Толькі цырымонія адкрыцьця і закрыцьця Эўрагульняў будзе каштаваць 12 мільёнаў даляраў.
Эўрапейскія гульні, якія пройдуць у Беларусі сёлета ў чэрвені, павінны стаць галоўнай спартовай падзеяй году. Свабода паглядзела, колькі будзе каштаваць для Беларусі арганізацыя гэтых спаборніцтваў.
Адкрыцьцё і закрыцьцё за 12 мільёнаў даляраў
На цырымонію адкрыцьця і закрыцьця II Эўрапейскіх гульняў патрацяць 25 мільёнаў рублёў, або 12 мільёнаў даляраў. Гэта вынікае з тэндэра, разьмешчанага на сайце дзяржзакупак.
Тэндэр выйграла расейская кампанія «Арт-Сити-5», якую ўзначальвае расейскі артыст і кампазытар Ігар Круты.
На рахунку кампаніі такія праекты, як адкрыцьцё 7-х зімовых Азіяцкіх гульняў у Астане ў 2011 годзе, Усясьветная ўнівэрсіяда ў Казані ў 2013 годзе, чэмпіянат сьвету па водных відах спорту ў Казані ў 2015 годзе і некалькі творчых конкурсаў, паведамляе афіцыйны сайт Эўрагульняў.
Як кошт Эўрагульняў вырас з 30 мільёнаў даляраў да 72 мільёнаў
Зь бюджэту Беларусі на 2019 год вынікае, што фонд дырэкцыі Эўрагульняў атрымае 72 мільёны даляраў, або звыш 153 мільёнаў рублёў. На што канкрэтна пойдуць грошы, невядома.
Але яшчэ ў кастрычніку 2016 году тагачасны міністар спорту Аляксандар Шамко ацэньваў кошт Эўрагульняў у 30–40 мільёнаў даляраў. Пазьней Аляксандар Лукашэнка заяўляў пра 50 мільёнаў даляраў і казаў, што гэта «сьлёзы для краіны».
І гэта яшчэ ня ўсё
77 мільёнаў рублёў, або амаль 36 мільёнаў даляраў па сёньняшнім курсе, выдзеліў на Эўрагульні з прэзыдэнцкага фонду Аляксандар Лукашэнка. Гэта замацавана ва ўказе 315 за ягоным подпісам.
Грошы маюць пайсьці на капітальны і бягучы рамонт, добраўпарадкаваньне Палаца спорту, а таксама рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па вясьлярных відах спорту і па тэнісе. Яшчэ за гэтыя сродкі плянуецца падрыхтаваць спартыўныя аб’екты па месцы пражываньня ўдзельнікаў Эўрапейскіх гульняў і інтэрнаты для расьсяленьня часткі студэнтаў са «Студэнцкай вёскі».
Атрымліваецца, Эўрагульні будуць каштаваць ня менш за 107 мільёнаў даляраў. Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў дырэкцыю па правядзеньні Эўрагульняў, каб удакладніць канчатковы кошт гэтага мерапрыемства для Беларусі, але там адказалі, што «не валодаюць інфармацыяй».
Выдаткі на Эўрагульні ня ўлічваюць рэканструкцыі стадыёну «Дынама», дзе будуць адбывацца асноўныя спаборніцтвы. Як вядома, на рамонт менскай арэны было патрачана 150 мільёнаў даляраў — адно табло абышлося ў 1,5 мільёна.
Абутак за 48 тысяч даляраў і 5877 ложкаў для Студэнцкай вёскі
Як і падчас чэмпіянату сьвету па хакеі, аматарам гульняў прапануюць жыць у Студэнцкай вёсцы ў Менску. Дзеля гэтага БДУ закупляе 5877 ложкаў з матрацамі, што вынікае з тэндэру з сайту дзяржзакупак. Колькі будуць каштаваць ложкі, не паведамляецца.
Абутак і ўніформу для людзей, якія будуць арганізоўваць харчаваньне для ўдзельнікаў Эўрагульняў, закупяць за 103 тысячы рублёў, або 48 тысяч даляраў (усяго 21 камплект).
Павільён для арганізацыі харчаваньня ўдзельнікаў Эўрагульняў у Студэнцкай вёсцы будзе каштаваць як мінімум 241 тысячу даляраў, абсталяваньне закупляюць адразу па чатырох тэндэрах.
Афіцыйны бюджэт I Эўрагульняў у Баку быў 1,12 мільярда эўра. Беларускія ўлады адразу заяўлялі, што ў Беларусі абыдуцца сьціплейшай сумай.