Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 заўзятых рыбачак пра сакрэты добрага ўлову і найвялікшыя дасягненьні

абноўлена

Зоя Анікейчык з мужам злавілі ў рацэ Прыпяць двухмэтровага сама вагой каля 50 кіляграмаў. 2010 год. Ілюстрацыйнае фота.
Зоя Анікейчык з мужам злавілі ў рацэ Прыпяць двухмэтровага сама вагой каля 50 кіляграмаў. 2010 год. Ілюстрацыйнае фота.

Ці становіцца рыбалка ўсё больш жаночай справай? Як ставяцца да жанчын з вудамі рыбакі? І ці залежыць улоў ад гендэру? Абмяркоўваюць заўзятыя рыбачкі —​ сьпявачка Надзея Мікуліч, праваабаронца, абаронца Курапатаў Алена Янушкоўская, мэнэджэрка Анастасія Варачаева, студэнтка Віта Брэк і музэйшчыца Даша Шэіна.

Сьцісла

  • Брэк: Мужчыны прыяжджаюць на рыбалку адпачыць ад сваіх жонак. Яны дзівіліся, як гэта жанчына і лепей ловіць.
  • Варачаева: Жанчыны раней меней лавілі рыбу, а цяпер з кожным днём усё больш рыбачак, бо ў іх больш часу зьявілася на хобі.
  • Мікуліч: У нас на лецішчы ёсьць свой ставочак, куды запусьцілі рыбу. І з задавальненьнем сядзім і рыбачым з мужам наперагонкі, хто болей зловіць.
  • Шэіна: Часам і хочацца пахваліцца, асабліва калі побач рыбачыць мужчына, а ў цябе ідзе клёў, а ў яго не. Хаця я гэтага звычайна не раблю.
  • Янушкоўская: Я аддаю перавагу зімовай лоўлі, для мяне гэта вялікае гора, калі не пасьпяваю трапіць на першы ці апошні лёд.

«Бацька браў на рыбалку, пачынаючы з дашкольнага ўзросту»

Ганна Соўсь: Я была моцна ўражаная, калі на маю просьбу ў Фэйсбуку падказаць заўзятых рыбачак, адгукнуліся дзясяткі людзей і параілі вялізарную колькасьць жанчын, якія захапляюцца рыбалкай. Як і калі вы сталі рыбачыць? Што гэта вам дае і як часта сядзіце з вудай?

Сьпявачка і рыбачка Надзея Мікуліч. Малюнак Анатоля Гармазы
Сьпявачка і рыбачка Надзея Мікуліч. Малюнак Анатоля Гармазы

Надзея Мікуліч: Гэта захапленьне зь дзяцінства. Мой тата браў мяне на рыбалку, пачынаючы з дашкольнага ўзросту. З начоўкай у шалашы. З тых часоў у мяне такая цяга, любоў да рыбалкі. Некалькі гадоў таму зь сяброўкай езьдзілі на Чорнае мора, узялі вуды і нават чарвякоў, таму што там іх вельмі цяжка знайсьці. Хаця марская рыба не клюе на чарвяка, але мы гэтага ня ведалі. У нас на лецішчы ёсьць свой ставочак, куды самі запусьцілі рыбу, і з задавальненьнем сядзім і рыбачым з мужам наперагонкі, хто болей зловіць.

«Калі лаўлю рыбу, найперш адпачываю душой ад працы, гораду, тлуму»

