Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Давялі да жабрацтва празь БелАЭС». Рабочыя «Гомельпрамбуду» зьвярнуліся ў пракуратуру


Работнікі філіялу Ўпраўленьня будаўнічай індустрыі і камплектацыі ААТ «Гомельпрамбуд»
Работнікі філіялу Ўпраўленьня будаўнічай індустрыі і камплектацыі ААТ «Гомельпрамбуд»

Работнікі філіялу Ўпраўленьня будаўнічай індустрыі і камплектацыі ААТ «Гомельпрамбуд» дагэтуль не атрымалі красавіцкага заробку. «Нам налічылі за красавік прыкладна па 400 рублёў. Але і гэтых капеек мы пакуль у вочы ня бачылі», — кажа стропальнік Павал Главацкі.

6 чэрвеня работнікі ўпраўленьня накіравалі калектыўны зварот у пракуратуру Гомля. Яны просяць:

  • правесьці праверку па факце нявыплаты заробку;
  • разабрацца з прычынамі нявыплаты — бо «кіраўніцтва „Гомельпрамбуду“ матывуе нявыплату фінансавымі стратамі пры будаўніцтве Беларускай АЭС і горнаўзбагачальнага камбінату ў Туркмэністане»;
  • даць прававую ацэнку дзеяньням службовых асоб «Гомельпрамбуду», а таксама ўраду і прэзыдэнта.

«Усё вельмі сумна на нашым прадпрыемстве»

Павал Главацкі робіць ва ўпраўленьні будаўнічай індустрыі і камплектацыі «Гомельпрамбуду» за стропальніка. Яны з калегамі стаміліся ад абяцаньняў кіраўніцтва выплаціць заробак «заўтра-пасьлязаўтра».

Павал Главацкі
Павал Главацкі

«Кіраўніцтва тлумачыць нам, што прадпрыемства мае вялікія фінансавыя страты — мільярдныя. І ні наш наймальнік, ні чыноўнікі ня могуць даць рады ў гэтай сытуацыі. Усё вельмі сумна на нашым прадпрыемстве», — кажа Павал.

Паводле Паўла, пасьпяховае некалі прадпрыемства, «будаўнічы гігант», займела фінансавыя праблемы каля чатырох гадоў таму.

«Наша кіраўніцтва не дае рады сваім абавязкам. Яны мусяць шукаць аб’ёмы работ і забясьпечыць нас. Што мы бачым? За год на „Гомельпрамбудзе“ зьмяніліся тры генэральныя дырэктары. Апошняя, Тацяна Сусла, таксама сышла, як і кіраўніцтва нашага ўпраўленьня. Карабель наш тоне, а яны зь яго ўцякаюць. Звычайна капітан апошні пакідае карабель, у нас — наадварот», — дадае стропальнік.

Ён спадзяецца, што пракуратура дапаможа спагнаць з прадпрыемства «наш жабрацкі заробак». У Паўла трое дзяцей. Ён пакуль не сплаціў камунальныя — няма грошай.

«Гомельпрамбуд» стаў жабраком празь Беларускую АЭС?

Павал лічыць, што ў фінансавую яму прадпрыемства загнала будаваньне па дзяржаўнай праграме Беларускай АЭС у Астраўцы («Гомельмпрамбуд» — адзін з падрадчыкаў) і горнаўзбагачальнага камбінату ў Туркмэністане.

«Гэтыя дзьве будоўлі загналі наша прадпрыемства ў калясальныя страты. АЭС будуюць па заданьні ўраду і прэзыдэнта, гэта дзяржаўная замова», — кажа Павал.

Юры Апякун робіць на прадпрыемстве 10 год электрагазазваршчыкам.

Юры Апякун (зьлева)
Юры Апякун (зьлева)

«Давялі яны нас да жабрацтва. Не ўпершыню такая сытуацыя. Мы ня хочам, каб гэта стала сыстэмай, таму напісалі ў пракуратуру. Мы ўсімі кінутыя, з намі ніхто ня лічыцца. Усе свае памылкі кіраўніцтва закрывае нашымі заробкамі», — кажа Юры.

Ён зьдзіўляецца: вытворчыя памяшканьні «Гомельпрамбуду» арандуюць прыватныя прадпрыемствы, і там праца кіпіць, заробкі нармальныя. «Прыватнікі нас клічуць да сябе. Палова нашых ужо да іх перайшла. А наша кіраўніцтва ніяк ня можа наладзіць вытворчасьць», — кажа электрагазазваршчык.

Васіль Максіменка працуе на «Гомельпрамбудзе» з 1985 году.

Васіль Максіменка
Васіль Максіменка

«Але такога бардаку яшчэ ня бачыў! Быў развал Савецкага Саюзу, перабудова, 90-я, рознае было. Але горш, чым цяпер — не было», — кажа Васіль. У яго праблемы з нагамі — «дапрацаваўся», заробку ў 400 рублёў ледзьве хапае на лекі.

«Кіраўніцтва лічыць сябе вышэйшай кастай, а работнікі для іх — ніхто», — кажа Васіль.

Неўзабаве да групы работнікаў, якія гутарылі з журналістамі ў перапынку на абед, падышоў невядомы супрацоўнік «Гомельпрамбуду» і пачаў пагражаць Паўлу Главацкаму. «Ты што тут — самы галоўны? Самы разумны? Я табе пастаўлю сёньня палову рабочага дня!» — крычаў невядомы.

Пра запазычанасьць ведаюць «усе ў краіне»

Прадпрыемства «Гомельмпрамбуд»
Прадпрыемства «Гомельмпрамбуд»

​На прадпрыемстве «Гомельмпрамбуд» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што сёньня выплацілі па сто рублёў кожнаму працуючаму і непрацуючаму работніку.

«Што будзе заўтра — я вам не скажу, я ня ведаю. Бо няма грошай, з намі не разьлічыліся заказчыкі. Невядома, чаму яны не аддалі даўгі за 2013 год, за 2010 год. Мы набудавалі. Гарлык (мястэчка ў Туркмэністане, дзе „Гомельмпрамбуд“ будаваў горнаўзбагачальны камбінат. — РС) усё нам памяшаў...

Запазычанасьць па заробках за красавік на сёньня застаецца яшчэ на ўзроўні 800 тысяч рублёў. За травень заробак яшчэ не налічвалі», — сказалі на прадпрыемстве.

Як дадалі на «Гомельпрамбудзе», пра гэтую запазычанасьць па заробках на прадпрыемстве ведаюць «усе ў краіне».

«Усе пытаньні трэба вырашаць зь першымі асобамі нашай арганізацыі і з вобласьцю. Я ня ведаю, што прымуць на ўзроўні Савету Міністраў і вобласьці», — сказалі ў фінансавай службе прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG