Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жан-Поль Сартр на рыбалцы


Андрэй Адамовіч
Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч, «Таўсьціла і лешч»; Вільня, Logvino literatūros namai, 2015.

Мінулай восеньню я правяла ў Вільні дзесяць шчасьлівых дзён, пішучы вершы ў рэзыдэнцыі маладога літаратара. Болей за ўсё мяне прываражыла Вільняле, я прабавіла ля яе шмат часу, брыняючы восеньскімі колерамі гэтай сьціплай рэчкі. Вохра позьняга сонца і шчымлівая іржа апалага лісьця, зелень вады і тужлівая карычневасьць аголенай глебы — яны нагадвалі мне ўлюбёную зь дзяцінства «Казку казак» Нарштэйна і тым вабілі ў сьвет паэзіі. Цікава, што ў адным з галоўных эпізодаў «Казкі казак», эпізодзе пра паэта, узьнікае рыба — вялікая загадкавая ўсьмешлівая рыбіна, што маячыць, пакалыхваецца на даляглядзе, займаючы сабою ўсю прастору, як намёк на штосьці важнае, як мосьцік туды, дзе адкрываецца сэнс, дзе вечнае дзяцінства і сьвятло, дзе няма ні старасьці, ні сьмерці. Мо гэтая рыбіна сапраўды стаяла ўвосень дзесьці там, над віленскай рэчкай, і наганяла хвастом натхненьня тым, хто ў яе верыць?

Рыбацкі досьвед я маю ня дужа вялікі, але магію працэсу мне спазнаць усё ж давялося

Дзе блукаў падчас свайго побыту ў Вільні Андрэй Адамовіч, я ня ведаю, аднак здарылася так, што ён быў наступным за мною рэзыдэнтам, і па ўсім відаць, яму акурат і ўдалося вылавіць тую рыбіну натхненьня. Менш чым за два тыдні ён напісаў навэлу «Таўсьціла і лешч», напісаў, відавочна, на адным дыханьні, бо чытаецца яна гэтак жа — лёгка, за адзін прысест, без падазрэньня на штучнасьць ці змушанасьць. Але пры гэтай лёгкаплыннасьці мы маем надзвычай важкі ўлоў — улоў, якім варта пахваліцца і падзяліцца.

Рыбацкі досьвед я маю ня дужа вялікі, але магію працэсу мне спазнаць усё ж давялося, таму, канешне, галоўная інтрыга кнігі, зьвязаная з лаўленьнем ляшча, была мною пражытая з усёй душашчымлівасьцю, пагатоў прапісаны сам працэс філігранна. Можна было б цэлы слоўнік рыбалоўных тэрмінаў скласьці на базе навэлы. З гэтага пункту гледжаньня кніга будзе цікавая і прафэсіяналам рыбнай лоўлі, і нэафітам.

днойчы нават звычайная рыбалка можа беспаваротна абярнуцца для вас напісаньнем выдатнай прозы, як гэта здарылася з Андрэем Адамовічам

Можна было б разгарнуць і немалое навуковае дасьледаваньне ўсіх алюзіяў, матываў, мастацкіх прыёмаў, бо начыньне для літаратуразнаўцаў там багатае. Напісаць пра абсурд і пра гратэск, пра постмадэрнісцкую іронію і інтэртэкстуальнасьць ці, напрыклад, пра пабудову сюжэту паводле клясычнай мадэлі чароўнай казкі, у якой прысутнічаюць тры героі: двое разумных, а трэці — дурань і няздара, над якім усе пасьмейваюцца і якому выпадае даказаць нарэшце сваю годнасьць і выбітнасьць. Але не пра гэта мне хочацца напісаць.
Твор прасякнуты шчырай бацькоўскай любоўю да сына. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсьць зварот да сына, добра прыхаваны рыбалоўнай фабулай.

А ўрэшце, падумалася мне, ці ня ўсё, што мы пішам, ёсьць насамрэч прыхаваным зваротам да нашых дзяцей? Як спроба апраўдацца, што мы, прынамсі, спрабавалі сфармуляваць тое, што фармулюецца так балюча і няўцямна, і даросласьць тут, вядома ж, ня мае ніякага значэньня.

Галоўнаму герою трэба даказаць, што ён чагосьці варты, што ён здольны дасягнуць мэты. І ён урэшце дакажа, так. Але нешта нібы муляе нам увесь час, нейкі скурны холад... І паступова пачынаеш цяміць, што ўся гэтая гонка за посьпехам, спробы штосьці камусьці даказаць — толькі прыкрыцьцё галоўнага чалавечага страху, страху сьмерці. Навэла наскрозь пранізаная экзыстэнцыйнай вусьцішшу. І наколькі б захапляльна, часта з гумарам, ні было пададзена напісанае, чытач пачынае здагадвацца, што справа зусім не ў рыбалцы, што рыбалка, як і ўсе іншыя чалавечыя рухі — усяго толькі адзін з варыянтаў забіць у сабе гэты страх і адцягнуць галоўнае пытаньне: навошта мы і што нам з сабой рабіць?