Анастасія Варачаева
Анастасія Варачаева

Анастасія Варачаева: Я рыбачу ўсё жыцьцё. Нават не магу згадаць, калі гэта пачалося, хто і дзе мяне навучыў. У нашай сям’і рыбачылі ўсе — абодва дзяды, бацька, два дзядзькі і нават маці. Я ўсё лета праводзіла ў намёце, таму што бацькі былі фанатычнымі турыстамі. Мы езьдзілі на азёры — Вішнеўскае, Сьвір, Вілейка, на рэчкі — Беразіна, Прыпяць, Нёман. Для мяне рыбалка — ня толькі хобі. Шчыра кажучы, ня вельмі таннае хобі, таму што калі выходзіш на больш-менш прафэсійны ўзровень, пачынаеш набываць добрыя вуды, прынаду, прывабкі, а гэта ўсё вельмі нямала ў нас каштуе. Гэта мой своеасаблівы escape (уцёкі — РС), такі дзэн. Калі лаўлю рыбу, я найперш адпачываю душой ад працы, гораду, тлуму. Чысьцяцца думкі. Летам кожныя выходныя выяжджаем з мужам, нават з бацькамі дагэтуль. Магу ў пятніцу пасьля працы выехаць, напрыклад, на Нёман і вярнуцца ў панядзелак раніцай на працу. Калі еду куды-небудзь адпачываць на мора, заўсёды набываю рыбалоўны тур. Летась лавіла тунца на Мальце.

«Я рыбу ня ем, мяне сам працэс захапляе»

Алена Янушкоўская
Алена Янушкоўская

Алена Янушкоўская: Пачала рыбачыць з раньняга дзяцінства, таму што нарадзілася на беразе Дзьвіны ў Віцебску. Мы ватагай бегалі рыбачыць з палкамі зь лёскай у палец таўшчынёй, і ўсё ў нас атрымлівалася. Потым быў Далёкі Ўсход, таксама рыбалка. А цяпер тут. Віцебшчына — край азёраў, практычна кожнае возера тут я ведаю. Рыбалка для мяне нават ня хобі, гэта адпачынак. Ты выяжджаеш на рыбалку і адключаесься ад усіх клопатаў, яднаесься з прыродай. Там рыба, а ты паляўнічы, драпежнік. Для мяне гэта адзіны спосаб у наш час вызваліцца ад усяго і адпачыць як сьлед. Мая маці, дзеці, сябры любяць рыбу, я ім аддаю, а сама рыбу ня ем. Ем толькі сушаную рыбу. Мяне сам працэс захапляе.

Улоў Алены Янушкоўскай
Улоў Алены Янушкоўскай

«Рыбалка вельмі падмацоўвае і мой фізычна стан»

Віта Брэк у дзяцінстве
Віта Брэк у дзяцінстве

Віта Брэк: Мой бацька рыбачыць усё жыцьцё, з маленства. Я была ягонай першай дачкой. Ведаю, што ён вельмі хацеў хлопчыка... Я пачала рыбачыць у пяць гадоў, але на рыбалку мяне вазілі яшчэ немаўляткай. Захаваліся некаторыя дзіцячыя фотаздымкі, дзе я сяджу з вудай, хаця яна цяжкая, трымаць немагчыма, але так я стала рыбачыць. Рыбалка вельмі падмацоўвае і мой фізычна стан, таму што досыць складана трымаць вуду, асабліва калі трапіць вялікая рыба і пачынаецца цэлае змаганьне. Цікава вывучаць прыроду, калі сядзіш на рыбалцы.

«Ты, вуда і возера»

Даша Шэіна
Даша Шэіна

Даша Шэіна: Рыбачу зь дзяцінства. Мой тата захапляецца рыбалкай. Ня ведаю, што больш падабалася — рыбачыць, ці праводзіць час з татам, тым ня менш я стала захапляцца гэтым больш актыўна. Зараз, на жаль, у мяне вельмі мала часу, але кожны раз, калі атрымліваецца быць на рацэ ці на возеры, і ў мяне ёсьць з сабой вуда, я карыстаюся момантам. Гэта хутчэй рэлаксацыя. Ёсьць і момант азарту, калі пайшла рыба. Але галоўнае, што гэта час, калі я магу пабыць у самоце, падумаць, паразважаць, калі нічога не перашкаджае. Ты, вуда і возера.

Ці адрозьніваюцца рыбакі ад рыбачак?

Ганна Соўсь: Пісьменьніца Сьвятлана Курс напісала ў Фэйсбуку, што «ў нашай вёсцы шаптуха рыбачыла. Мужыкі плотачку зловяць, а яна пяць ліноў. Чым падтрымлівала сваю рэпутацыю». А ці адрозьніваюцца рыбакі ад рыбачак? Калі так, то чым? Інакш ловяць, інакш чакаюць, інакш хваляцца ўловам... Ці гэта ўсё ад гендэру не залежыць?

Надзея Мікуліч
Надзея Мікуліч

Надзея Мікуліч: Я не смагу сказаць пра вялікую розьніцу паміж рыбакамі і рыбачкамі. Мой муж — не заўзяты рыбак, проста часам са мной ходзіць. Ловім аднолькава. У мяне неяк быў вялікі перапынак у рыбалцы і я адвыкла ад чарвячкоў. Мне было страшна дакрануцца, і муж мяне прывучаў занава да іх. А цяпер усё спакойна. Карацей, ніякіх хітрыкаў у яго няма. Усё як у мяне.

Даша Шэіна
Даша Шэіна

Даша Шэіна: Мне здаецца, ня вельмі залежыць. Хаця я не заўважала, каб рыбачкі занадта хваліліся асаблівымі ўловамі. Напэўна, для жанчын гэта ўнутранае захапленьне. Мужчыны звычайна дзеляцца колькі, чаго і як. Прынамсі мае знаёмыя рыбачкі больш гэта робяць для сябе. Часам і хочацца пахваліцца, асабліва калі побач рыбачыць мужчына, а ў цябе ідзе клёў, а ў яго не. Хаця я гэтага звычайна не раблю.

Анастасія Варачаева
Анастасія Варачаева

Анастасія Варачаева: Я думаю, што жанчыны больш хваляцца. Прынамсі я, бо ў Інстаграме можна пахваліцца. Пагаджуся з Надзеяй, што гэта ад гендэру не залежыць, асабліва стаўленьне да рыбалкі. Асаблівай розьніцы няма, калі ты ўмееш аналізаваць сытуацыю, думаць, вучыцца на сваіх памылках і чакаць, што самае галоўнае для рыбалкі. Ёсьць людзі больш і менш цярплівыя, але ад гендэру гэта не залежыць.

Алена Янушкоўская: Сама я не хвалюся, але маю вялізарнае задавальненьне. Няма ў рыбалцы падзелу на мужчын і жанчын. Прынамсі я так бачу. Рыбакі — гэта братэрства. Заўсёды падзеляцца паміж сабой, калі патрэбная нажыўка, снасьці, нечым дапамагчы. Табе нават лункі пракруцяць, калі паламаўся ці не ўзяла шнэк. Рыбакі ў прысутнасьці рыбачак паводзяць сябе больш сьціпла і ня лаюцца, як звычайна многія мужыкі ў жыцьці.

Алена Янушкоўская
Алена Янушкоўская

Пакуль рыбачак менш чым рыбакоў, але з кожным годам усё болей жанчын рыбачаць. Гэта надзвычайнае адчуваньне, калі ловіш рыбу, адчуваеш на кручку цяжар. Калі вялізарная рыба, гэта проста шалёны адрэналін і асалода. Калі сядзіш адна і назіраеш навокал, гэта цудоўна. Для мяне няма нічога лепшага за гэта. Людзі, якія паспрабавалі хоць раз вудзіць рыбу, няважна мужчыны ці жанчыны, усё роўна да гэтага вернуцца і будуць захапляцца.

Віта Брэк
Віта Брэк

Віта Брэк: Рыбакі і рыбачкі адрозьніваюцца. Адзін прыклад з майго досьведу. Мне было гадоў 14, і я прыехала на рыбалку першая, каб заняць месца, бо ў мужчынаў звычайна ажыятаж. Мужчыны прыяжджаюць на рыбалку адпачыць ад сваіх жонак. Я запыталася ў мужчыны, які сядзеў побач, ці нешта ловіцца. Ён сказаў, што, на жаль, нічога з учорашняга дня не ловіцца. Тут я закінула вуду і пачала цягаць адну за адной рыбу. Мужчына зрабіў вялікія вочы, зьдзівіўся, запытаўся, на што такое я лаўлю, што так клюе. І такія сытуацыі былі неаднаразова. Я магла налавіць цэлае вядро карасёў, а мужчыны побач 2-3 рыбы. І яны дзівіліся, як гэта жанчына і лепей ловіць. Мне падаецца, што ўсё залежыць ад нейкага шанцаваньня.

«Хлопцы-аднагодкі заўсёды моцна хваліліся, калі злавілі рыбу большую за маю»

Ганна Соўсь: Ці даводзілася вам сутыкацца з паблажлівым стаўленьнем да сябе заўзятых рыбаловаў, маўляў не жаночая справа?

Віта Брэк
Віта Брэк

Віта Брэк: Так. Казалі, як гэта так, хто цябе навучыў? Ці ты ж нічога не ўмееш. У дзяцінстве я спаборнічала з хлопцамі-аднагодкамі. Яны заўсёды вельмі моцна хваліліся, калі злавілі рыбу большую за маю, а мяне наадварот ахопліваў яшчэ большы азарт, і я кожны раз даказвала ім адваротнае, што мы на адным узроўні, што я магу вылавіць столькі ж рыбы, колькі яны.

Прыгатаваны ўлоў Дашы Шэінай
Прыгатаваны ўлоў Дашы Шэінай

Даша Шэіна: Каб на словах, то не. Часам бывае паглядзяць нібы хочуць сказаць: Ой, дзяўчынка прыйшла пабавіцца, давай раскручвай вуду, паглядзім. Але каб на словах, то не. Наадварот часта падтрымліваюць, прапануюць прынаду ці што яшчэ.

Надзея Мікуліч: Наадварот падыходзяць, цікавяцца, як клюе, як рыбка. Ніхто ніколі не сказаў, што не жаночая справа. Цяпер няма такога падзелу. Шмат жанчын бачу з вудамі. Прыемна, што ў нашых шэрагах прыбывае.

Анастасія Варачаева
Анастасія Варачаева

Анастасія Варачаева: Паблажліва адназначна ня ставіліся. Скептычна, можа быць. А калі нармалёвыя вуды і прынады, больш выказваюць зьдзіўленьне і павагу. Часта чую, калі кажуць, што іхнія жонкі ня любяць рыбу лавіць, і ім бы такую жонку. «О, дзевачка! Ваня, ідзі паглядзі, які ляшчы ў яе ў садку». Калі ходзіш у краму набываць нешта, то бачыш вялізныя вочы людзей, якія бачаць, што дзевачка прыходзіць і называе называе прафэсійныя назвы блешняў ці прывабак. Мне гэта вельмі падабаецца. З павагай ставяцца: дзевачка-рыбачка.

Жанчыны раней меней лавілі рыбу, а цяпер з кожным днём усё больш і больш пабачыш прафэсійных рыбаловак, таму што жанчыны сталі больш вольнымі, у іх больш часу зьявілася. Нават у пакаленьні маіх дзядоў і бацькоў мужчыны не маглі браць з сабой жанчын на рыбалку. А хто будзе сядзець зь дзецьмі? А сёньня ёсьць магчымасьць зьехаць куды-небудзь — лясы, рэчкі, азёры сталі ўсё больш даступнымі для беларусаў. І стаўленьне да прыроды, да нашых рэчак стала больш пазытыўным, таму людзі выбіраюць экалягічны адпачынак і едуць з намётамі лавіць рыбу. Выяжджаюць усімі семʼямі. Маленькія дзеці з маленства ўдзельнічаюць, вучацца, а потым перадаюць сваім дзецям.

«Я — аматарка зімовай рыбалкі, аддаю перавагу зімовай лоўлі»

Ганна Соўсь: А ці ходзіце вы на зімовую рыбалку? З маіх назіраньняў, пераважна мужчыны ёй захапляюцца.

Надзея Мікуліч
Надзея Мікуліч

Надзея Мікуліч: Ніколі ня буду займацца зімовай рыбалкай. Я на лёд баюся выйсьці. Холадна. Сядзець каля лункі — гэта не маё. Я лепей летам рыбачу, калі цёпла, калі птушкі сьпяваюць на лецішчы.

Алена Янушэўская: Я — аматарка зімовай рыбалкі, аддаю перавагу зімовай лоўлі, таму што я магу падыйсьці ў любое месца, паколькі ведаю ляндшафт многіх азёраў. Я магу прайсьці і па першаму, і па апошняму лёду. Цяпер у мяне часу малавата, і для мяне гэта вялікае гора, калі не пасьпяваю трапіць на першы ці апошні лёд. Першы лёд трышчыць, не прапускае, але ён трымае. Апошні лён больш небясьпечны. Я не рызыкую па-варʼяцку. Глядзіш таўшчыню лёду, робіш луначку, глядзіш і ідзеш. Вясной лёд становіцца іншым, рыхлым, ён не прагібаецца, а проста правальваецца. Было такое некалькі разоў, праўда, каля берагу. Ці калі льдзіну адносіць, і бераг пачынае таяць, бяжыш кілямэтраж, каб выйсьці на бераг. І такое здараецца.

Ганна Соўсь: Але жанчын меней усё ж на зімовай рыбалцы?

Алена Янушэўская: Не думаю, што менш. На нашыя азёры, Тапорына, Заронаўскае, шмат жанчын прыяжджае. Там сталыя рыбачкі, я ня бачу, каб іх стала меней. Наадварот, яны прывозяць сваіх дзяцей і нават унукаў, ізноў жа ўнучак, дзяўчынак. Гэта захапляльна і цікава. Проста амуніцыя дарагая, і трэба адзявацца цёпла. Трэба сагравацца і не сядзець увесь час. Я аддаю перавагу яшчэ і спартовай рыбалцы, на драпежную рыбу люблю паляваць, дык тым кручэньне лунак — вялікая фізычная праца.

Якую рыбалку апісаў бы Гэмінгуэй?

Ганна Соўсь: Калісьці Свабода рабіла матэрыял пра Зою і Валеру Анікейчыкаў, якія злавілі на Прыпяці аграмаднага двухмэтровага сама. Валер распавядаў: «Злавілі на "дарожку", на воблер, і змагаліся зь ім хвілінаў 40. Потым выцягнулі яго на пясчаны плёс і цягнулі зь берагу. Мэтраў за 15 ён сеў жыватом на мель і мы яго з жонкай цягнулі, як маглі, за галаву, за хвост. Злавіла яго жонка Зоя. Узялося ў яе». Маглі б вы згадаць з вашага досьведу найбольш яркі прыклад.

Надзея Мікуліч: Неяк была на гастролях у Сібіры разам з заслужанай артысткай Ганнай Рыжковай. Нас на маторнай лодцы завезьлі на нейкую вялікую раку, і я злавіла вялізарнага шчупака. Мне дапамагалі яго выцягнуць. Гэтую рыбу прынесьлі ў сталовую, і нам на абед прыгатавалі майго шчупака. Гэта была адзіная за ўсё маё жыцьцё вялікая рыба.

Быў аднойчы сьмешны выпадак. Стаялі зь сяброўка на Чорным моры з вудамі, да нас падышлі двое мужчын і пацікавіліся, на што мы ловім рыбу. Сяброўка кажа, што на чарвяка. «А дзе ўзялі?» «Зь Менску прывезьлі». Яны сышлі. На наступны дзень бачым гэтых мужчын з вудамі. Сяброўка пытаецца, на што яны ловяць. На сала, кажуць. Ці клюе, пытаемся. Ды не клюе, самі і лепей зьелі, а рыба не ясі сала.

«Я злавіла за пару гадзін 42 шчупакі»

Анастасія Варачаева
Анастасія Варачаева

Анастасія Варачаева: Найбольш цікавыя рыбалка была, калі мне было 15 ці 16 гадоў. У ліпені бацькі мяне высадзілі з лодкі на Прыпяці і паплылі. У мяне быў спінінг і адна блёсінка. Гэта была Старыца — старое русла ў рацэ. Было мала вады ў рацэ, і быў жор у шчупака. Я злавіла за дзьве гадзіны 42 шчупакі. Калі прыехалі бацькі, я не магла падняць гэты садок, каб пакласьці ў лодку. Усё што было жывое, мы выпусьцілі.

Магу таксама пахваліцца — нядаўна злавілі харыюса ў Нарачанцы. Ён знаходзіцца ў Чырвонай кнізе, таму мы яго выпусьцілі. Гэта вельмі моцная рыба. Гэта быў і экстрым, і захапленьне, бо рыба вельмі рэдкая і прыгожая. А самая вялікая мая рыба — сом 18 кіляграмаў, якога я злавіла на Прыпяці. Такія рыбы можна ў нас толькі там злавіць.

Даша Шэіна
Даша Шэіна

Даша Шэіна: Каб Гэмінгуэй мог апісаць, такога згадаць не магу. Калі мне было гадоў у 8-10, я паехала на вёску. Там была сажалка, у якой вадзіліся карасі, але ў мяне не было вуды. Аднак тата пакінуў некаторыя снасьці — паплаўкі... Мы пайшлі ў лес, выразалі арэшыну, якая адпавядала б памерам, была дастаткова доўгая, лёгкая і гнуткая, каб не зламалася. Навязалі да яе жалезку, прывязалі паплавок, груз і кручок, накапалі чарвякоў, і пасьля гэтага такія шчасьлівыя былі. Гэтая рыбалка патрабавала больш высілкаў, чым зараз, калі ў мяне ёсьць вуда, і можна нажыўку купіць у краме. А тады гэта быў экстрым, бо трэба было так рыхтавацца.

Віта Брэк: Аднойчы мы з бацькам і малодшай сястрой паехалі на рыбалку. Пакінулі бацьку на беразе, а самі ўзялі лодку, вуды, розныя прынады і паплылі. На сярэдзіне возера закінулі вуды. Размаўлялі зь сястрой, і тут яна падымае вуду і мы разумеем, што там штосьці вельмі вялікае і магутнае. Гэта быў велічэзны шчупак, мы бачылі рыбу больш за мэтар у даўжыню. Мы змагаліся зь ёй каля паловы гадзіны, але мой бацька ня мог дапамагчы, і рыба сышла. Больш ніколі такой рыбы не злавілі. Я стараюся лавіць больш для задавальненьня, а калі зловіцца дробная рыба, я яе адпускаю.

Алена Янушкоўская
Алена Янушкоўская

Алена Янушкоўская: У мяне гісторый шмат, як у любога рыбака. Канечне, Далёкі Ўсход не забываецца. Гэта корушка, селядзец зь лёду. А самую вялікую рыбу я вылавіла ў Віцебскім раёне на возеры Астраўно. Раней там былі каапэратыўныя сажалкі, потым яны разваліліся і рыба сышла ў возера. З платоў мы лавілі карпа, хаця я зусім не карпятніца (гэта было толькі аднойчы) і я злавіла 15-кіляграмовага карпа.

Маё ўлюблёнае возера — Заронава. Гэта мой боль. Заронава забруджваецца, туды шмат гадоў цяклі каналізацыйныя стокі са шматкватэрных дамоў. Праз мае намаганьні гэтыя стокі спынілі, але ачышчальныя прылады разбураныя. Гэта адбываецца паўсюдна. Азёры забруджваюцца, іх здаюць у арэнду невядома каму, і простаму рыбаку прыйсьці парыбачыць ужо не атрымліваецца. Гэта ня слушна, нельга так распараджацца нашымі рэсурсамі, нашым прыродным багацьцем, нельга людзей адлучаць ад таго, што яны рабілі спрадвеку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG