З крытычным артыкулам пра Эўрапейскія гульні і Беларусь як іх арганізатара выступіла 22 чэрвеня папулярная нямецкая газэта Süddeutsche Zeitung. Матэрыял выйшаў пад загалоўкам «Прапагандысцкае сьвята для аўтарытарнага рэжыму», піша БелаПАН.
«У Менску пачынаюцца Эўрапейскія гульні, аднак пытаньняў да гэтай падзеі шмат», — піша выданьне.
Газэта нагадвае, што першапачаткова спаборніцтвы павінна была арганізаваць Галяндыя, але адмовілася ад гэтага з прычыны празьмерных расходаў. Гульні прыняў Менск, хоць праваабаронцы даўно крытыкуюць беларускі рэжым.
Аўтар прыводзіць гісторыю стадыёна «Дынама», умяшчальнасьць якога пасьля капітальнага рамонту паменшылася да 22 тысяч чалавек. «Але для беларускага аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, гэта была дастаткова вялікая заслона, каб адкрыць цяперашняе спартова-прапагандысцкае сьвята», — лічыць ён.
Süddeutsche Zeitung адзначае, што Эўрапейскія гульні прэтэндуюць на званьне міні- або кантынэнтальнай Алімпіяды, аднак праграма і ўзровень удзельнікаў вельмі розны. «У некаторых відах, як настольны тэніс, выступаюць найлепшыя прадстаўнікі Эўропы, паколькі гэты турнір кваліфікацыйны да Алімпіяды, у іншых — толькі акторы другога і трэцяга пляну, а адзін зь вядучых відаў спорту — плаваньне — адсутнічае наогул», — піша газэта.
Аўтар адзначае, што права арганізацыі першых і другіх гульняў у 2015-м і 2019 гадах Эўрапейскія алімпійскія камітэты аддавалі «толькі аўтарытарным і моцна крытыкаваным праваабаронцамі краінам» — Азэрбайджану і Беларусі.
«У такіх дзяржавах, як Беларусь, выдаткі на падобныя праекты наўрад ці адыгрываюць ролю, — лічыць нямецкае выданьне. — Гульні хоць і не выглядаюць шыкоўна, як у Баку чатыры гады таму, дзе капіталаўкладаньні дасягнулі мільярда, дакладную лічбу бюджэту мясцовыя арганізатары і Эўрапейскія алімпійскія камітэты не называюць; хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра трохзначную суму ў мільёнах».
«Беларускі рэжым не робіць таямніцы з матыву арганізацыі [гульняў]. Мерапрыемства заклікана зрабіць рэкляму для краіны і палепшыць [яе] імідж, як і папярэднія спаборніцтвы, напрыклад чэмпіянат сьвету ў хакеі ў 2014 годзе ці чэмпіянат сьвету (на самой справе Эўропы. — БелаПАН) у фігурным катаньні сёлета. Эўрапейскія гульні стануць найважнейшай грамадзка-палітычнай падзеяй у гісторыі сувэрэннай Беларусі, гэта значыць з 1990 году, — такія словы кажа Лукашэнка», — апісвае сытуацыю Süddeutsche Zeitung.
Са спасылкай на праваабаронцаў газэта адзначае, што ў апошнія гады ў Беларусі адбыліся касмэтычныя паляпшэньні ў сфэры правоў чалавека, але ўмовы для апазыцыі і СМІ «застаюцца катастрафічнымі». Беларусь — «адзіная краіна ў Эўропе, якая выконвае сьмяротныя прысуды», і незадоўга да Эўрапейскіх гульняў, «згодна з паведамленьнямі апазыцыйных груп», быў выкананы яшчэ адзін.