28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў папраўкі ў заканадаўства, якія вызначаюць новы парадак даваньня адтэрміновак ад службы ў войску. Свабода высьвятляла, хто з праўладных ідэолягаў адслужыў у войску і што яны думаюць пра новаўвядзеньні.
Законапраект прадугледжвае, сярод іншага, што адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз. Тым жа, хто ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу і ня возьмуць іх на дзяржслужбу.
Пятроўскі: Спачатку трэба адслужыць у войску, а потым паступаць вучыцца
Экспэрт аналітычнага цэнтру праўладнай арганізацыі «Белая Русь» Пётра Пятроўскі скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спэцыяльнасьці «Гісторыя, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Сам ён у войску не служыў, але выступае за тое, што малады чалавек павінен спачатку адслужыць, а потым атрымліваць адукацыю.
«Тое, што маладыя людзі спачатку пройдуць тэрміновую службу ў арміі, а потым ужо стануць студэнтамі, паслужыць больш сталаму стаўленьню да выбару прафэсіі, больш сур’ёзным адносінам да вучобы. Не адслужыў — ня маеш права паступаць у ВНУ», — кажа ён.
Пятроўскі сьцьвярджае, што сёньня існуе «праблема інфантыльнасьці маладога пакаленьня ў пляне сацыяльных стасункаў, адказнасьці, выбару спэцыяльнасьці».
«Служба ніякім чынам не „прытупляе“ здольнасьці, не паўплывае на якасьць адукацыі», — кажа Пятроўскі.
Ён прывёў у прыклад свайго бацьку, які спачатку адслужыў, а потым паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашнюю Акадэмію мастацтваў).
Папраўкі ў Закон аб адтэрміноўках суразмоўца цалкам падтрымлівае. Ён таксама выступае за вяртаньне нарматываў ГТО (нормы фізычнай падрыхтоўкі ў часы СССР. — РС) і мэдычнай падрыхтоўкі для дзяўчат-студэнтак.
Шпакоўскі: «Закон павінен быць дапрацаваны»
На думку праўладнага публіцыста Аляксандра Шпакоўскага, меркаваньне міністра абароны Андрэя Раўкова, што войска сутыкаецца з дэмаграфічным крызісам і праблемай камплектаваньня асабовага складу, — слушнае. Але захады, якія робіць дзяржава, на яго погляд, недастатковыя: патрабуюцца льготы для тых, хто адслужыў, а таленавітая моладзь можа адслужыць у рэзэрве, мяркуе спадар Шпакоўскі.
«Дзяржава не павінна дзейнічаць выключна прымусам. У законапраекце трэба прадугледжваць ільготы для тых хлопцаў, якія сапраўды аддалі свой абавязак Радзіме, а не ўхіліліся ад службы ў войску. Гэтага ў дакумэнце не хапае, і гэта павінна быць дапрацавана», — кажа Шпакоўскі.
Што да толькі адной адтэрміноўкі ад прызыву для працягу адукацыі, Шпакоўскі лічыць, што да кожнага чалавека трэба падыходзіць выбарачна.
«Ёсьць такая практыка, як служба ў рэзэрве. Калі чалавек паступае ў магістратуру ці асьпірантуру, ён можа выкарыстаць гэты варыянт. Не абавязкова ўсіх забіраць на тэрміновую службу. Ёсьць іншыя мадэлі, напрыклад, нэўтральнай Швайцарыі. Мне здаецца, закон павінен быць дапрацаваны», — перакананы публіцыст.
На канкрэтнае пытаньне Свабоды, ці служыў ён сам у войску, спадар Шпакоўскі адказаць катэгарычна адмовіўся.
Дзермант: «Я не служыў. Знаходжуся ў адпачынку, крыху выпаў з кантэксту»
Афіцыёзны філёзаф, галоўны рэдактар парталу IMHOclub.by. Аляксей Дзермант у войску не служыў.
«Я не служыў, бо спачатку паступіў у ВНУ, потым рабіў на вока апэрацыю, атрымаў адтэрміноўку, затым паступіў у асьпірантуру, займаўся навукай», — кажа Свабодзе Аляксей Дзермант.
Пракамэнтаваць законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска суразмоўца ня змог: «Я знаходжуся ў адпачынку і крыху выпаў з кантэксту, не сачыў за гэтым абмеркаваньнем».
Лідэры БРСМ Дзьмітры Варанюк і Сяргей Клішэвіч у войску не служылі
Першы сакратар ЦК БРСМ Дзьмітры Варанюк нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, але, мяркуючы на біяграфіі на сайце, пераліку пасадаў у розных падразьдзяленьнях моладзевага саюзу, у войску не служыў. Пасьля заканчэньня Магілёўскага пэдунівэрсытэту ўзначаліў Ленінскі раённы камітэт БРСМ у Магілёве, потым кіраваў Магілёўскім абласным, Менскім абласным камітэтамі, вучыўся ў Акадэміі кіраваньня, а летась узначаліў ЦК БРСМ.
Лідэр Менскай гарадзкой арганізацыі БРСМ Сяргей Клішэвіч вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, у 21 год ачоліў ячэйку БДУ, у 24 гады стаў другім сакратаром ЦК БРСМ.
Атрымаць камэнтары ад першага сакратара ЦК БРСМ Дзьмітрыя Варанюка і кіраўніка Менскай гарадзкой арганізацыі Сяргея Клішэвіча ў пятніцу не ўдалося — яны «забясьпечвалі Эўрапейскія гульні».