Трох супрацоўнікаў Скідзельскага цукровага камбінату суд накіраваў у калёнію агульнага рэжыму. Прысуд абвясьцілі ў судзе Горадзенскага раёну 22 красавіка.
Суд прызнаў трох фігурантаў справы вінаватымі ў службовай нядбайнасьці (артыкул 428 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Былому начальніку цэху пакаваньня цукру Ўладзімеру Малашэвічу суд прызначыў 5 гадоў пазбаўленьня волі, ягонаму намесьніку Сяргею Грушэўскаму — 4 гады, галоўнаму інжынэру заводу Ўладзімеру Губарэвічу — 5 гадоў калёніі.
Да таго ж, паводле прысуду, фігуранты ня могуць займаць пэўныя пасады цягам 5 гадоў.
Пракурор запрасіў для абвінавачаных да 5 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін паводле гэтага артыкулу. Падсудныя не прызналі сваёй віны і сьцьвярджалі, што спраўна выконвалі свае абавязкі. Некаторыя ўдзельнікі працэсу выказваліся, што ў сытуацыі можа быць вінаваты генэральны дырэктар цукровага камбінату Дзьмітры Ягораў, які дагэтуль займае сваю пасаду.
Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Грышын.
Тры фігуранты мусяць кампэнсаваць матэрыяльную шкоду, прынесеную цукроваму заводу падчас выбуху, у памеры больш за 560 тысяч рублёў. Адметна, што пасьля здарэньня іншыя прадпрыемствы аказалі спонсарскую дапамогу цукроваму камбінату ў памеры 378 тысяч рублёў на аднаўленьне пашкоджаных памяшканьняў.
Да таго ж, суд забавязаў Скідзельскі цукровы камбінат выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпелым: Ігару Кудзерку — больш за 30 тысяч рублёў, Маргарыце Паўшок —больш за 30 тысяч рублёў, Марыне Ўрбановіч — больш за 30 тысяч рублёў. Вядома, што пасьля выбуху пацярпелыя супрацоўнікі і іхнія сем'і атрымалі выплаты ад завода згодна з калектыўнай дамовай. Па інфармацыі Свабоды, гэта каля 45-50 тысяч даляраў.
Выбух здарыўся ў начную зьмену 25 лютага 2017 году. Успышка пылапаветранай сумесі адбылася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасаваньня. Сьцены цэху дэфармаваліся, былі пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.
У выніку пяць жанчын атрымалі апёкі больш як паловы цела і пашкоджаньні ўнутраных органаў. Чатыры жанчыны — Тацяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант — сканалі менш як празь месяц. Пятая, Марына Ўрбановіч, выжыла, але страціла працаздольнасьць.
Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.