаў. І ўсе яны не пра расейскую „клубничку“.
Сьцісла:
- Нават на рынку людзі з розных рэгіёнаў Беларусі не адразу ўспамінаюць беларускія назвы гэтых ягадаў.
- Але журналіст усё ж дапытаўся: гэта і клубніцы, і трускаўкі, і трускалкі, і нават траскалкі...
- Усе ↑ словы беларускія, ні ад кога не пазычаныя, і абазначаюць вялікія садовыя суніцы.
- У расейскай мове слова „клубничка“ азначае і нешта фрывольнае. Беларусы ж нагэтулькі суворыя, што з трускаўкамі сёлета зьвязалі сацыяльна-эканамічны пратэст.
- Vox populi на Камароўцы — ВІДЭА:
Па беларускія назвы на менскую Камароўку выправіўся пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік.
Суразмоўца задае пытаньне відавочна па-беларуску, але паглынутыя рынкавай стыхіяй суразмоўцы ніяк не настройваюцца на адпаведную хвалю:
— Слухайце, гэта што такое ў вас тут?
— Эта клубніка, што вы, не відзіце!
— Ну клубні-іка! — Праўда? — Ну клубніка, да! — А вы адкуль самі родам? — Стаўпецкі раён.
Але Зьміцер не адступаецца. І цуд: жанчына пераключае-такі моўныя коды.
— Не трускалкі, не клубніцы?
— Ну клубніка!.. Трускалка, як хто... Хто клубніка, хто трускалкі.
—А як часьцей гаварылі — трускалкі ці клубніка?
— Ну... Хто як думае, так і гаварылі...
Іншая спадарыня з таго ж раёну не пакідае сумневаў:
— А як у беларускай мове яе называлі? — Трускаўкі!
„Маладзец!“ — ня можа стрымаць эмоцыяў апытальнік.
Варыянты трускаўкі і трускалкі абодва беларускія, але пра гэта пазьней. Спрабуем высьветліць,калі ж замест трускавак /клубніцаў прыйшло расейскае слова. Але, паводле чарговай суразмоўцы, з Расеі прыйшло ня толькі слова...
— Эта, па-моему, прывёз Пётр Первы. Насадзіў нам клубніку і картошку! Бульбу! Пётр Первы, вялікі цар. Па прынуждзенію её садзілі. Не елі, не упатраблялі бульбу і клубніку, а цьвяты для украшэнія, для вянкоў.
Зьміцер уражаны:
— Я ўжо чуў, што менавіта Пётар І падарыў беларусам бульбу. А сёньня новае адкрыцьцё: аказваецца, расейскі цар адарыў беларусаў яшчэ і клубніцамі. І калі беларусы, такія эстэты, бульбу вырошчвалі дзеля кветак, я нават баюся падумаць, што яны выраблялі з „клубнічкай“...
Зразумела, што ведалі ў нас і бульбу задоўга да чужога манарха Пятра, і садовыя суніцы ў нас зьявіліся абсалютна незалежна ад яго. Сіла ўсюдыіснай рускамірнай прапаганды...
Вяртаемся да слова. Усё ж успамінаюць, калі яно было толькі беларускае:
— Трускаўкі былі посьле вайны сразу.
— Можа „клубника“ прыйшла пасьля вайны?
— Трускаўкі былі!
Гэта Стаўпецкі раён. А дзе яшчэ трускаўкі ці то трускалкі?
— Як у Лунінцы называецца гэтая ягада?
— Трускаўка.
— ТрускаЛка ці трускаЎка?
— Трускаўка. Мяккае Ў такое.
— І гэтая назва там дагэтуль жыве?
— Канечна.
Так, на Заходнім і Цэнтральным Палесьсі менавіта трускаўкі.
Але ў розных беларускіх рэгіёнах па-рознаму.
— Я в западной части последние годы работала. Вот там „трускалкі“ были. Да, а вот на Гомельщине — там „трускаўкі“, наверное, не знали бы, там больше русские…
І праўда, ня чулі яны там. Не таму што „рускія“, проста там іншае беларускае слова:
— У Гомельскай вобласьці ня ведаюць слова трускалкі?..
— По крайней мере, я не слышала.
— А клубніцы таксама ня ведаеце?
— „Клубніцы“ это „клубніцы“, это, можно сказать, уже на трасянке.
Па-беларуску гэта, а не на трасянцы. Іншы рэгіён:
— Трускаўка…
— Вы самі адкуль?
— С Витебска.
— І на Віцебшчыне ёсьць такое слова?
— Нет.
— А там як называюць?
— Клубніка.
Не „клубника“, а клубнíк!
Папраўдзе ў Віцебскай вобласьці, а дакладней, на гістарычнай Полаччыне, у несапсаванай народнай мове ёсьць слова клубнíк:
Клубнíк сёлета добра ўрадзіў.
Але ёсьць і трускáўкі — скажам, у Чашніцкім раёне. Праўда, трэба мець вуха і жаданьне, каб тое пачуць. А на Магілёўшчыне і ня толькі трýскаўкамі раней называлі акурат суніцы (лясныя).
Перадбачу абурэньне абазнанага ў біялёгіі чытача і сьпяшаюся апраўдацца. Біялягічна суніцы і трускаўкі / клубніцы, пра якія тут ідзецца, належаць да аднаго роду і ў многіх мовах, напрыклад у ангельскай — strawberries — і называюцца аднолькава (часам з удакладняльным прыметнікам).
Раней у нас, як і ўва ўсёй Эўропе, ня ведалі вялікіх суніцаў і вырошчвалі толькі лясныя. Але ў пачатку XVIII стагодзьдзя францускі вайсковы інжынэр Амэдзе Фрэзье прывёз чылійскія вялікія суніцы, іх скрыжавалі зь віргінскімі — і так завяліся цяперашнія вялікія садовыя ягады. У беларускай і суседніх мовах замацаваліся розныя назвы (не ў батаніцы, а ў побыце) для іх і для іхных меншых (лясных) родзічак, якія ў нас завуцца суніцы. Слова агульнаславянскае, этымалёгія спрэчная, але найбольш пашыраная думка, што яны су-ніцы, бо нікнуць да зямлі, ніцыя. Паралельныя беларускія народныя назвы — пазёмкі/паземкі, таксама зразумела чаму.
Аматарам „клубнички“ ў Беларусі нічога ня сьвеціць!
Але вернемся да вялікіх суніцаў. Менская прадавачка:
— Трускалкі, трускаўкі, клубніцы — вы такога ня чулі?
— Ну, „клубніцы“ и клубничка это то же самое, по-моему.
Яна тут яўна паддалася модзе апошніх гадоў (відаць, у якасьці кампэнсацыі да змрочнай рэальнасьці) памяншальна называць свае тавары ці паслугі: „цветочки“, „шарфик“, „стрижечка“. Але слова клубничка выклікае ў творчага і гістарычна зьвязанага з расейскаю культураю Зьмітра Бартосіка іншую ўстойлівую асацыяцыі:
— Прадавачка нам толькі што сказала, што „клубничка“ і клубніцы гэта адно і тое ж. Я б на месцы стваральнікаў усялякіх эратычных сайтаў задумаўся над яе словамі. Клубніцы падыходзяць больш.
Папраўдзе словам „клубничка“ называюць нешта эратычна-бессаромнае толькі па-расейску, у іншых мовах такой мэтафары няма. Увёў гэтае слова Мікалай Гогаль вуснамі пэрсанажа раману „Мёртвыя душы“. У беларускай мове, нягледзячы на стагодзьдзі русыфікацыі, словы трускаўкі або клубніцы такога значэньня не набылі. Мо граматыка не дае: у нас (у літаратурнай мове) назвы ягадаў як культуры не адзіночнага, а множнага ліку:
рас. черника, маліна, клубника (адз. лік)
бел. чарніцы, маліны, клубніцы / трускаўкі (мн. лік). Адна — трускаўчына, скажуць на Заходнім Палесьсі.
Таму прапанова Бартосіка граматычна сумнеўная. Але літаратурнае чуцьцё слова яго не падводзіць:
— Мне ў гэтым слове чуюцца — клубы́!
Сапраўды, і навуковая этымалёгія кажа, што слова клубніцы ад кораня клуб; клубы́— нешта акруглае, у тым ліку клуб дыму або частка чалавечага цела.
У нас трускаўкі — не „клубничка“, а сьцяг пратэсту!
Але беларусы настолькі суворыя, што акурат цяпер у нас клубніцы-трускаўкі набылі дадатковае значэньне, і зусім не фрывольнае. Прайшла хваля пратэстаў сельскіх гаспадароў, прыніжаных вельмі нізкімі закупнымі цэнамі ў дзяржаўных канторах.
Пратэсты такія звычайныя ў сьвеце, пачынаючы з Бостанскага чаяваньня, але вельмі незвычайныя для цяперашняй Беларусі — людзі дэманстратыўна выкідалі кіляграмы і цэнтнэры трускавак проста ля дарогі.
І ўлада вымушана была-такі зьвярнуць увагу на праблему згубы ўраджаю.
— Кажуць, што Аляксандар Рыгоравіч заступіўся за вытворцаў трускалак. Гэта адчуваецца?
— Это потому что люди начали очень сильно возмущаться.
Трускаўкавы пратэст выявіўся эфэктыўным, і выраз, бадай, увойдзе ў сацыяльна-палітычную гісторыю Беларусі.
Ці трускаўкі — польскае слова?
Тымчасам прысаромленыя менскія спадарыні, каб праверыць настойлівага інтэрвіюера, зьвярнуліся да сваіх тэлефонаў:
— „Трускавка“ — это польское слово! Для этого есть гугл! „Клубніцы“ па-беларуску!
Сапраўды, слова truskawki ёсьць у польскай. Але нашыя трускаўкі не зь яе. Слова — такое ці падобнае — спрадвеку ў многіх славянскіх мовах: і чэскай, і славацкай, і славенскай, і сэрбскай, і ўкраінскай (у Заходняй Украіне: кажуць, што імя знакамітага курорта Трускавець ад трýскавка, але літаратурнае ўкраінскае слова полуниця).
А ў беларускіх гаворках менавіта трускаўка ідзе шырокай паласой ад Століна і Лунінца праз Горадзеншчыну і Меншчыну аж да згаданых Чашнікаў. Ёсьць два варыянты націску: трускáўкі і трýскаўкі. Дарэчы, на Горадзеншчыне, дзе, здавалася б, уплыў польскай мовы мацнейшы, кажуць і трýскаўкі— зусім няпольскі варыянт націску сьведчыць, што слова ўласнабеларускае.
І варыянты кораня яно мае.
— Як называецца ягада, якую вы купілі?
— Там што-та... трескалцы...
Гэтая спадарыня ўспамінае чутае ў розных кутках Беларусі. Сапраўды ёсьць траскáўкі або траскáлкі (Ашмяна, Браслаў). Падказка, адкуль слова паходзіць: мо ад гукаперайманьня, калі ягады трашчаць на зубах або іх весела трушчаць дзеці. (Пагатоў біёлягі скажуць, што плод трускаўкі не клясычная ягада, а так званы шматарэшак — толькі не пытайце мяне, што гэта такое)).
Ня менш за восем назваў
Падсумуйма. У беларускіх гаворках ягады гэтыя завуцца
трускáўкі (Горадзеншчына, Берасьцейшчына, Віленшчына, Падляшша, Падзьвіньне)
варыянт траскáўкі(Віленшчына)
трускáлкі (Случчына, Мазыршчына)
варыянт траскáлкі(Браслаў)
трýскаўкі, трýскалкі (Горадзеншчына, Наваградчына, Магілёўшчына)
клубніцы (Гомельшчына)
клубнíк (Полаччына)
У афіцыйным слоўніку толькі клубніцы і трускáлкі. Але трускáўкі ня менш шырока ўжываюцца ў прэсе, літаратуры — і ў гаворках, як мы з вамі пераканаліся.
Вось жа бяда ня ў тым, што сваіх словаў бракуе. Іх дастаткова. Бяда ў іншым. Багатая і вобразная беларуская мова натуральна пасуе нашым ягадам, грыбам, іншым пладам. Нават у вуснах расейскамоўных суграмадзянаў. Але часам даводзіцца абцугамі выцягваць зь людзей гэтыя беларускія словы.
— З вашых тысяч пакупнікоў хто-небудзь пытаў трускаўкі, трускалкі?
— Нет, никто. Только „клубника“. Есть люди, которые говорят на беларускай мове, размаўляюць, это, может, преподаватели какие, но они приходят не в сезон клубники. [Сьмяецца.]
У адказ Зьміцер ня мог не прапяяць оду — vivat academia, vivant professores!
— Я ўсё ж такі ганаруся беларускімі выкладчыкамі, якія ня ходзяць ні па якую клубничку, сладкую машеньку — сур’ёзныя мужыкі. Яны прыходзяць па цыбулю, кроп і агуркі.
Калі ж сур’ёзна — то чаму ў бальшыні з нас, нават беларускамоўных людзей, тыя самыя моўныя коды ў рынкавым дыялёгу пра свае ягады раптам пераключаюцца на чужую мову?
То гадуйма, купляйма, спажывайма і клубніцы, і трускаўкі, і трускалкі. Выбар багаты. Галоўнае, каб гэта быў беларускі выбар.