Увечары 21 чэрвеня на стадыёне «Дынама» ў Менску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў.
Сьвята рыхтавалася некалькі месяцаў у абстаноўцы сакрэтнасьці. Гледачам, якія прысутнічалі на рэпэтыцыях, забаранялі здымаць фота і відэа, а таксама разгалошваць падрабязнасьці.
Пачалося з затрымкі. Напярэдадні гледачоў прасілі прыходзіць на «Дынама» загадзя, а 18-ай гадзіне. Пачатак цырымоніі на квітках быў прызначаны на 20.00. У выніку першыя вядучыя на стадыёне зьявіліся толькі а 21-й, а само мерапрыемства стартавала неўзабаве пасьля 22-й гадзіны. «Так атрымалася», — апраўдваліся валанцёры.
Пры гэтым значная частка гледачоў была на стадыёне ўжо адразу пасьля 18-й гадзіны, як і прасілі арганізатары. Некаторыя сыходзілі са сваіх месцаў, так і не дачакаўшыся пачатку імпрэзы.
Адным з асноўных рэжысэраў цырымоніі адкрыцьця гульняў стаў беларус Аляксандар Вавілаў. Ён падрыхтаваў аснову, зь якой пазьней працавалі расейцы з кампаніі кампазытара Ігара Крутога, якая выйграла тэндар. Цырымонія адкрыцьця складалася з 7 эпізодаў, кожны зь якіх быў прысьвечаны асобнай тэме з гісторыі і культуры Беларусі: Купальлю, старажытнай гісторыі, сярэднявеччу, сучаснасьці і іншым.
Прысутным паказвалі і цытавалі Ўсяслава Чарадзея, Францішка Скарыну, Льва Сапегу і іншых беларускіх гістарычных асобаў. Прычым месцамі цытавалі даволі рызыкоўна. Хто ведае, якія пачуцьці ў прысутнага на стадыёне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі магло вызваць выказваньне Сапегі пра тое, што кіраваць краінай павінна не адна асоба, а найперш закон.
Але абышлося без скандалу. Хіба што падчас узьняцьця дзяржаўнага чырвона-зялёнага сьцяга адбылася невялікая замінка. Палотнішча моцна заблыталася і ніяк не жадала ўрачыста лунаць падчас выкананьня дзяржаўнага гімну. Адмысловаму жаўнеру прыйшлося застацца пры ім на некалькі лішніх хвілінаў і ўласнаручна разблытваць.
Як і падчас сапраўдных Алімпійскіх гульняў, на «Дынама» правялі парад спартовых камандаў краін-удзельніц. Узначаліла яго паводле алімпійскай традыцыі Грэцыя, апошнімі выйшлі беларусы.
Гледачы віталі ўсіх, але найбольш (калі ня ўлічваць авацыяў для беларускай зборнай) расейцаў і ўкраінцаў. Зборная Косава, незалежнасьць якога Беларусь не прызнае, таксама ўдзельнічала ў парадзе. Спорт, калі і не заўсёды, але часам усё ж па-за палітыкай.
Авацыі сарваў кіраўнік эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Кацыянчыч, які вырашыў зьвярнуцца да прысутных на стадыёне гледачоў па-беларуску. Выйшла так сабе, але людзі намаганьні спадара Кацыянчыча ацанілі.
А вось кіраўнік Беларусі, адкрываючы гульні, выступаў па-расейску. Лукашэнка назваў спаборніцтвы самымі значнымі ў гісторыі краіны і пажадаў спартоўцам посьпеху.
Запаліць агонь над паходняй «Дынама» даверылі групе беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў — Дар’і Домрачавай, Надзеі Скардзіна, Анатолю Грышыну, Максіму Мірнаму і іншым.
Паводле арганізатараў цырымоніі адкрыцьця Эўрагульняў, стадыён быў запоўнены цалкам — усе 22 тысячы месцаў. Зь іх, паводле прыкладных ацэнак, 10-15% складалі замежнікі, якія прыехалі ў Менск адмыслова на цырымонію адкрыцьця. Агулам паводле стану на першы дзень ІІ Эўрапейскіх гульняў было прададзена каля 170 тысяч квіткоў, 20 тысяч зь якіх набылі замежныя грамадзяне.
ІІ Эўрапейскія гульні пройдуць У Менску і Заслаўі ад 21 да 30 чэрвеня. Увечары апошняга дня спаборніцтваў адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцьця. Яна таксама пройдзе на сталічным «Дынама».