Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся 14 чэрвеня ў Вільні зь міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам, расказала БелаПАН сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова.
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі БХД, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі «Зялёныя» і руху «За свабоду».
Літоўскаму міністру расказалі пра будучыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі і заявілі аб неабходнасьці прысутнасьці на іх міжнароднай місіі АБСЭ. Таксама гаворка ішла пра пагрозу сувэрэнітэту Беларусі і інтэграцыю з Расеяй, а таксама пра спрашчэньне візавага рэжыму між Беларусьсю і Эўразьвязам.
Кавалькова сьцьвярджае, што літоўскія чыноўнікі не хацелі дзяліцца зьвесткамі пра дэталі візавага пагадненьня і перашкоды яго падпісаньню. Яна выказала меркаваньне, што працэс падпісаньня можа зацягвацца праз пазыцыю літоўскіх чыноўнікаў адносна небясьпекі будаўніцтва БелАЭС.
Яна таксама адзначыла, што «для Лінкявічуса стала адкрыцьцём неабходнасьць плаціць за магчымасьць правядзеньня мірных сходаў, паколькі Беларусь падае гэта Захаду як лібэралізацыю заканадаўства».
Лінкявічус, як піша літоўскае МЗС, выказаў занепакоенасьць Літвы з нагоды адсутнасьці паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека і сыстэматычнымі парушэньнямі грамадзянскіх свабодаў у Беларусі. Ён заявіў, што «Літве важная будучыня Беларусі як незалежнай і дэмакратычнай краіны, якая паважае правы чалавека і якая забясьпечвае вяршэнства закону», а таксама дадаў, што пазыцыя Літвы па БелАЭС застаецца нязьменнай.