Вакаліста гурту Neuro Dubel Юрыя Навумава перавялі з рэанімацыі, куды ён трапіў 18 чэрвеня.
Пра гэта паведамляецца на старонцы гурта ў фэйсбуку.
Юры Навумаў трапіў у лякарню з трыма нажавымі раненьнямі ў жывот, паведамляе euroradio.fm. Яму зрабілі некалькі апэрацый, пагроза жыцьцю мінула.
Сьледчыя высьвятляюць абставіны атрыманьня нажавога раненьня Юрыем Навумавым. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу Сьледчага камітэту.
«Устаноўлена, што ў адной са сталічных кватэр на працягу некалькіх дзён мужчына і маладая пара расьпівалі сьпіртныя напоі. Днём 18 чэрвеня на нумар 103 зьвярнулася дзяўчына з просьбай прыехаць да яе ў кватэру для аказаньня мэдыцынскай дапамогі. Мэдыкамі ў музыкі было выяўлена нажавое раненьне ў вобласьці жывата, аказаная неабходная дапамога. Затым ён быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя, дзе працягвае знаходзіцца да гэтага часу», — паведамляе Сьледчы камітэт.
У ходзе сьледзтва Юрый Навумаў растлумачыў, што нажавое раненьне ён зрабіў сабе самастойна і на яго ніхто не нападаў.
Заведзена крымінальная справа паводле ч.1 арт. 147 (Наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня) КК. Цяпер сьледчыя праводзяць неабходныя працэсуальныя дзеяньні ў мэтах дакладнага высьвятленьня ўсіх абставінаў. На прадмет датычнасьці да злачынства правяраюцца 25-гадовы хлопец і 19-гадовая дзяўчына, якія пражываюць у кватэры.
46-гадовы Юры Навумаў — адзін з вакалістаў гурту. У Neuro Dubel ён прыйшоў у 1991 годзе, а пасьля сьмерці лідэра гурту Аляксандра Кулінковіча стаў адзіным фронтмэнам.
На 23 чэрвеня плянаваўся выступ Neuro Dubel на фэстывалі «Купальскае кола».
Раней паведамлялася, што сузаснавальнік «Ляпіса Трубяцкога», гітарыст Руслан Уладыка знаходзіцца ў коме пасьля верагоднага нападу. Ён расплюшчыў вочы, але стан па-ранейшаму цяжкі.