У парадзе 3 ліпеня ў Менску возьмуць удзел расейскія стратэгічныя бамбавікі-ракетаносцы Ту-95МС, Ту-160 і Ту-22М3, баявыя верталёты Ка-52, франтавыя бамбавікі Су-34 і зьнішчальнікі Су-30СМ.
Пра гэта паведамляе беларускае Міністэрства абароны. Генэральную рэпэтыцыю над горадам прызначылі на 1 ліпеня.
У папярэднія два гады расейскія бамбавікі ў менскім парадзе ня ўдзельнічалі. Чаму іх запрасілі сёлета?
«Гэта ня проста парад, а парад, прысьвечаны юбілейнай даце, 75-годзьдзю апэрацыі „Баграціён“ і вызваленьню Менска», — адказаў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў.
У пешай калёне пройдуць вайскоўцы Кантэміраўскай танкавай дывізіі.
У складзе мэханізаванай калёны — расейскія апэратыўна-тактычны ракетны комплексы «Іскандэр» і бронетранспарцёры БТР-82А.
Агулам у парадзе 3 ліпеня возьмуць удзел 300 расейскіх вайскоўцаў.
Таксама запрасілі вайскоўцаў яшчэ зь сямі дзяржаў.
Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.
Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні).
Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.