Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Недапушчальна прызначаць міністра з такіх структур, як унутраныя войскі». Экспэрты пра Караева


Юры Караеў
Юры Караеў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў міністрам унутраных спраў Юрыя Караева, які раней быў намесьнікам міністра, камандуючым унутранымі войскамі, кіраваў рознымі спэцбрыгадамі. Ці памяняецца нешта зь ягоным прызначэньнем?

«Няма спадзяваньняў, што міліцыя стане больш дэмакратычнай»

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб кажа, што зьняцьцё з пасады Ігара Шуневіча — гэта «відавочная і недабраякасная гульня».

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Бо яго запрашалі, каб абмеркаваць пытаньне, як вырашаць справу па Эўрапейскіх гульнях у Менску, а гэта вялікая задача і адказнасьць. Абмеркавалі, з усім пагадзіліся. А потым ён выходзіць да карэспандэнтаў і кажа, што напісаў рапарт аб адстаўцы.

Адстаўка Шуневіча была прадвырашаная. Там маглі быць больш сур’ёзныя пытаньні. Бо на МУС ускладаецца вялікая адказнасьць за бясьпеку пры правядзеньні Эўрапейскіх гульняў. І калі да іх застаецца адзін тыдзень, мяняць міністра ня вельмі разумна. Але ж зьмянілі. Таму, відаць, там ня вельмі простыя пытаньні».

Паводле Грыба, ад прызначэньня Юрыя Караева «нічога новага чакаць не даводзіцца, бо не міністар вырашае гэтыя пытаньні».

«Ён паднявольны чалавек, як і ўвесь склад ураду. Нібыта ён ёсьць, і быццам яго няма. Калі некага трэба адлупіць — адлупяць, калі некага трэба зьняць — здымуць. Што ад яго чакаць? У мяне няма вялікіх спадзяваньняў, што нешта зьменіцца, што міліцыя стане больш дэмакратычнай».

«Прызначэньне па прыкмеце асабістай адданасьці елбасы»

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвяртае ўвагу, што апошнія 20 гадоў кіраўнікі МУС не былі выхадцамі зь Беларусі.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Гэта паказвае пэўную тэндэнцыю, што Лукашэнка не давярае ўраджэнцам Беларусі. Бо для яго гэта ключавая пасада ў выпадку нейкіх крытычных сытуацый. Ён упэўнены ў тым, што яны будуць больш безаглядна выконваць ягоныя загады.

Урэшце, 2006 год, калі міністрам быў Навумаў, і 2010-ы, калі быў Куляшоў, выдатна паказалі, што яны выконвалі самыя брудныя загады, разганяючы мірныя масавыя акцыі, душачы апазыцыю.

Таму Караеў у гэтым шэрагу — лягічная асоба. На жаль, прызначэньне адбываецца не па прафэсійных якасьцях, а па прыкмеце асабістай адданасьці елбасы. Я перакананы, што само міністэрства патрабуе радыкальных трансфармацый, на якія ўсе гэтыя кадры на сёньняшні дзень ня здольныя».

«Гэта яшчэ большы акцэнт на карны характар МУС»

Паводле былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, у краіне такая тэндэнцыя, што «кожны новы міністар горшы за папярэдняга».

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Задачай усіх міністраў стаіць не праваахоўная дзейнасьць, а карная. І прызначэньне выхадца з унутраных войскаў — гэта яшчэ большы акцэнт на карны характар МУС.

Пабачым — магчыма, я памыляюся. Але лічу недапушчальным прызначаць міністра з такіх структур, як унутраныя войскі.

Я думаю, гэта павінен быць прафэсіянал, які выразна ўсьведамляе, што законна, а што незаконна і што перавышае яго паўнамоцтвы. З гэтым былі праблемы ў Шуневіча — і баюся, што яшчэ большыя будуць у Караева: з успрыманьнем законнасьці, Канстытуцыі, правоў грамадзянаў».

Паводле Казлова, прызначэньне Караева зьвязанае з тым, што кіраўнік краіны «хвалюецца, што цярпеньне грамадзянаў заканчваецца».

«Мяне палохаюць людзі, якія становяцца міністрамі з унутраных войскаў. Не хацелася б, каб наша краіна ператварылася ў вялікую зону. Яна і так яе нагадвае. А з гэтым прызначэньнем нейкі дадатковы штрых.

Выхадзец з унутраных войскаў, які вучыўся, напэўна, на канваіра, улічваючы яго сілавую накіраванасьць, жаданьне ўзмацніць дысцыпліну, — гэта палохае. Сытуацыя ўнутры міліцэйскіх калектываў і без таго жахлівая. А цяпер я нават не ўяўляю. Напэўна, усе ператворацца ў полк АМАПу».

Юры Хаджымуратавіч Караеў нарадзіўся ў 1966 годзе ў Расеі.

Навучаўся ў Саратаўскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні МУС СССР, затым у Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1987–1992 гадах служыў у 43-й канвойнай дывізіі ўнутраных войскаў МУС СССР (зь яе пазьней былі сфармаваныя ўнутраныя войскі Беларусі).

У розныя гады камандаваў навучальнай ротай і навучальным батальёнам вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 (спэцназ), старшым афіцэрам службы апэратыўнага рэагаваньня і баявой падрыхтоўкі ў Генштабе ўнутраных войскаў, камандаваў вайсковымі часткамі 5527 і 5522, палком менскага спэцназу, вайсковай часткай спэцназу. Узначаліў унутраныя войскі 26 сьнежня 2012 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG