Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы на менскім парадзе як прыкмета акупацыі


Апазыцыйныя палітыкі выказалі Радыё Свабода сваё стаўленьне да маштабнага ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе 9 траўня ў Менску.

Як заяўляюць у Міністэрстве абароны Беларусі, у сёлетнім парадзе на 9 траўня возьме ўдзел «рэкордная колькасьць расейскай тэхнікі». Амаль траціна вайсковай тэхнікі і асабовага складу будуць расейскія.

Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што такі маштабны ўдзел расейскіх вайскоўцаў у менскім парадзе выглядае як дэманстрацыя акупацыі.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

«Мне ўжо давялося бачыць гэтую тэхніку пад расейскімі сьцягамі, якая штодня захоплівае менскія вуліцы. І яшчэ на этапе так званых рэпэтыцыяў гэта выглядае як дэманстрацыя акупацыі: мы тут ёсьць з магутнай тэхнікай, якая разьбівае ваш менскі асфальт, і пад расейскімі сьцягамі — вось што яны кажуць нам. Такая беспрэцэдэнтная колькасьць тэхнікі і такое адкрытае дэфіляваньне пад іхнімі трыкалёрамі не абумоўлена ніякімі мэмарыяльнымі задачамі. Няма ніякай патрэбы ў штодзённых рэпэтыцыях і няма ніякай патрэбы ў такой колькасьці тэхнікі. Гэта дэманстрацыя вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі, гэта дэманстрацыя новай акупацыі», — падкрэсьлівае ён.

Вячорка таксама зьвяртае ўвагу на тое, што 234-ты Гвардзейскі Чарнаморскі дэсантна-штурмавы полк імя Аляксандра Неўскага, вайскоўцы якога будуць прымаць удзел у менскім парадзе, — гэта частка вядомай Пскоўскай дывізіі.

«Пскоўская дывізія брала ўдзел ва ўсіх імпэрскіх войнах Расеі апошніх гадоў (дзьве чачэнскія вайны, Паўднёвая Асэтыя), а камандзір гэтага палку — так званы герой расейскай агрэсіі супраць Грузіі: ён разбураў тэлевізійную вежу ў Горы. Ну, і ёсьць зьвесткі, што пскоўская дывізія брала ўдзел у агрэсіі супраць Украіны ў Данбасе. Інакш кажучы, нам прывезьлі зусім не паркетныя дэкаратыўныя вайсковыя часьці, а самы што ні на ёсьць канцэнтрат імпэрскай агрэсіўнай расейскай вайсковай машыны», — кажа ён.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец згодзен з такімі ацэнкамі ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у менскім парадзе:

«Да ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у менскім парадзе я стаўлюся адмоўна. Думаю, што Расея сапраўды адпрацоўвае перакідку вайсковай тэхнікі ў Беларусь, і, можа, нават на выпадак перавароту ці захопу накшталт крымскага. Таму для мяне гэта відавочны выклік незалежнасьці Беларусі, для мяне гэта адна з прыкметаў акупацыі. І, безумоўна, гледзячы на гэты парад, беларусам трэба рыхтавацца да абароны незалежнасьці».

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што калі і запрашаць замежных вайскоўцаў на парад 9 траўня, то гэта павінны быць вайскоўцы з розных краін, якія ваявалі супраць нацызму.

«Я лічу, што такая дамінацыя расейскай прысутнасьці выглядае абсалютна нелягічна. Калі Лукашэнка хацеў пашырыць колькасьць удзельнікаў параду за кошт краінаў, якія бралі ўдзел у антыгітлераўскай кааліцыі, варта было бы запрасіць усіх суседзяў, прынамсі, тых жа самых украінцаў, палякаў. Тут больш-менш прымальным уяўляецца крок, які скіраваны на запрашэньне амэрыканцаў. Зноў-такі на маю думку, калі адзначаць Дзень Перамогі, трэба адзначаць усім разам, а не паказваць, што асноўны і адзіны саюзнік Беларусі сёньня — выключна Расея».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG