Позна ўвечары 23 траўня ў шпіталі менскага сьледчага ізалятара памер 45-гадовы жыхар Ратамкі Андрэй Цярэшчанка. Ён хварэў на цукровы дыябэт.
«Дыягназ ня кажуць. Мне пазванілі толькі сёньня раніцай. Кажуць, што адкрылася кровацячэньне, адмовілі органы. Цела яшчэ ня выдалі. Пахаваньне заўтра», — паведаміла Свабодзе ўдава Андрэя Цярэшчанкі Алена.
У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС пацьвердзілі сьмерць Андрэя Цярэшчанкі. На пытаньне, ці прызначана праверка здарэньня, не адказалі.
15 траўня Алена Цярэшчанка паведаміла, што яе мужа Андрэя прывезьлі з жодзінскай турмы ў менскі турэмны шпіталь у СІЗА № 1. Лекары паабяцалі Алене, што за яе мужам будзе добры нагляд.
«Яшчэ нядаўна казалі, што яму стала лепей, што аналізы палепшыліся. Можа і так, але вось і ўсё», — плача ў слухаўку жанчына.
«На „Валадарцы“ сказалі, што цела на экспэртызе, а з дэпартамэнту ані слова, нават ніякага спачуваньня», — сказала Алена Цярэшчанка.
Андрэя Цярэшчанку ў лютым 2019 году асудзілі на 1,5 года за тое, што другі раз сеў нецьвярозым за руль. Алена кажа, што адміністрацыя жодзінскай турмы не магла ня ведаць, што яе муж быў хворы на дыябэт.
Комы ў турме лічылі імітацыяй
Паводле Алены, за 2 месяцы ў турме яе муж 7 разоў упадаў у кому. Пра першую кому ён расказаў у сакавіку падчас першага спатканьня, на якое яго «прывялі па сьценачцы».
«Сказаў, што быў у коме, што яму бывае вельмі дрэнна, а чаму, сам ня ведае. Я адразу пачала біць у званы, пісала ў пракуратуру, у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але мне адказвалі, што ўсё нармальна. А як прыехала да яго ў суботу, 11 траўня, — ён ужо ляжаў у турэмнай лякарні, ніякі».
Паводле Алены, дактары на ўсе пытаньні паўтаралі, што сказаць нічога ня могуць. А турэмнікі лічылі, што нібыта ён сам уводзіць сябе ў такі стан, маўляў, імітуе.
«Ну вось, даімітаваўся!» — абураецца Алена.
Удава зьбіраецца скардзіцца у пракуратуру
Пасьля пахаваньня мужа Алена зьбіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру на адміністрацыю турмы № 8, а таксама скардзіцца на судзьдзяў, якія разглядалі апэляцыю яе мужа і не замянілі цяжка хвораму чалавеку пакараньне на мякчэйшае.
«А гэтыя дабілі чалавека. У выніку — „справа Пцічкіна“ нумар два», — падсумавала Алена Цярэшчанка.
Сьмерць вязьня Ігара Пцічкіна
У 2013 годзе ў СІЗА № 1 Менску памёр вязень Ігар Пцічкін, які толькі пачаў адбываць 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў.
Там да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін — да моманту сьмерці.
Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.
У выніку фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў. Маці і сястры Пцічкіна выплацілі грашовую кампэнсацыю.