Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінуў за паказуху перад Лукашэнкам. Гомельскі хімзавод ацаніў страту бацькамі сына ў 10 тысяч рублёў


Бацькі Кірыла Раманава
Бацькі Кірыла Раманава

33-гадовы жыхар Гомля Кірыла Раманаў загінуў на аўрале перад прыездам кіраўніка Беларусі. Ён працаваў кіроўцам ратавальнага атраду Гомельскага хімзаводу. У дзень сьмерці Кірылу і ягоных калегаў адправілі мыць кароўнікі, бо меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка.

Малады чалавек упаў з даху і загінуў. Хімзавод ня лічыць сябе вінаватым, адмаўляе бацькам у поўнай кампэнсацыі маральнай шкоды.

У лістападзе 2017 году Буда-Кашалёўскі раён рыхтаваўся да прыезду прэзыдэнта. У гаспадарках вяліся аўральныя працы.

«Навядзеньне парадку на зямлі. Менавіта гэта стала асноўным ляйтматывам рабочай паездкі прэзыдэнта ў Гомельскую вобласьць», — пісала газэта «СБ — Беларусь Сегодня» па выніках паездкі кіраўніка дзяржавы ў Буда-Кашалёўскі раён Кіроўцу-ратавальніку Кірылу Раманаву «навядзеньне парадку на зямлі» каштавала жыцьця.

Гаспадарка «Марозавічы-Агра» — структурнае падразьдзяленьне Гомельскага хімзаводу. Мыць дах кароўніка ў абавязкі Кірылы Раманава, кіроўцы ратавальнага атраду, не ўваходзіла. Але кіраўніцтва паслала на аўрал — мыць і фарбаваць дах кароўніка ў канцы лістапада. Ратавальнікі хімзаводу чысьцілі на тым даху сьветлавыя ліхтары — праёмы, закрытыя полікарбанатам. Кірыла наступіў на полікарбанат і ўпаў з вышыні 6,6 мэтра на бэтонную падлогу. Ён загінуў на месцы. Удавой засталася маладая жонка з двума малымі дзецьмі — трох і шасьці гадоў на той момант.

За мурзатых кароў — крымінальныя справы, за гібель чалавека — дысцыплінарнае спагнаньне

«Сын казаў, што ня мог адмовіцца ад працы, хоць яна і не ўваходзіць у ягоныя абавязкі. Бо, як і іншыя працоўныя, зьвязаны кантрактам, крэдытамі. Кіраўніцтва казала: каму што не падабаецца — вунь брамка», — кажа Ганна, маці Кірылы. Яна пераказвае словы сына, што «такога маразму яшчэ ня бачыў: адны фарбуюць дах — і гэта ў лістападзе, у туман і шэрань, другія насустрач ім мыюць дах».

Малады чалавек працаваў без страхоўкі. Потым інспэкцыя па працы будзе сьцьвярджаць, што пры невялікім ухіле даху страхоўка «не паложана». Камандзір ваенізаванага ратавальнага атраду кіраваў працамі праз тэлефон — сам ня быў на месцы.

«Кантролю не было, пра бясьпеку ніхто ня думаў. Хто загінуў — той і вінаваты ў парушэньні правілаў бясьпекі. Дакумэнты ўсе падчысьцілі, усё ў начальнікаў добра. Атрымалі за сьмерць сына дысцыплінарныя спагнаньні. Начальству трэба было выслужыцца», — кажа маці нябожчыка.

Яна дадае, што ў кіраўніцтва заводу — «нечалавечае стаўленьне да людзей».

«Калі прэзыдэнт убачыў у Магілёўскай вобласьці мурзатых кароў, то былі адразу заведзеныя крымінальныя справы, людзей трэба ў турму саджаць. А калі людзі гінуць — то ўсім абыякава. Трэба было кіраўніцтву яшчэ мэдалі даць», — абураецца Ганна.

«Дзеці растуць бяз таты. У нас іншага сына ня будзе»

Крымінальную справу пасьля гібелі Кірылы Раманава распачалі былі, але потым спынілі.