«Кант казаў, што трэба не рабіць зла іншым, але ён нічога не казаў пра тое, што трэба рабіць. Я цяпер зразумеў, што трэба адсоўваць сьмерць, боль і адчай. Але я ня ведаю, як гэта рабіць і ці магчыма гэта наогул.»
Ніякая «залатая рыбка», «залаты лешч», ня можа пазбавіць ад пачуцьця ўласнай бессэнсоўнасьці і канечнасьці. Тут не Гэмінгуэеў стары, што апынуўся перад велічным тварам марской стыхіі і адолеў яе. Там, нават страціўшы ўрэшце ўлоў, ён пачуваецца напрыканцы пераможцам, загартаваным і моцным. У «Таўсьціле» ж усё вывернута, бо наш герой знаходзіцца перад тварам той стыхіі, перад якой не бывае пераможцаў. Таму і рыбалоўнага катарсісу ў Максіма не адбываецца, а пачуцьцё перамогі нейкае кволае, несапраўднае і хутка мінае, хаця мэта нібыта і дасягнутая напоўніцу. Там, дзе мы чакалі кульмінацыі, кульмінацыі якраз і не адбываецца. Замест радасьці і ўрачыстасьці — спустошанасьць і абыякавасьць.

Але сьмерці больш няма. Табе раскажуць пра гэта ў школе. На гісторыі

Кульмінацыя адбудзецца неўзабаве, у маналёгу да сына — роспачным, шчымлівым і абсалютна бездапаможным. Такой бездапаможнай я сябе адчула аднойчы, калі мой сын, упершыню даведаўшыся пра сьмерць, у жаху расплакаўся і папрасіў мяне паабяцаць, што я ніколі не пастарэю і не памру. І я мусіла паабяцаць... А ён у сваю чаргу прыняў рашэньне прысьвяціць сябе вынаходніцтву эліксіру вечнага жыцьця, бо як жа так здарылася, што ніхто дагэтуль не вырабіў такую патрэбную рэч?!
Толькі напрыканцы навэлы мы разумеем, што Максімаў уяўны лешч — гэта туга па чымсьці большым, па тым самым эліксіры вечнага жыцьця, ці можна нават сказаць — туга па Богу, якога няма. «Максім згадаў ляшча, якога бачыў у сьне. Велічнага, падобнага да скалы, такога, што ён мог бы стаць прычынай веры ў сваё містычнае зьяўленьне ў сусьвеце, а ня быць плёнам камбінацыі амінакіслотаў. На такім ляшчы мог палягаць сэнс жыцьця. Такі лешч мог бы праглынуць любога, а выплюнуць у нейкім іншым сьвеце, дзе ніколі не заходзіць сонца й няма сьмерці. Але гэты лешч не існаваў, ён быў толькі плёнам сну, уласных Максімавых спадзяваньняў і фантазіяў». Дарэчы, ці не тая ж самая гэта рыбіна, што зьяўляецца і ў «Казцы казак»? Ці не пра тое ж яна маўчыць са сваёй спакойнай лагоднай усьмешкай?


Абняўшы малога, пакуль той сьпіць і ня чуе, Максім прамаўляе галоўнае: «А што, тата, праўда, што калісьці людзі паміралі? — запытаеш ты. — Так, — адкажу. — Вам яшчэ раскажуць у школе. Мог памерці і я, і дзядзька Віктар, і нават мама магла памерці. Шмат хто памёр. Тысячы й тысячы людзей памерлі без усялякага сэнсу. Проста таму, што нічога не маглі з гэтым зрабіць. Але сьмерці больш няма. Табе раскажуць пра гэта ў школе. На гісторыі. Ці як там гэта цяпер у вас называецца. А яшчэ людзі старэлі. Цяжка патлумачыць. Але валасы ў іх рабіліся белымі, а скура абвісала. Зубы вывальваліся і больш не расьлі. І на тое, каб дайсьці да тваёй школы, у старога мог сысьці цэлы дзень. Табе ўсё раскажуць. І ўсё гэта цябе зьдзівіць. Ты будзеш доўга абмяркоўваць гэта зь сябрамі. І пра ляшча ім таксама раскажаш. Раскажаш ім пра ўсё».
Сартрава «Млосьць» у творы наўпрост літаралізуецца: Максіма ўвесь час перасьледуе рыбны смурод, ад якога яго цягне на ваніты. І праз тое, што напрыканцы навэлы гэтая млосьць самым натуральным чынам знаходзіць сваё «выйсьце», папярэдняя патаснасьць нібыта здымаецца, але насамрэч няўтульнае адчуваньне пустэчы не зьнікае ад гэтага, а наадварот, толькі робіцца больш балючым і застаецца камяком у горле надоўга пасьля прачытаньня.

Цяпер, калі мы маем гісторыю пра «Таўсьцілу і ляшча», спадарам пісьменьнікам, выпраўляючыся рыбаліць, варта мець на ўвазе: аднойчы нават звычайная рыбалка можа беспаваротна абярнуцца для вас напісаньнем выдатнай прозы, як гэта здарылася з Андрэем Адамовічам. Будзем таемна спадзявацца, што здарыцца зь ім яшчэ ня раз.

Наста Кудасава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG