Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая апублікавала ў Telegram-чаце праект зьменаў у правілы прызыву на тэрміновую вайсковую службу.
Як сьцьвярджае Ганна Канапацкая, праект быў унесены Саветам міністраў у тэрміновым парадку і разьлічаны на прыняцьце ў двух чытаньнях цягам бягучай сэсіі.
Законапраект прадугледжвае, што адтэрміноўку ад вайсковай службы будуць даваць толькі адзін раз для тых, хто вучыцца на вочнай форме адукацыі:
- сярэдняй спэцыяльнай,
- прафэсійна-тэхнічнай,
- першай ступені вышэйшай (бакаляўрыят).
Адтэрміноўкі ня будзе для навучаньня ў магістратуры або асьпірантуры (выключэньне — калі на навучаньне накіроўваюць дзяржаўныя органы).
За непраходжаньне вайсковай службы без законнай падставы зьбіраюцца адмаўляць у прыёме на дзяржаўную службу, у органы ўнутраных справаў, фінансавых расьсьледаваньняў і надзвычайных сытуацыяў.
Канапацкая ў камэнтары БелаПАН абурылася пасьпешлівасьцю, зь якой уносяць такія праўкі. Кажа, улады «перакладваюць праблемы», бо «гэта іхная праца — знайсьці прызыўніка».
Аляксандар Лукашэнка 26 студзеня праводзіў нараду з Саветам бясьпекі, дзе абмяркоўваў магчымыя зьмены ў правілах прызыву ў войска. Тады гучалі і іншыя прапановы:
- уключаць тэрміновую службу ў мінімальны страхавы стаж,
- у выпадку няяўкі ў ваенкамат забараняць выезд з краіны,
- студэнтам, якія адслужылі, даваць прыярытэт у атрыманьні жытла ў інтэрнаце.