«Службовых асоб прызналі невінаватымі — маўляў, няма непасрэднай прычыннай сувязі паміж іх парушэньнямі ў ахове працы і сьмерцю Кірылы. Кіраўніцтва заводу на папярэднім сьледзтве тройчы зьмяняла свае паказаньні. Урэшце знайшлі дзірку ў заканадаўстве — што страхоўка „не паложана“, што ўхіл даху невялікі. Але дах быў мокры, і пры такіх умовах павінны быць прынятыя меры бясьпекі! Урэшце, тое, што не рабілася гадамі — ня чысьцілі той кароўнік, ня мылі ніколі — нельга зрабіць так, як начальства хацела, за адзін дзень», — кажа Іван Раманаў, бацька Кірылы.

Ён пасьля гібелі сына страціў здароўе — стаў інвалідам трэцяй групы. Моцна здала і маці. Кірыла быў іх надзеяй на старасьці. Цяпер бацькі засталіся бяз сына, дзеці — бяз бацькі.

«Я ваджу ўнучку ў музычную школу. Іншых дзяцей прыводзяць часам маладыя таты. У мяне сэрца крывёй абліваецца — мае ўнукі растуць бяз таты, мы страцілі сына. Іншага ў нас ня будзе», — кажа Ганна.

Бацькі падалі ў суд пазоў на Гомельскі хімзавод аб спагнаньні маральнай шкоды. 29 траўня суд Савецкага раёну задаволіў іх пазоў і пастанавіў спагнаць з прадпрыемства 50 тысяч рублёў на карысьць бацькоў. Хімзавод падаў апэляцыю — бо ня згодны ні са сваёй віной, ні з памерам маральнай шкоды.

Службовыя асобы палічылі памер маральнай школы «несправядлівым» і «значна завышаным». У апэляцыі яны назвалі «справядлівы» памер — 10 тысяч рублёў — і просяць суд зьмяніць рашэньне.

«Сын загінуў дзеля таго, каб каровам было сьветла?»

«Па тэлевізары паказваюць, што Беларусь — краіна для жыцьця. Для якога жыцьця і каму менавіта? Начальству? Гэта не краіна для жыцьця, а канцлягер, як казаў прэзыдэнт. Толькі не для кароў, а для людзей», — дадаў Іван.

Ён распавядае, як на судзе кіраўніцтва хімзаводу «адбівалася» ад патрабаваньня маральнай шкоды.

«Пералічвалі, што дапамаглі з пахаваньнем, помнікам, што дапамагалі матэрыяльна ўдаве і яе дзецям. Але гэтая дапамога прапісаная ў калектыўнай дамове прадпрыемства. Дапамагалі працаўнікі заводу, з заробку якіх вылічвалі грошы», — зьвяртае ўвагу Іван.

Ганна кажа: «Дзеля чаго загінуў мой сын? Дзеля таго, каб каровам было сьветла, а службовыя асобы выслужыліся і засталіся сядзець на сваіх цёплых месцах? Каб яны паказалі прэзыдэнту — вось якія мы харошыя? Я зразумела б, каб ён ратаваў людзей — бо працаваў у ратавальным атрадзе».

10 тысяч за чалавечае жыцьцё — разумна і справядліва?

Інтарэсы Івана Раманава прадстаўляў у судзе прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.

«У прынцыпе, суд першай інстанцыі, спаганяючы з хімзаводу 50 тысяч, зыходзіў з судовай практыкі па такіх справах. Патрабуючы ў апэляцыі зьменшыць памер маральнай шкоды ў пяць разоў, хімзавод паказвае ў першую чаргу сваю бессардэчнасьць. Шкода спаганяецца зь юрыдычнай асобы, а не з уласнай кішэні кіраўніцтва. Хіба 10 тысяч адпавядае прынцыпам разумнасьці і справядлівасьці?», — кажа праваабаронца.

Ён і сямʼя Раманавых будуць прасіць калегію абласнога суду пакінуць у сіле рашэньне першай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG