11 чэрвеня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачалі судзіць былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Сяргея Раўнейку, паведаміў Tut.by.
У Вярхоўным судзе пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Раней з адказу Вярхоўнага суду журналістам стала вядома, што працэс над Сяргеем Раўнекам будзе закрытым, бо ў матэрыялах справы ёсьць дзяржаўныя сакрэты.
Сяргей Раўнейка быў затрыманы ў траўні 2018 году. У паведамленьні КДБ пра затрыманьне экс-памочніка Лукашэнкі сьцьвярджалася, што чыноўнік атрымаў хабар у 200 тысяч даляраў. Неўзабаве пасьля гэтага справу Раўнейкі пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка:
«Гэта ўжо нахабнік найвышэйшай ступені. Пад час перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Апэрацыя рыхтавалася, яна была санкцыянаваная мной. Я папярэджваў: дараваньня ня будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва, хто памочнік прэзыдэнта. Тыя, хто побач, адкажуць больш, чым хто», — сказаў Лукашэнка пра справу Раўнейкі.
Як таксама сказаў Аляксандар Лукашэнка, гэта ён зацікавіўся тым, адкуль у набліжанага да яго чыноўніка ў дэклярацыі аб даходах у ліку маёмасьці «аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка».
Памочнікам па Горадзенскай вобласьці Сяргей Раўнейка быў прызначаны у 2015 годзе. Пад пільную ўвагу праваахоўнікаў экс-чыноўнік трапіў у 2016 годзе. За хабар у асабліва вялікім памеры цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.