Напярэдадні апоўдні на левы бераг прыйшлі мясцовыя аматары рыбнай лоўлі, наклеілі на вопратку на сьпіне налепкі «Супраць арэнды р. Прыпяць» і закінулі вуды.
Сталага веку мазырчук, які назваўся Арсеньціем, тлумачыць:
«Арэнда гэтая, як і вайна, — горш не прыдумаеш. Трэба скасаваць усё гэта: увесь горад супраць. На Прыпяць ідуць і едуць адпачыць работнікі ці ня ўсіх прадпрыемстваў — сользаводу, НПЗ, будаўнічых трэстаў. Пэнсіянэры сядзяць з вудамі, нават васьмідзесяцігадовыя. А здадуць у арэнду — да ракі й не падступісься».
Налепкі супраць перадачы Прыпяці ў арэнду прымацоўвалі на сябе й маладыя гараджане.
Дваццацідвухгадовы Андрэй — сантэхнік, працуе на будоўлі. Тлумачыць, што аматарскай рыбалкай заняўся летась. Прыходзіць на Прыпяць, каб адпачыць:
«Нельга здаваць у арэнду. Нам кажуць, што пакінуць у межах гораду ўчастак і здаваць у арэнду ня будуць. Але ж гэта не ратуе сытуацыю, бо рыбаловаў-аматараў у Мазыры багата. Людзі выяжджаюць і за межы гораду. А вясковыя жыхары? Ім як прывыкнуць, што да Прыпяці бяз грошай нельга падысьці?».
Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Зялёны дазор» Павал Наздра кажа, што ў людзей няма грошай, каб аплачваць яшчэ й аматарскую рыбалку на Прыпяці. Для многіх рака — гэта яшчэ й магчымасьць выжыць у цяперашняй складанай эканамічнай сытуацыі.
«Мясцовыя ўлады цьвердзяць, што ў ракі павінен быць гаспадар, — кажа Наздра. — Але раку каля Мазыра перадавалі ўжо ў арэнду прадпрыемству водных шляхоў „Ніжняпрыпяцкае“. Таксама ледзь не залатыя горы абяцалі — і ўзнаўленьне рыбы будзе, і ўладкаваньне месцаў адпачынку. А яны нават браканьерствам займаліся. Пасьля прамысловага адлову аматару ў рацэ цяжка рыбіну злавіць — усё выграбалі. Не сакрэт, што многія людзі, у каго заробкі мізэрныя альбо іх наагул няма, харчуюцца з ракі й гэткім чынам выжываюць».
Адзін з рыбакоў, які прыехаў зь сябрамі ў нядзелю на левы бераг Прыпяці парыбачыць, зьдзіўляецца рашэньню ўладаў:
«Я разумею, калі ў арэнду здаюць возера ці які вадаём — яго можна зарыбіць, прасачыць, як узнаўляецца рыба. А тут плынь. Не разумею, як плаціць грошы толькі за тое, каб закінуць ў рэчку вуду? Няправільна гэта».
У Мазыры, як толькі даведаліся зь невялічкага паведамленьня ў мясцовай газэце пра здачу ў арэнду амаль ста кілямэтраў ракі, пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам у афіцыйныя органы.
«Каля пяці тысяч гараджанаў падпісаліся супраць перадачы ў арэнду Прыпяці, — паведаміў прадстаўнік пратэставага руху супрацьдзеяньня здачы ракі ў арэнду Дзьмітры Багачоў. — Накіравалі зварот у Мазырскі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам, у Адміністрацыю прэзыдэнта, у Генэральную пракуратуру. Удалося датэлефанавацца да міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Каўхуты. Адказаў нам пакуль толькі мясцовы райвыканкам, заявіўшы, што дзейнічае на даручэньне Гомельскага аблвыканкаму».
Суразмоўца дадае, што налепкі супраць здачы ў арэнду Прыпяці расходзяцца, як гарачыя піражкі — гараджане набываюць іх за грошы, прыклейваюць на задняе шкло сваіх аўтамабіляў.
Мазырчук Генадзь Самойлік стварыў адмысловую суполку «Рыбалка ў Мазыры» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», дзе інтэрнэт-карыстальнікі таксама не ўхваляюць рашэньня ўладаў.
Найпершым прэтэндэнтам на арэнду азначанага ўчастка Прыпяці і 302 гектараў пойменных азярын выступае Мазырская раённая арганізацыйная структура Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускага таварыства паляўнічых и рыбаловаў». Інфармацыя наконт гэтага зьмешчаная на сайце райвыканкаму і ў мясцовай афіцыйнай газэце. Названая і цана Прыпяці: 1 базавая велічыня (23 рублі) за кілямэтар вадацёку, 2 рублі 30 капеек за гектар пойменных азярын, 302 гектары якіх таксама перадаюць у арэнду.
Гараджане толькі дзіву даюцца: якім чынам арганізацыя, ня маючы сродкаў, будзе акультурваць Прыпяць?
Раку Прыпяць сталі дзяліць паміж арандатарамі яшчэ ў 2005 годзе, калі быў падпісаны ўказ № 580. І піянэрам у гэтай справе выступіла прыналежная да Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта экспэрымэнтальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы» — яна высокім дашчаным плотам аддзяліла жыхароў вёскі Дарашэвічы Петрыкаўскага раёну ад Прыпяці дзеля арганізацыі турыстычнага комплексу.
Неўзабаве Петрыкаўскі райвыканкам перадаў у арэнду 23 кілямэтры Прыпяці і 555 гектараў вадаёмаў таварыству з абмежаванай адказнасьцю «Аграрна-турыстычная паляўніча-рыбалоўная гаспадарка «Тарока». Цяпер гаспадарка прапануе палешукам аднаразовую аматарскую рыбалку за 18 рублёў.